Top.Mail.Ru

Генпракурор: расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа працягваецца

На сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі аб стане спраў дакладваў генеральны пракурор Андрэй Швед. Адкрываючы сумеснае пасяджэнне, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў: «У бягучым годзе наша краіна адзначае знакавую падзею — 80-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Генеральная пракуратура ўносіць важкі ўклад у захаванне гістарычнай памяці аб подзвігу нашых продкаў, у работу па процідзеянні экстрэмізму і нацызму. Вядзецца расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Выяўлены многія факты, якія паказваюць, што маштаб трагедыі ад зверстваў фашыстаў значна большы, чым можна было ўявіць». Факталагічныя матэрыялы, атрыманыя падчас расследаванняў крымінальнай справы, леглі ў аснову шэрагу падрыхтаваных Генеральнай пракуратурай інфармацыйных праектаў, выданняў і фільмаў, падкрэсліў спікер. «Гэтыя і іншыя матэрыялы выкарыстоўваюцца дэпутацкім корпусам пры правядзенні інфармацыйна-тлумачальных мерапрыемстваў, ідэалагічнай работы з выбаршчыкамі, у першую чаргу з моладдзю», — сказаў Ігар Сергяенка.


Захаванне памяці і прыцягненне да адказнасці

У сваім дакладзе Андрэй Швед паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа працягваецца. «Наша задача — атрымаць доказы кожнага факту знішчэння населеных пунктаў, устанавіць асобу карнікаў і знішчаных імі людзей, — падкрэсліў кіраўнік ведамства. — З гэтай мэтай праводзіцца карпатлівая праца па фіксацыі інфармацыі ад відавочцаў тых падзей, іх сваякоў, вядзецца работа з архіўнымі крыніцамі».

Летась у Вярхоўны Суд накіраваны крымінальныя справы па абвінавачанні Смоўскага (аднаго з карнікаў Хатыні), і Серафімавіча (кіраўніка карнага атрада, які дзейнічаў на тэрыторыі Гродзеншчыны). Вярхоўным Судом 18 сакавіка 2024 года пастаноўлены першы ў гісторыі суверэннай Беларусі абвінаваўчы прысуд па справе генацыду беларускага народа ў дачыненні да ката Хатыні Катрука, які пазбавіў жыцця сотні людзей. Расследуюцца крымінальныя справы ў дачыненні да іншых саўдзельнікаў фашыстаў.

«Вялікая ўвага надаецца ўвекавечанню памяці ахвяр нацызму і выхаваўчай рабоце, — звярнуў увагу Андрэй Швед. — Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры 12 буйным пахаванням ахвяр генацыду беларускага народа прысвоены прававы статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання. Міністэрства культуры па прапанове Генеральнай пракуратуры правяло конкурс і зацвердзіла мастацкі праект тыпавога памятнага знака ахвярам генацыду беларускага народа — „Дрэва жыцця“. Летась у Гомелі і Брэсце ўжо ўстаноўлены памятныя знакі. Такія знакі плануецца ўстанавіць сёлета і ў іншых абласных цэнтрах нашай краіны».

Ствараецца рэспубліканскі аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяці», у які ўносяцца звесткі аб усіх пахаваннях і загінулых асобах, размяшчаюцца схемы размяшчэння пахаванняў. Урадам падтрымана ініцыятыва аб стварэнні адзінага рэестра мемарыялаў Вялікай Айчыннай вайны, вядзенне якога дасць магчымасць вырашаць асветніцкія, ідэалагічныя задачы, пашырыць сетку ваенна-гістарычных турыстычных маршрутаў. Праводзіцца маштабная работа па выхаванні грамадзянскай супольнасці ў духу патрыятызму і захавання гістарычнай памяці. Як падкрэсліў Андрэй Швед, расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе ўжо ўнесла і яшчэ зробіць свой уклад у духоўна-маральнае выхаванне нашага грамадства

Менш забойстваў, больш махлярстваў у інтэрнэце

Адно з асноўных дасягненняў, за якім стаіць плённая работа ўсяго праваахоўнага блоку краіны, — істотнае зніжэнне злачыннасці. Летась на 14% скарацілася колькасць зарэгістраваных злачынстваў. Гэта найменшая колькасць злачынстваў за апошнія 30 гадоў.

«Знізілася колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку супраць жыцця і здароўя людзей, — канкрэтызаваў Андрэй Швед. — У прыватнасці, на 22% менш здзейснена забойстваў. У параўнанні з 2007 годам іх колькасць зменшылася ў чатыры разы. Захоўваецца станоўчая тэндэнцыя скарачэння колькасці загінулых ад злачынстваў. Менш учынена крадзяжоў, рабаванняў, разбояў, хуліганстваў, а таксама злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам».

Разам з тым павялічылася колькасць зарэгістраваных махлярстваў і вымагальніцтваў. У асноўным гэтыя злачынствы ўчынены з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Праваахоўныя органы прымаюць меры па павышэнні эфектыўнасці іх папярэджання і спынення. «Пачалася эксплуатацыя аўтаматызаванай сістэмы апрацоўкі інцыдэнтаў Нацыянальнага банка, — удакладніў генеральны пракурор. — Яе ўкараненне садзейнічае аператыўнаму прыпыненню руху на рахунках, праз якія перамяшчаюцца выкрадзеныя грашовыя сродкі, накладанню на іх арышту».

Экстрэмісты і карупцыянеры — на асаблівым кантролі

Скарачаецца колькасць злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. Летась, па словах генпракурора, іх здзейснена амаль у два разы менш у параўнанні з 2023 годам. Найбольшую долю складаюць злачынствы, учыненыя ў сетцы інтэрнэт (паклёп, абразы і інш.). Працягваецца работа па выяўленні і прыцягненні да крымінальнай адказнасці асоб за злачынствы, звязаныя са стварэннем і ўдзелам у экстрэмісцкіх фарміраваннях, садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці.

«У мінулым годзе ў рамках спецыяльнага вядзення накіраваны ў суд крымінальныя справы ў дачыненні да 62 экстрэмістаў, якія хаваюцца за мяжой, — канкрэтызаваў кіраўнік ведамства. — Гэта мера звязана з завочным асуджэннем і прымусовымі мерамі ў адносінах да маёмасці і, на нашу думку, з’яўляецца дзейсным стрымліваючым фактарам. Усяго летась пракурорамі падтрымана дзяржаўнае абвінавачанне ў дачыненні да больш як паўтары тысячы асоб, якія ўчынілі экстрэмісцкія злачынствы. Апраўдальныя прыгаворы па гэтых справах не выносіліся. Найбольш строгім мерам адказнасці падвяргаліся арганізатары злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці і асобы, якія ўчынілі акты тэрарызму».

Кажучы аб карупцыйных правапарушэннях, генеральны пракурор праінфармаваў, што летась выяўлена больш за тысячу такіх злачынстваў. Найбольшую долю склалі крадзяжы і хабарніцтвы. Прыцягнута да адказнасці больш за 900 асоб, з іх 14 займалі адказныя пасады. Высокі ўзровень карупцыі назіраецца ў сферы прамысловасці.

Парушэнні ў сферы ЖКГ і медыцыне

Пры ажыццяўленні нагляду за выкананнем заканадаўства ў 2024 годзе органамі пракуратуры было праведзена звыш 8 тысяч праверак. Па іх выніках вынесена звыш 35 тысяч актаў нагляду. Да розных відаў адказнасці прыцягнута звыш 35 тысяч фізічных і юрыдычных асоб. Асноўная ўвага была ўдзелена выкананню даручэнняў кіраўніка дзяржавы, пытанням захавання сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян, абароны непаўналетніх, аховы прыродных рэсурсаў, належнага выканання зямельнага заканадаўства і інш.

Органамі пракуратуры праверана выкананне дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у сельскай мясцовасці. «Устаноўлена, што ў шэрагу населеных пунктаў (гэта больш за сто) не мелася доступу да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння, а некаторыя (больш як 1,5 тысячы населеных пунктаў) не былі забяспечаны якаснай пітной вадой, — праінфармаваў Андрэй Швед. — Жыхары асобных сельскіх населеных пунктаў не мелі магчымасці атрымаць бытавыя паслугі па месцы жыхарства. У некаторых аграгарадках адсутнічаюць клубы і бібліятэкі, няма фізкультурна-спартыўных збудаванняў».

Праведзена праверка выканання заканадаўства пры аказанні насельніцтву жыллёва-камунальных паслуг. «У кожным рэгіёне ўстаноўлены факты несвоечасовага і неналежнага выканання заявак, якія паступаюць на тэлефонны нумар 115, а таксама парушэнні парадку прадаўжэння тэрмінаў іх выканання, — заўважыў генпракурор. — У цэлым па краіне больш за 80 тысяч заявак выканана не на належным узроўні або ўвогуле не выканана».

На кантролі пракурорскіх работнікаў — і пытанне планавання і своечасовага правядзення капітальнага і наяўнага рамонту жыллёвага фонду. «Летась парушаны тэрміны капітальнага рамонту амаль трэці аб’ектаў, — адзначыў кіраўнік ведамства. — Устаноўлены выпадкі, калі грамадзяне, якія пражываюць у шматкватэрных жылых дамах, з-за адсутнасці газу працяглы час (па некалькі месяцаў) не маглі прыгатаваць ежу. Няякаснае правядзенне аглядаў прыводзіць да неўключэння дамоў, якія патрабуюць рамонту, у гадавы план, няправільнаму вызначэнню аб’ёмаў работ».

Праведзеныя праверкі выявілі і шэраг праблем у сферы медыцыны. «Амаль у трэці з правераных фельчарска-акушэрскіх пунктаў, як і раней, адсутнічалі абавязковыя медыцынскія вырабы і лекі, адзначаецца неналежны санітарна-тэхнічны стан ФАПаў, — праінфармаваў Андрэй Швед. — У шэрагу выпадкаў не выконваўся ўсталяваны рэжым працы. Захоўваюцца факты закрыцця ФАПаў пры незабеспячэнні належнай работы мабільных комплексаў. Застаецца праблема з забяспечанасцю медыцынскімі кадрамі».

АПК — зона павышанай адказнасці

Асаблівая ўвагу ўдзяляецца захаванню законнасці ў сферы аграпрамысловага комплексу. Па выніках наглядных мерапрыемстваў па пытанні захаванасці буйной рагатай жывёлы пракурорамі ўнесена больш за 3,7 тысячы актаў нагляду, да розных відаў адказнасці прыцягнута звыш 6 тысяч асоб. Прыняты меры па кампенсацыі з вінаватых асоб урону, прычыненага падзяжом скаціны на суму больш за 1,5 мільёна рублёў. Па фактах злачынстваў, звязаных з утойваннем падзяжу, узбуджана 295 крымінальных спраў. «Прычыны падзяжу ў асноўным абумоўлены парушэннем тэхналогіі кармлення і ўтрымлівання скаціны — прасцей кажучы, безгаспадарчасцю», — канстатаваў генпракурор.

На пастаяннай аснове органамі пракуратуры ажыццяўляюцца наглядныя мерапрыемствы па забеспячэнні выканання заканадаўства ў перыяд восеньскіх палявых работ. «Як і раней, выяўляюцца шматлікія парушэнні, звязаныя з выкарыстаннем сельгастэхнікі, забеспячэннем захаванасці гаруча-змазачных матэрыялаў, падрыхтоўкай збожжасховішчаў, нарыхтоўкай кармоў», — адзначыў Андрэй Швед.

Кожны трэці факт гібелі дзіцяці — з-за праблемных бацькоў

Адзін з прыярытэтаў нагляднай дзейнасці — абарона правоў непаўналетніх. Па словах кіраўніка ведамства, за апошнія пяць гадоў колькасць дзяцей, прызнаных тымі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, узрасла на 60%, а дзяцей, бацькі якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў, — на 64%. З-за адсутнасці станоўчых змен у ладзе жыцця бацькоў у сем’і вяртаецца менш за палову дзяцей.

«Менавіта праблемнымі бацькамі абумоўлены кожны трэці факт гібелі дзіцяці з прычыны забойства, суіцыду, утапленні і пажару, кожны пяты — сексуальнага гвалту над ім, кожны сёмы — здзяйснення злачынстваў непаўналетнім, — канкрэтызаваў генпракурор. — У сем’і вяртаецца менш за палову адабраных дзяцей у сувязі з адсутнасцю станоўчых змен у ладзе жыцця бацькоў».

Летась адзначана негатыўная тэндэнцыя росту колькасці дзяцей, якія загінулі ад знешніх прычын, у тым ліку ад суіцыдаў. Асаблівую ўвагу генпракурор акцэнтаваў на тэндэнцыі зніжэння ўзросту дзяцей, якія ўчынілі суіцыды, — ад 10 гадоў.

«У мэтах папярэджання суіцыдаў Міністэрствам адукацыі па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ў першым паўгоддзі бягучага года распрацоўваюцца і апрабуюцца методыкі выяўлення суіцыдальных намераў у дзяцей з ранняга ўзросту, — адзначыў Андрэй Швед. — Акрамя таго, ураду прапанавана забяспечыць комплексны падыход да забеспячэння інфармацыйнай бяспекі ў сетцы інтэрнэт як крыніцы пагроз учынення суіцыдаў, сексуальных злачынстваў, насаджэння нетрадыцыйных каштоўнасцяў, уцягвання ў незаконны абарот наркотыкаў і экстрэмісцкую дзейнасць».

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю