Top.Mail.Ru

Гандбалісты пачалі год з перамог, а хакеісты працягваюць здзіўляць аматараў

Цытата тыдня. «Выдатна, што атрымліваецца абыгрываць топ-клубы. Але мы не дзелім на моцных і слабых. Звяртаем увагу на клас каманды, калі сапернік можа пакараць за любую памылку. І ЦСКА мог гэта зрабіць. Любы спартсмен хоча перамагаць пастаянна, і мы не выключэнне. Але гэта немагчыма, часам і паражэнні вучаць шмат чаму. Ёсць шмат розных нюансаў і аб’ектыўных прычын, але бываюць моманты, калі трэба сябе прымусіць», — падкрэсліў галоўны трэнер хакейнага клуба «Дынама-Мінск» Дзмітрый Квартальнаў пасля дамашняга матчу з ЦСКА. Гэты матч на роднай арэне аматарам клуба ды і самім мінскім хакеістам запомніцца надоўга — яны ўсухую перамаглі маскоўскі ЦСКА — 2:0. Галамі за дынамаўцаў адзначыліся Крыс Цірні і Вадзім Мароз, а галкіпер каманды Васіль Дземчанка ў трэці раз згуляў «на нуль» у форме «зуброў». Напярэдадні «Дынама-Мінск» на сваім лёдзе ўступіў ніжагародскаму «Тарпеда» — 2:4. Наступны матч на «Мінск-арэне» пройдзе 10 студзеня, «зубры» прымуць супернікаў з «Сібіры».


Каманда тыдня. Жлобінскі «Металург» выступіў ў фінале трэцяга розыгрышу Еўра-Азіяцкага Кубка Дружбы па хакеі. У турніры удзельнічалі шэсць каманд з чатырох краін. У фінал прабіліся чэмпіён беларускай экстралігі «Металург» і пераможца Усерасійскай хакейнай лігі «Нафтавік» з Альмецьеўска. Вырашальныя гульні Еўра-Азіяцкага Кубка Дружбы прыняў лядовы палац у Туле. З вынікам 4:3 перамог «Нафтавік». Жлобінскія хакеісты другі раз сталі сярэбранымі прызёрамі Еўра-Азіяцкага Кубка Дружбы. 

Перамога тыдня. Гандбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі пачалі год з таварыскай сустрэчы з расійскай зборнай. Матчы «Гульняў сяброўства» праходзяць у Маскве. У першай сустрэчы з вынікам 28:26 пераможцамі сталі беларусы. Самым дзейсным у складзе нашай каманды стаў Мікіта Вайлупаў, на рахунку якога 7 мячоў.Юніёрскія зборныя Беларусі і Расіі згулялі з нічыйным лікам — 34:34. Лепшым бамбардзірам у нашай камандзе стаў Ягор Юзафовіч, які закінуў 7 мячоў. І ў другім матчы дарослых зборных лепшымі былі беларускія гандбалісты — 32:28. На гэты раз асабліва вызначыўся Дзмітрый Хмялькоў, у актыве якога 10 закінутых мячоў. Лепшым гульцом у складзе беларускай каманды прызнаны варатар Вячаслаў Салдаценка. А вось юніёрская зборная Беларусі ў другім матчы саступіла — 35:36. 

Турнір тыдня. У спартыўным комплексе «Алмаз» у Разані завяршылася Гонка чэмпіёнаў з удзелам мацнейшых лыжнікаў і біятланістаў з Беларусі і Расіі. Самым відовішчным відам праграмы стала змешаная эстафета. Дыстанцыя для лыжнікаў склала 7,5 км, для біятланістаў — 5 км. Першы і другі этапы прабеглі лыжнікі. На перадачу эстафеты спартсмены прыйшлі ў адной групе, пелатон узначальваў член каманды Антона і Дынары Смольскіх Савелій Карасцялёў, другім аказаўся партнёр Дзмітрыя Лазоўскага і Ганны Солы Сяргей Ардашаў.На трэцім этапе Дынара Смольская дапусціла два промахі на агнявых рубяжах, што не перашкодзіла ёй захаваць першы радок для сваёй чацвёркі. Ганна Сола, наадварот, пайшла на два штрафныя кругі, з-за чаго адкацілася на 10-ю пазіцыю. На заключным этапе Антон Смольскі, які лідзіраваў, не справіўся са стральбой і перасёк фінішную рысу пятым, Дзмітрый Лазоўскі і яго каманда занялі дзевятае месца. Перамогу ў Гонцы чэмпіёнаў атрымаў расійскі квартэт у складзе лыжнікаў Аляксандра Цярэнцьева і Марыі Істомінай, а таксама біятланістаў Наталлі Шаўчэнкі і Эдуарда Латыпава. 

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю