Будаўніцтва Палаца Незалежнасці пачалося ў 2011 годзе і было завершана ў вельмі хуткія тэрміны — усяго за два з паловай гады, што лічыцца ледзь не рэкордным для аб’екта такой складанасці. Пры гэтым якасць работ засталася на вышыні, а практычна ўсе элементы ўнутранага ўбрання — ад мэблі да дэкаратыўных упрыгажэнняў — вырабілі на беларускіх прадпрыемствах. Над палацам працавалі і работнікі «БЕЛБУДЦЭНТР-ХОЛДЫНГ», якія 19 лістапада наведалі яго з экскурсіяй.
Аб’яднанне ўваходзіць у лік вядучых будаўнічых кампаній Беларусі з шырокім спектрам дзейнасці: ад распрацоўкі канцэпцыі да ўводу ў эксплуатацыю. Сярод ключавых кірункаў — прамысловае будаўніцтва, якое ўключае ўзвядзенне аб’ектаў атамнай, цеплавой і гідраэнергетыкі, а таксама прадпрыемствы для нафтагазавай і хімічнай галін. Актыўна вядзецца работа ў сферы грамадзянскага і інфраструктурнага будаўніцтва: жылыя комплексы, школы, бальніцы, дзіцячыя сады і спартыўныя збудаванні. Кампанія паспяхова завяршыла праекты ў 25 дзяржавах, а яе вытворчыя магутнасці ўключаюць звыш 4000 адзінак сучаснай тэхнікі і абсталявання.
У склад холдынга ўваходзяць 17 прадпрыемстваў, дзе працуюць больш за 9000 высокакваліфікаваных спецыялістаў. Максім ШУТАЎ, кіраўнік ААТ «Трэст Белпрамналадка», расказаў, што іх арганізацыя падчас будаўніцтва Палаца Незалежнасці займалася наладкай інжынернага абсталявання, а менавіта сістэм асвятлення, вентыляцыі, бяспекі і дыспетчарызацыі. «З усіх праектаў, якімі мы займаліся, безумоўна, Палац Незалежнасці — асаблівы, — адзначыў кіраўнік трэста. — На нашых вачах ён ператвараўся з будаўнічай пляцоўкі ў сапраўднага прыгажуна — усё тут выканана якасна, усё блішчыць... Палац стаў сімвалам незалежнасці нашай краіны, пэўным этапам станаўлення дзяржаўнасці. Ён наглядна дэманструе, што наша дзяржава — мірная і гасцінная, адкрытая для дыялогу і супрацоўніцтва. Гэта чытаецца ва ўсім: у экспазіцыях, інтэр’ерах, у самой атмасферы».

«Для нас вялікі гонар, што нашы супрацоўнікі і тэхніка былі на ўзвядзенні гэтага грандыёзнага аб’екта — будынка, дзе сёння прымаюцца найважнейшыя для нашай краіны рашэнні. Вядома, адчуваеш гонар ад таго, што палац знаходзіцца ў выдатным стане і працягвае радаваць сваіх гасцей», — падзяліўся ўражаннямі Аляксей ШЧУЦКІ, дырэктар ААТ «Упраўленне механізацыяй № 79».
Ён таксама падкрэсліў: усе спецыялісты, якія працавалі тут, рабілі гэта якасна, аператыўна і, што важна, з душой. Гэта пацвярджаюць прадстаўнікі і іншых прадпрыемстваў аб’яднання. «Безумоўна, гэта быў аб’ект неверагоднай складанасці. Маштабы праекта патрабавалі каласальных намаганняў. Над палацам працаваў вялізны калектыў: прарабы, мантажнікі, інжынеры... Кожная разетка, бра ці люстра — усё гэта было ўстаноўлена рукамі супрацоўнікаў нашага „Белэлектрамантажу“. Прыязджалі найлепшыя спецыялісты з усёй краіны», — з гонарам гаворыць Юлія ПЯТРУШЫНА, інжынер кампаніі ТАА «Белэлектрамантаж».
«Мы ўзводзілі сімвал рэспублікі, яе візітную картку, можна сказаць — аблічча нашай краіны. Прыемна ўсведамляць, што ты сам браў удзел у стварэнні такой прыгажосці. Я заўсёды з гонарам расказваю сваёй дачцэ: „Глядзі: мы тут будавалі“. А сёння, праз 12 гадоў, зайшоў унутр — і проста замёр у захапленні, — адзначыў начальнік Мінскага ўчастка эксплуатацыі ААТ „Упраўленне механізацыяй № 79“ Іван БАБКО. — Асабліва калі параўнаць з тым, што было, калі мы адсюль з’язджалі, закончыўшы сваю работу яшчэ на пачатковым этапе аздаблення... А сёння на свае вочы пабачылі завершаны, цудоўны вынік».
Па словах арганізатараў, цікавасць да падобных экскурсій не слабее. Бо ўбачыць Палац Незалежнасці на свае вочы — значыць атрымаць шанц самастойна ацаніць маштабы рашэнняў беларускіх архітэктараў і дызайнераў, дакрануцца да сімвала суверэнітэту нашай дзяржавы.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара