Пік продажаў школьных прылад, адзення і абутку, як правіла, прыпадае на другую палову жніўня. Аднак не варта адкладваць такія пакупкі на апошнія дні лета, калі значна павышаецца попыт на школьныя тавары. Таму гандлёвыя арганізацыі распачалі пашыраныя продажы тавараў школьнага асартыменту ўжо
з сярэдзіны ліпеня, і працягнуцца яны аж да 15 верасня.
У розных фарматах
Практычна ў кожным гандлёвым аб’екце аформлены тэматычныя секцыі, «куткі школьніка». Выбар варыянтаў школьнай формы на любы бюджэт можна знайсці ва ўнівермагах, фірменных магазінах канцэрна «Беллегпрам», інтэрнэт-крамах вытворцаў, на маркетплэйсах. Для зручнасці пакупнікоў у гандлёвых залах размешчаны адпаведныя шыльды, паказальнікі. Таксама інфармуюць пакупнікоў аб наяўнасці тавараў на старонках у сацсетках.
Як адзначыла на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА, прысвечанай падрыхтоўцы да новага навучальнага года, намеснік начальніка аддзела метадалогіі ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Кацярына МАКУЦЭНЯ, у регіёнах Беларусі запланавана каля 250 школьных кірмашоў. На такіх пляцоўках можна будзе знайсці ўсё неабходнае для школьнікаў: адзенне дзелавога стылю, абутак, заплечнікі, канцылярыю. Кірмашы і выстаўкі-продажы будуць праходзіць у буйных гарадах, побач з гандлёвымі аб’ектамі, інфармацыю можна знайсці на сайтах аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, у СМІ.

Многія гандлёвыя арганізацыі правядуць акцыі, зробяць зніжкі, прапануюць дадатковыя паслугі пакупнікам.
Прадстаўлены асартымент дазволіць цалкам задаволіць попыт, упэўнена Кацярына Макуцэня:
— Рэалізуюцца пераважна тавары айчыннай вытворчасці. У буйных гандлёвых аб’ектах можна нават бясплатна падагнаць школьнае адзенне. Прапануюцца праграмы крэдытавання, растэрміноўкі за кошт уласных сродкаў і сумесна з банкамі. Гандлёвыя арганізацыі з вытворцамі і пастаўшчыкамі даюць скідкі ад 15 да 30 %.
На любы кашалёк
Акрамя ўсяго іншага, праводзяцца акцыі для асобных катэгорый пакупнікоў. Напрыклад, тавары школьнага асартыменту па зніжаных цэнах могуць набыць шматдзетныя сем’і і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Што датычыцца цэн, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю трымае гэтае пытанне на кантролі. Сітуацыя на рынку стабільная, кіруемая.
— Завышэння цэн не назіраецца. У перыяд школьных кірмашоў і распродажаў будуць праводзіцца кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы. Падключацца ўсе рэгіёны. Асаблівая ўвага ўдзяляецца якасці: вырабы лёгкай прамысловасці павінны адпавядаць заяўленым характарыстыкам і патрабаванням бяспекі, якія ўстаноўлены тэхнічнымі рэгламентамі, — падкрэслівае Кацярына Макуцэня.
Хопіць усім
Прадпрыемствы забяспечылі гандаль таварамі для школьнікаў у неабходным аб’ёме, запэўнівае намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталля МАРОЗ:

— Падрыхтоўку да сезона вытворцы пачынаюць значна раней, чым стартуе гандаль школьнымі таварамі. Аб’ёмы вытворчасці захаваны на ўзроўні мінулага года. Рынак забяспечаны адзеннем дзелавога стылю для школьнікаў. Трыкатажныя, швейныя вырабы, галантарэю, абутак для школьнікаў у нас выпускаюць больш за 60 арганізацый. Штогод асартымент абнаўляецца на 60 %, дадаюцца новыя элементы. Асноўны падыход да распрацоўкі школьных тавараў — функцыянальнасць, каб дзіцяці было зручна, плюс — якасць прадукцыі.
Пры неабходнасці прадпрыемствы паставяць дадатковыя партыі прадукцыі, каб задаволіць попыт, запэўніла Наталля Мароз. Цэны, па яе словах, засталіся ў дыяпазоне мінулых гадоў з невялікай карэкціроўкай з улікам росту выдаткаў на сыравіну і матэрыялы. Падрыхтаваны каталог школьнай формы, дзе ў мадэлях улічаны сучасныя тэндэнцыі і перавагі навучэнцаў.
Наталля Мароз нагадала, што фарміруецца спецыяльны рэестр беларускіх вытворцаў адзення для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Праект рэалізуецца пры ўдзеле Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і падтрымцы Міністэрства адукацыі. Крытэрыі адбору ў рэестр досыць строгія. Тут галоўнае — вытворчасць адзення дзелавога стылю для дзяцей школьнага ўзросту на тэрыторыі краіны павінна быць з матэрыялаў (тканін, трыкатажных палотнаў) паходжання з дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, прадметы адзення павінны адпавядаць патрабаванням СТБ 2517-2017 «Адзенне для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Агульныя тэхнічныя ўмовы». Рэестр будзе размешчаны на сайтах канцэрна «Беллегпрам» і Міністэрства адукацыі, і бацькі змогуць з ім азнаёміцца. На дадзены момант ужо шэсць айчынных вытворцаў падалі заяўкі на сертыфікацыю калекцый на адпаведнасць патрабаванням СТБ 2517-2017.
Сяргей КУРКАЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА