Генеральны сакратар выступіў з заклікам да сусветных лідараў «расставіць прыярытэты» і ўкладваць рэсурсы ў развіццё, а не ў разбурэнне.
Па словах Гутэрыша, маштабы чалавечых пакут сёння беспрэцэдэнтныя: больш за чвэрць насельніцтва Зямлі жыве ў рэгіёнах, ахопленых канфліктамі, звыш 200 млн чалавек маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, амаль 120 млн былі вымушаны пакінуць свае дамы з‑за войнаў, крызісаў і стыхійных бедстваў.
На фоне гэтых праблем, адзначыў кіраўнік ААН, асабліва трывожыць імклівы рост глабальных ваенных выдаткаў, якія дасягнулі $2,7 трлн, павялічыўшыся амаль на 10 % за год.
«У новым годзе давайце прымем рашэнне расставіць прыярытэты правільна. Для стварэння больш бяспечнага свету трэба ў першую чаргу ўкладваць больш сродкаў у барацьбу з галечай і менш — у вядзенне войнаў. Мір павінен перамагчы», — заявіў Гутэрыш.
Генеральны сакратар перакананы, што ў сусветнай супольнасці ёсць рэсурсы для павышэння якасці жыцця, аздараўлення планеты і забеспячэння мірнай і справядлівай будучыні.
«У гэтым новым годзе давайце аб’яднаем намаганні. У імя справядлівасці. У імя чалавецтва. У імя міру», — сказаў на заканчэнне Гутэрыш.