Вопыт беларускіх следчых па барацьбе з кіберзлачыннасцю цікавы ў краінах далёкага замежжа. Пра гэта расказаў журналістам старшыня Следчага камітэта Беларусі Дзмітрый Гара перад міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй «Асноўныя кірункі ўдасканалення сістэмы нацыянальнай бяспекі» ў Мінску, перадае БелТА.
Сёння ў Мінску праходзіць міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, якая прысвечана пытанням удасканалення сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Арганізатары мерапрыемства — Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадстаўнікі следчых ведамстваў Беларусі, Расіі, Узбекістана і Казахстана. Напярэдадні канферэнцыі праведзены рабочыя сустрэчы, на якіх абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння пры расследаванні злачынстваў у сферы ІКТ.
«Пытанні, якія вынесены на разгляд канферэнцыі, вельмі актуальныя. Гэта супрацьдзеянне кіберзлачыннасці, прафілактыка кіберзлачынстваў, кібербяспека, гэта значыць усё, што звязана з высокімі тэхналогіямі і супрацьпраўнай дзейнасцю ў дадзенай сферы. Без узаемадзеяння ў гэтай сферы супрацьдзейнічаць злачыннасці вельмі цяжка», — сказаў Дзмітрый Гара.
Ён таксама дадаў, што за апошнія два гады работа ў гэтым кірунку вельмі моцна актывізавалася. «У нас толькі з МУС Расіі створана тры сумесныя следча-аператыўныя групы па ўзаемазвязаных крымінальных справах. З калегамі з Казахстана створана сумесная следча-аператыўная група. Вельмі цеснае ўзаемадзеянне з узбекскімі калегамі па расследаванні злачынстваў дадзенай катэгорыі», — адзначыў старшыня Следчага камітэта.
Дзмітрый Гара звярнуў увагу на тое, што ў беларускіх следчых вельмі багаты вопыт супрацьдзеяння кіберзлачыннасці. «Без ілжывай сціпласці скажу, што нашым вопытам карыстаюцца не толькі праваахоўнікі СНД, але калегі з далёкага замежжа вельмі зацікаўленыя ў абмене і ў атрыманні нашага вопыту. Дзякуючы кіраўніку дзяржавы, у Следчым камітэце было створана спецыяльнае падраздзяленне па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці, якое ўжо атрымала велізарны вопыт і імкліва развіваецца», — падкрэсліў кіраўнік беларускага Следчага ведамства.