Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод вірусныя гепатыты забіраюць каля 1,3 мільёна жыццяў, або 3,5 тысячы штодня. Захворванне можа справакаваць не адзін вірус, а цэлая іх група: А, В, С, D, Е і інш. Гепатыты А і Е называюць «хваробай брудных рук», яны, як правіла, больш лёгкія і не пераходзяць у хранічныя формы. А вось самымі небяспечнымі лічацца вірусы В і С. Яны могуць бессімптомна працякаць гадамі.
Прыклад для еўрапейскага рэгіёна
У Беларусі захваральнасць на гепатыты паступова зніжаецца. Летась яна зменшылася на 30 % у параўнанні з 2023-м. І ў гэтым кірунку, як адзначыў прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей ДЫЯРДЗІЦА, наша краіна мае істотныя дасягненні.
— Беларусь з’яўляецца прыкладам для еўрапейскага рэгіёна, бо праводзяцца маштабныя работы па імунізацыі: 97-98 % дзяцей атрымліваюць вакцыну, яна ўводзіцца адразу пасля нараджэння, а калі пасля малое атрымлівае яшчэ тры дозы, гэта гарантуе амаль стапрацэнтную абарону ад заражэння гепатытам В. У 2022 годзе Міністэрства аховы здароўя пры падтрымцы СААЗ праводзіла нацыянальнае сералагічнае даследаванне, якое паказала, што гепатыт В у дзяцей, якія нарадзіліся пасля пачатку вакцынацыі, амаль ліквідаваны, — паведаміў прадстаўнік СААЗ, дадаўшы, што арганізацыя падтрымлівае нашу краіну ў атрыманні рэкамендацый, навучанні спецыялістаў, абмене вопытам.
Як падкрэсліла загадчыца аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына ГЛІНСКАЯ, у сістэме аховы здароўя Беларусі няма перашкод, якія б абцяжарвалі папярэджанне гепатытаў і іх раннюю дыягностыку. Створаны ўсе ўмовы, каб кожны чалавек мог звярнуцца ў любую арганізацыю аховы здароўя і прайсці скрынінгавыя абследаванні на гепатыты. Пры атрыманні станоўчых вынікаў пацыента накіруюць на ўдакладняльнае абследаванне і, у выпадку пацвярджэння дыягназу, прызначаць лячэнне.
Прышчэпкі, абследаванні
Гэта тое, што дазваляе засцерагчыся ад заражэння гепатытам. У прыватнасці, супраць гепатыту В існуе эфектыўная вакцына. Яна з’явілася дастаткова даўно: выкарыстоўваецца ў Беларусі з 1996 года, а з 2000-га ўвайшла ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Тактыка вакцынацыі на працягу гэтага перыяду мянялася. Такім чынам, у Беларусі людзі ва ўзросце да 25 — нават 30 — гадоў прайшлі вакцынацыю і абаронены.
— Гэта значыць, яны атрымалі ў розныя перыяды свайго жыцця вакцынацыю, якая стварае абарону на працяглы перыяд — 20 гадоў і больш. Таму выпадкаў захворвання на гепатыт В у гэтай узроставай катэгорыі практычна не рэгіструецца, — адзначыла Ірына Глінская.
Найлепшыя вынікі вакцынацыі сярод дзяцей. Калі ў давакцынальны перыяд сярод дзяцей да 14 гадоў узнікала больш за 100 выпадкаў гепатыту В у год, то сёння заражэнняў у гэтай узроставай катэгорыі ўвогуле няма. Прышчэпку ад гепатыту В па эпідэмічных паказаннях могуць зрабіць і дарослым з груп рызыкі заражэння гепатытам В. Гэта медыцынскія работнікі, асобы, якія кантактуюць, у тым ліку ў быце, з пацыентамі з хранічным гепатытам В. Дарэчы, з 2025 года гэты пералік пашырыўся за кошт асобных груп, якія маюць павышаныя рызыкі заражэння, у прыватнасці за кошт сексуальных кантактаў, іншых рызыкоўных форм паводзін.
Што датычыцца гепатыту С, існуе яго эфектыўнае лячэнне. У арсенале медыкаў ёсць прэпараты прамога дзеяння, якія маюць эфектыўнасць каля 95 %.