Top.Mail.Ru

Мэта адна — павышэнне якасці жыцця людзей

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з перспектывамі холдынга «БелОМА», а таксама правёў нараду па пытаннях арганізацыі гандлю на вёсцы


У пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Вілейку. Тут кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай холдынга «БелОМА», яго перспектывамі і планамі на будучыню. Акрамя таго, у фокусе ўвагі беларускага лідара — гандаль на вёсцы. Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях забеспячэння сельскага насельніцтва шырокім асартыментам тавараў пад поўную патрэбнасць, падчас якой расставіў дакладныя акцэнты і даў канкрэтныя даручэнні вертыкалі ўлады і прадстаўнікам гандлёвай галіны. Таксама Прэзідэнт пагаварыў з жыхарамі Вілейкі і ў гэтым, як заўсёды, шчырым дыялогу акрэсліў сваё бачанне актуальных для людзей пытанняў.

«Ад мяне жалезабетоннае патрабаванне: усе палі Мінскай вобласці павінны быць вернутыя ў севаабарот»

Тэма сельгасработ актуальная сёння пры любым парадку дня ў графіку Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы па прыбыцці ў Вілейку адразу звярнуў увагу на сельскую гаспадарку. З борта верталёта Прэзідэнт вывучыў стан палёў цэнтральнага рэгіёна і адзначыў, што ў Вілейскім раёне неабходна павышаць культуру земляробства.  

Прэзідэнт адразу паставіў пытанне намесніку Старшыні Усебеларускага народнага сходу, упаўнаважанаму прадстаўніку кіраўніка дзяржавы ў Мінскай вобласці Аляксандру Косінцу — аб яго ўражаннях і заўважаных недахопах. «Вобласць выконвае вытворчыя паказчыкі, знаходзіцца на трэцім месцы ў краіне, па годзе выйдзе на першае-другое месца», — далажыў Аляксандр Косінец.  


Аднак Прэзідэнта такі адказ не задаволіў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што паўночная частка Міншчыны з’яўляецца копіяй Віцебскай вобласці з пункту гледжання перш за ўсё культуры земляробства і ў цэлым арганізацыі справы ў сельскай гаспадарцы, і ў сувязі з гэтым папярэдзіў старшыню Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнку: «Хацеў бы вас перасцерагчы ад рознага роду паказухі і іншых рэчаў. Што мяне здзівіла — у вас ёсць кінутыя палі. Некаторыя нават зарастаюць пустазеллем. Гэта недапушчальна!»  

У сувязі з гэтым старшыні Мінскага аблвыканкама была пастаўлена канкрэтная задача. «Ад мяне жалезабетоннае патрабаванне: усе палі Мінскай вобласці павінны быць вернутыя ў севаабарот. Што хочаце рабіце, каго хочаце прыцягвайце! Імем рэвалюцыі — рабіце што заўгодна, але прывядзіце ўсё ў парадак», — даручыў Прэзідэнт.  

Зрабіў Аляксандр Лукашэнка заўвагу і па тэмпах летніх палявых работ у цэнтральным рэгіёне: «Такое ўражанне, што ўборку вы яшчэ не пачыналі. Дзе-нідзе палі пераараныя, напэўна, пад рапс і азімы ячмень». 

«Мы выйшлі на намалот у паўтара мільёна тон», — адказаў Аляксей Кушнарэнка. 

«Усе вашы заслугі я ведаю, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я проста хачу, каб вы разумелі, што я бачу і недахопы. Трэба араць, сеяць, убіраць своечасова. Вам трэба прыстойна пастарацца на поўначы Мінскай вобласці». 

Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуў увагу на неабходнасць няўхільнага выканання дысцыпліны, у тым ліку тэхналагічнай, і нагадаў аб сваім нядаўнім даручэнні, дадзеным на селектарнай нарадзе. Гаворка ідзе аб накіраванні ў армію недысцыплінаваных і нядобрасумленных аграрыяў. «Каго хочаце прыцягвайце. Вазьміце дзве батальённа-тактычныя групы, якія стварылі з нядбайных чыноўнікаў і спецыялістаў. Іх каля 500 чалавек, я іх называю дзве батальённа-тактычныя групы. Прымусьце іх тут працаваць», — дадаў беларускі лідар.  

«Гідраўліку мы павінны асіліць у гэтым і наступным годзе» 

Першым пунктам на маршруце кіраўніка дзяржавы стала прадпрыемства ААТ «Зеніт-БелОМА», якое ўваходзіць у холдынг «БелОМА» — універсальнае шматпрофільнае аб’яднанне, што спецыялізуецца на вытворчасці лазерных, оптыка-электронных, оптыка-механічных прыбораў і сістэм, валаконна-аптычных вырабаў, лазерных актыўных элементаў, аптычных дэталяў і нарыхтовак.  


ААТ «Зеніт-БелОМА» вырабляе аптычную прадукцыю грамадзянскага і двайнога прызначэння, апараты пнеўматычнага тармазнога прывада, аўтакампаненты для кар’ерных самазвалаў, вагавымяральную тэхніку медыцынскага прызначэння. Эфектыўнасць эканамічнага развіцця холдынга пацвярджаецца паказчыкамі росту, якія дэманструюць умацаванне пазіцый на рынку, павелічэнне аб’ёмаў выручкі, экспарту. 


Аляксандр Мароз, генеральны дырэктар ААТ «ММЗ імя С. І. Вавілава — кіруючая кампанія холдынга «БелОМА», расказаў, што ў склад холдынга сёння ўваходзяць шэсць прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на вытворчасці аптычных, лазерных, оптыка-электронных, оптыка-механічных прыбораў і сістэм. 

«Спецыялізацыя холдынга — оптыка. На яе прыпадае 82 % усёй прадукцыі, — паведаміў Аляксандр Мароз. — Выпускаем таксама аўтаагрэгаты для велікагрузных аўтамабіляў, бытавыя прыборы ўліку газу, спажывецкія тавары. Пры гэтым 80 % прадукцыі ідзе на экспарт у Расію, краіны СНД і далёкага замежжа. Аб’ём экспарту з 2020 года павялічыўся ў 6,6 раза». 

На ўсіх прадпрыемствах, якія ўваходзяць у склад холдынга «БелОМА», за пяцігодку быў рэалізаваны шэраг інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, на «Зеніце-БелОМА» летась завяршылі праект па арганізацыі вытворчасці інавацыйных вырабаў прыцэльнай тэхнікі і аўтакампанентаў для ўнутранага і знешніх рынкаў. Сёлета на прадпрыемстве пачата рэалізацыя праекта, звязанага з вытворчасцю кампанентаў тармазных сістэм для велікагрузных аўтамабіляў. Аб’ём фінансавання складае 7,6 мільёна рублёў.  

«Мы не стаім на месцы ў плане інвестыцыйнага развіцця. Па ўсіх прадпрыемствах запланаваны праекты, якія дадуць нам прыбаўку ў наступныя пяць гадоў», — падкрэсліў Аляксандр Мароз. 

Калі гаворка зайшла аб вытворчасці аўтакампанентаў, Аляксандр Лукашэнка агучыў персанальнае даручэнне міністру прамысловасці Андрэю Кузняцову: «Гідраўліку мы павінны асіліць у гэтым і наступным годзе. Так што рыхтуйся. Гэта як Каранкевічу (намесніку Прэм’ер-міністра Віктару Каранкевічу. — „Зв.“) — прэс-падборшчык і даільны робат, так табе — гідраўліку. Колькі я працую Прэзідэнтам, столькі мне абяцаюць яе зрабіць і ніяк не зробяць». 


На прадпрыемстве Прэзідэнт азнаёміўся з узорамі прадукцыі холдынга, а таксама з работай механічнай вытворчасці «Зеніт-БелОМА». Кіраўніка дзяржавы асабліва цікавіла эфектыўнасць аптычных прыбораў і перспектывы такой прадукцыі.  

На памяць аб наведванні прадпрыемства беларускаму лідару падарылі бінокль, зроблены па апошнім слове тэхнікі. Яшчэ адзін падарунак Прэзідэнт распарадзіўся змясціць у сябе ў кабінеце — карціну, прысвечаную Году беларускай жанчыны.  

Пакідаючы прадпрыемства, кіраўнік дзяржавы паставіў кіраўніцтву холдынга жалезабетонную задачу — увесці ў абарот 10 тысяч квадратных метраў нявыкарыстаных зямель.

«Вёску трэба годна абслугоўваць»

Яшчэ адна тэма, якая на парадку дня беларускага лідара, — арганізацыя гандлю ў сельскай мясцовасці. У прыватнасці, пытанні забеспячэння сельскага насельніцтва шырокім асартыментам тавараў пад поўную патрэбу. Спачатку кіраўніку дзяржавы прадставілі сучасныя сродкі гандлю ў сельскай мясцовасці. 

Прэзідэнт адзначыў, што з боку дзяржавы нямала зроблена для арганізацыі гандлю ў сельскай мясцовасці, прыняты адпаведныя нарматыўныя акты. У тым ліку ўказ, накіраваны на павышэнне сацыяльнай адказнасці суб’ектаў гандлю, які ў якасці эксперыменту зняў інфраструктурнае абмежаванне для гандлёвых сетак у дзевяці раёнах краіны. Акрамя таго, рэалізуецца ўказ аб падтрымцы арганізацый спажыўкааперацыі.

Дзякуючы прынятым мерам і падтрымцы з боку дзяржавы на вёсцы з’явіліся новыя фарматы, варыянты выязнога гандлю. Напрыклад, зборныя гандлёвыя павільёны (такі ёсць у сеткі «Еўраопт»), аўтакрамы з магчымасцю для пакупнікоў заходзіць унутр і самастойна выбіраць прадукцыю (яны ёсць у сетках «Дабраном» і «Еўраопт»). Такія сучасныя ўзоры былі прадэманстраваны кіраўніку дзяржавы ў Вілейцы разам са звыклымі, больш простымі варыянтамі аўтакрам, якія выкарыстоўваюцца Белкаапсаюзам і прадпрыемствамі гандлю мясцовага ўзроўню.

«Мы ўклалі немалыя грошы ў гэта. Удзялілі на ўзроўні Прэзідэнта ўвагу гэтаму — не толькі Белкаапсаюзу. З’явіліся новыя кірункі абслугоўвання сельскага насельніцтва. І крый вас божа, людзі будуць скардзіцца. Гэта не таму, што я вясковы, а таму, што вёску трэба годна абслугоўваць, калі мы ад вёскі чагосьці хочам», — падкрэсліў беларускі лідар.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы паабяцаў улічваць інтарэсы гандлёвых сетак, не крыўдзіць іх, бо, зразумела, працаваць ва ўрон яны не могуць. Але калі ўжо яны зарабляюць у буйных гарадах, то павінны дадаткова ўзяць на абслугоўванне і невялікія вёскі.

«Майце на ўвазе (гэта ўсіх датычыцца — і Белкаапсаюза, і прыватных прадпрыемстваў), мы вас гнабіць не будзем, — паабяцаў беларускі лідар. — Я добра ведаю, што такое гандаль. Ваш хлеб я ведаю. Як эканаміст я разумею, што павінны працаваць не ва ўрон. Але свае пытанні вы павінны вырашаць самі. Вы прасілі — я падпісаў указ, вырашыў пытанні. Уклалі немалыя грошы ў гэта. Дайце аддачу. Мы ад вас гэта будзем патрабаваць. Калі „Еўраопт“, „Еўрагандаль“ узялі нейкую „залатую жылу“ і нармальна працуюць, рэнтабельнасць у іх за 30, а то і 50, прыхапіце па дарозе ці дзесьці збоку менш развітыя пасёлкі і вёскі. Гэта не па-чалавечы? Па-чалавечы. У гэтым напрамку будзем рухацца».


У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў ролю мясцовых органаў улады пры выбудоўванні гандлёвай структуры на вёсцы, узгадненні маршрутаў абслугоўвання: «Яны павінны ўключацца на ўсю катушку». 

Асаблівую ролю адводзіць кіраўнік дзяржавы таксама Белкаапсаюзу. «Ты павінна з мясцовымі органамі ўлады быць тут заканадаўцам мод, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні структуры Інэсы Караткевіч. — Але разумна, не цягнуць коўдру на сябе».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як пасля распаду Савецкага Саюза ў Беларусі стала разбурацца існуючая сістэма арганізацыі работы на вёсцы, а потым прыйшлося аднаўляць тыя ж райаграсэрвісы, ПМК, сельгасхіміі і іншае. Вось цяпер трэба выбудаваць сістэму арганізацыі гандлю на вёсцы з вызначэннем роляў для прыватных і дзяржаўных структур. 

«Да нечага мы павінны ісці. Дакладна вызначыцца, каб усё насельніцтва было ахоплена, — арыентаваў Прэзідэнт. — Мы павінны нармальна абслугоўваць сельскае насельніцтва. Іншага не дадзена. Я гэта буду кантраляваць жорстка».

Пры гэтым, яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, няма мэты задушыць гандаль. «Будзем прыглядаць за цэнамі. Павінна быць формула справядлівасці. Гэта значыць, каб насельніцтва было задаволенае, але і вы не ва ўрон працавалі. У адваротным выпадку заўтра разваліцца гандлёвая кампанія... Нам гэта не трэба. Будзем вас падтрымліваць, усё рабіць, але і патрабаваць будзем», — справядліва разважыў Прэзідэнт.

«Не хапае сістэмы кіравання дзяржавай, не хапае сур’ёзнай кадравай работы»

Пасля азнаямлення з аўтакрамамі на базе Вілейскага райвыканкама адбылася нарада па пытаннях забеспячэння сельскага насельніцтва шырокім асартыментам тавараў пад поўную патрэбнасць.

Беларускі лідар назваў гэту сустрэчу чарговай важнай размовай аб тым, як павысіць узровень і якасць жыцця нашага сельскага насельніцтва, забяспечыўшы яго ўсімі неабходнымі таварамі і паслугамі. «Але ў якасці адступлення хачу сказаць, што жудасная настальгія. Райкам партыі... Якраз гэтай сістэмы кіравання, якая калісьці была, краіне не хапае. Я больш за ўсё гэта адчуваю. І той, хто перажывае за дзяржаву, гэта адчувае», — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што адна з прычын поспеху Кітая заключаецца ў тым, што яны нічога не ламалі: ні ідэалогію, ні палітыку. Пры гэтым, заўважыў беларускі лідар, кітайцы ўзялі многія станоўчыя практыкі, якія былі ўкаранёныя ў Савецкім Саюзе, у тым ліку ў БССР. «Прапрацаваўшы ўжо вельмі шмат Прэзідэнтам, я як ніхто іншы адчуваю, што не хапае сістэмы ў кіраванні дзяржавай, не хапае сур’ёзнай кадравай работы», — сказаў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз выказаў цвёрдае перакананне, што нам не хапае сёння той сістэмы кіравання, якая функцыянавала ў савецкія часы. Паводле яго слоў, многія пытанні вырашаліся б сёння па-іншаму і больш эфектыўна. 

«Перад вертыкаллю ўлады стаіць задача максімальна сцерці адрозненні паміж горадам і вёскай»

Вяртаючыся да галоўнай тэмы нарады, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўважліва назірае за тым, як жывуць людзі ў рэгіёнах. Гаворка — пра забяспечанасць жыллём, працай, наяўнасць сацыяльных аб’ектаў і іншае. «Гэта мая работа. І перад вертыкаллю ўлады стаіць задача зрабіць так, каб максімальна сцерці адрозненні паміж горадам і вёскай», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. Пры гэтым, па яго словах, трэба рабіць гэта так, каб не сцерці саму вёску.

Для гэтага, працягнуў кіраўнік дзяржавы, у краіне развіваюць апорныя сельскія населеныя пункты: аграгарадкі і буйныя вёскі. Прэзідэнт упэўнены, што ў будучыні якраз аграгарадкі і буйныя вёскі (былыя цэнтры калгасаў і саўгасаў) застануцца і будуць развівацца. Для гандлю зручна, што яны знаходзяцца ў асноўным паблізу ад буйных дарог. А вось маленькія вёсачкі, магчыма, часткова знікнуць і пераўтворацца ў нейкія іншыя фарматы.


Адзін з такіх фарматаў — модны сучасны кірунак, як «избинг» (ад рускага «изба»). Ён ужо атрымаў распаўсюджванне ў Беларусі, але ў асноўным пакуль за кошт расіян. Хоць Прэзідэнт, звяртаючыся да беларусаў, якія жывуць у гарадах, даўно заклікае набываць пустыя дамы, участкі ў невялікіх населеных пунктах, далей ад гарадской мітусні, дзе ёсць магчымасць і на зямлі папрацаваць, басанож пахадзіць, і дзяцей аздараўляць, прывучаць іх да фізічнай актыўнасці. «Месцаў свабодных хапае», — заўважыў ён.

«Аказваецца, расіяне Бацьку пачулі: скупляюць вось гэтыя ўчасткі. Тым больш у Беларусі развітая сістэма чыгунак, аўтамабільных дарог — усё ёсць. І яны пустыя хаты скупляюць, рамантуюць, у парадак прыводзяць, дзесьці зносяць. А беларусы мяне не чуюць. Глядзіце, беларусы, прыйдзе час, будзеце рукамі разводзіць, але будзе позна», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

«У адрозненне ад таго, што гладка на паперы, практыка ў многіх выпадках пакідае жадаць лепшага»

«У жніўні мінулага года мы з вамі вельмі дэталёва і нават некалькі эмацыянальна абмеркавалі праблемы сельскага гандлю, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Год прайшоў. Тая размова павінна была стаць адпраўным пунктам для канкрэтных крокаў па выпраўленні памылак і паляпшэнні сітуацыі. Таму сёння наша размова такая кантрольная. Што зрабілі за год? Я ўжо сказаў, што спытаем за гэта вельмі жорстка. Сёння сумленна павінны падвесці вынікі».

Як дакладваюць беларускаму лідару, урад з пачатку 2026 года рэалізуе дзве праграмы: развіцця гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва да 2030 года і развіцця спажывецкай кааперацыі на 2026 — 2027 гады. Мэты і задачы вызначаны, павінен ісці этап практычнай рэалізацыі. «Але ў адрозненне ад таго, што гладка на паперы, практыка ў многіх выпадках пакідае жадаць лепшага», — звярнуў увагу Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы канкрэтна растлумачыў, што мае на ўвазе, расставіўшы ўсе кропкі над «і». 

«Хочаш збіраць „вяршкі“ і прыбытак у вялікіх гарадах і сталіцы — вазьмі на сябе адказнасць і за аддаленыя вёсачкі»

«Першае — даступнасць базавых тавараў і паслуг, якасных і па справядлівай цане. У Мінску і абласных цэнтрах магазінаў і гандлёвых цэнтраў поўна, і канкурэнцыя там высокая. А вось вяскоўцы зусім не распешчаныя», — заўважыў Прэзідэнт. 

Летась быў выдадзены ўказ, накіраваны на павышэнне сацыяльнай адказнасці суб’ектаў гандлю ў сельскай мясцовасці, а таксама на паляпшэнне якасці гандлёвага абслугоўвання. «Прасцей кажучы, хочаш збіраць „вяршкі“ і прыбытак у вялікіх гарадах і сталіцы — вазьмі на сябе адказнасць і за аддаленыя вёсачкі», — арыентаваў беларускі лідар.

У якасці эксперыменту, па прапановах мясцовых органаў улады, былі вызначаны 9 раёнаў: 6 — у Віцебскай, 2 — у Магілёўскай і 1 — у Мінскай абласцях. «Той самы Вілейскі раён, дзе мы сёння знаходзімся. Мне дакладваюць, 3 „цяжкавагавікі“ — „Еўраторг“, „Табак-Інвест“ і „Дабраном“ — прыступілі да работы. Вызначаны маршруты руху, набыты аўтакрамы, узгоднены асартыментныя пералікі тавараў. Дзелавая ініцыятыва запрацавала — нават пачалі ўстанаўліваць нестацыянарныя гандлёвыя павільёны. Мы іх сёння ўбачылі і ацанілі. Добрая справа», — даў станоўчую ацэнку Прэзідэнт. 

Ён дадаў, што, на думку ўрада, эксперымент паспяховы. «Як цяпер модна, у сацыяльных сетках жыхары выказваюць аналагічнае меркаванне. Мы паслухаем сёння не толькі мінскіх начальнікаў, але і кіраўнікоў раёнаў, напрыклад Касцюковічы, — адзначыў Прэзідэнт. — Але ў мяне ёсць пытанне: чаму, нягледзячы на зацверджаныя дакументы і існуючы станоўчы вопыт, фактычна да абслугоўвання вяскоўцаў прыступілі толькі некалькі гандлёвых сетак? А астатнія? Што, угразлі ў эксперыменце?»

Урадам унесены праект указа — пералік абавязацельстваў буйных гандлёвых сетак па абслугоўванні сельскага насельніцтва, а таксама прэферэнцый для суб’ектаў гаспадарання, якія хочуць аказваць паслугі ў сельскай мясцовасці. У дадзены праект таксама ўключана норма аб маштабаванні на ўзровень рэспублікі эксперыменту, які праводзіцца ў асобных раёнах.

«Па выніках абмеркавання сёння прымем рашэнне аб мэтазгоднасці выдання такога дакумента», — сказаў беларускі лідар.

Якасць абслугоўвання — «пакуль нездавальняюча»

Другі момант, які вылучыў Прэзідэнт, — якасць абслугоўвання. «Калі коратка — пакуль нездавальняюча. Паводле даклада Камітэта дзяржкантролю, за 6 месяцаў з 1021 праверанага гандлёвага аб’екта ў 90 % парушэнні. Пратэрміноўка, тухляціна і іншае. Гэтага быць не павінна, гэта катастрофа», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Якасць абслугоўвання сельскага насельніцтва, па словах беларускага лідара, пакідае жадаць лепшага. «Асартыментны пералік тавараў, парушаюцца санітарныя нормы — гэта проста абуральна і недапушчальна, — папярэдзіў усіх адказных Прэзідэнт. — Да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута пэўная колькасць людзей, закрываліся аб’екты. Таксама дрэнна!»

«Чакаем адказу на два класічныя рускія пытанні — хто вінаваты і што будзем рабіць»

Трэці пункт — работа Белкаапсаюза. «Урад і кіраўніцтва спажыўкааперацыі так і не змаглі забяспечыць яе эфектыўнасць. Кіраўнік гаворыць, што гэта не так. Паслухаем. Самы буйны гулец на сельскім рынку тавараў і паслуг. І больш за тое, у некаторай ступені арганізатар і рэгулятар. Разам са старшынёй райвыканкама пад кантролем аблвыканкама яны павінны бачыць населеныя пункты ў краіне (у дадзеным выпадку — у раёне) і рэгуляваць маршруты аўтакрам і стацыянарных пунктаў», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Колькасць магазінаў у сельскай мясцовасці за мінулы год скарацілася на 314 аб’ектаў, аўтакрам стала на 13 менш. Застаецца стратнай работа арганізацый рознічнага гандлю Белкаапсаюза. За студзень — чэрвень 2026 года чыстая страта склала 16,5 мільёна рублёў, павялічыўшыся ў 11 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га. «Калі гэта так, гэта жах», — абурыўся беларускі лідар. Пры гэтым арганізацыі спажыўкааперацыі закрэдытаваныя (на 1 ліпеня 2026 года пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць склала 86 мільёнаў рублёў, або 15 % ад агульнай сумы крэдыторскай запазычанасці). 

За студзень — чэрвень 2026 года ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года тэмпы аб’ёмаў вытворчасці безалкагольных напояў склалі 54 %, напояў ферментаваных — 58,8 %, вады мінеральнай — 46 %, хлеба — 92 %, прадуктаў з мяса — 91 %. «Але самае трывожнае — у вас хутка проста не будзе каму працаваць... Таму, Інэса Леанідаўна (Караткевіч. — старшыня праўлення Белкаапсаюза. — „Зв.“), ад вас сёння чакаем адказу на два класічныя рускія пытанні — хто вінаваты і што будзем рабіць».

«Абслугоўвайце насельніцтва так, як ад вас патрабуюць»

Чацвёрты кірунак — работа аўтакрам. Тут ёсць прэтэнзіі і да спажыўкааперацыі, і да іншых гандлёвых сетак, звярнуў увагу Прэзідэнт. Паводле яго слоў, людзі па-ранейшаму скардзяцца на рэжым работы, маршруты руху і асартымент: «Мужыкі, скажу вам па-мужчынску, хопіць балавацца. Абслугоўвайце насельніцтва так, як ад вас патрабуюць. Я ўжо сказаў, дапамагаць вам будзем, але і патрабаваць будзем жалезабетонна».

Маніторынг Вілейскага раёна, які праводзіла Адміністрацыя Прэзідэнта, паказаў, што нават такіх прадуктаў, як яблыкі, цыбуля, буракі, бульба, у асобных аўтакрамах не было ў продажы. Хоць запыт ад пакупнікоў быў. 


«Ну тут дваяка можна разглядаць. Ужо «дастукаліся» ў вёсцы да таго, што няма ні цыбулі, ні бульбы, ні буракоў. Я бульбу амаль не ўжываю, цыбулю часам, але ў мяне ў дастатковай колькасці на ўласных градках расце „баршчовы набор“ у поўным складзе. А ў нас сяляне скардзяцца: жывуць, паўгектара зямлі, ды і свабоднай колькі, і не могуць цыбулю пасадзіць! Гэта з аднаго боку. Але калі ёсць попыт, чаму мы не задавальняем яго? Гэта другі бок. І гэта па ўсёй краіне», — заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў леташнюю сітуацыю з няхваткай бульбы, завоблачнымі цэнамі на яе. «Цяпер з улікам сезоннасці гэтыя пытанні не такія актуальныя, але зіма не за гарамі. Я пра стабілізацыйныя фонды. Думаю, тут ёсць над чым працаваць далей кіраўніцтву гандлёвых сетак, райвыканкамам і іншым. Займіцеся гэтым сёння, — даручыў беларускі лідар. — Ужо я не буду разбірацца: хто мае рацыю, хто вінаваты. Я буду глядзець на тое, хто павінен быў заключыць дагавор, у рамках стабілізацыйных фондаў адвезці людзям пад патрэбы прадукты, а хто павінен рэалізаваць».

Акрамя таго, працягнуў беларускі лідар, Камітэт дзяржкантролю дакладвае, што маюць месца выпадкі несвоечасовага інфармавання насельніцтва аб змене графікаў руху аўтакрам, адзначаецца фармалізм у рабоце мясцовых улад па ўзгадненні маршрутаў руху прыватнікаў, а таксама стварэнне няроўных умоў гаспадарання. 

«Доля беларускай прадукцыі на ўнутраным рынку — адзін з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці вашай работы»

Пяты кірунак, на якім падрабязна спыніўся Прэзідэнт: прыярытэт — айчынным таварам. «Дамаўляемся: доля беларускай прадукцыі на ўнутраным рынку — адзін з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці вашай работы. Уладальнікі сетак таксама нясуць адказнасць за фарміраванне попыту менавіта на карысць айчыннага. Але пакуль з названай задачай вы не спраўляецеся. І гэта пытанне да старшынь аблвыканкамаў і райвыканкамаў», — адзначыў беларускі лідар.

Па статыстыцы ў I паўгоддзі 2026 года ў цэлым назіраўся рост долі продажу беларускіх тавараў. «Але рост на ўзроўні хібнасці (0,1 %). Доля айчыннай прадукцыі на нашых прылаўках — крыху больш за палову (54,5 %). Але, будзем сумленныя, нават гэты невялікі рост — не паказчык поспехаў гандлю, а вынік павелічэння продажаў аўтамабіляў нашай народнай маркі „БелДжы“. Гэта значыць, не столькі гандаль добра спрацаваў, колькі дзяржава, якая дала людзям даступныя крэдыты», — канстатаваў Прэзідэнт. 

Паводле яго слоў, продажы айчынных харчовых тавараў падаюць. «На паўпрацэнта, але гэта тэндэнцыя. На фоне такіх лічбаў толькі за студзень — май гэтага года ў краіну ўвезена спажывецкіх тавараў на 7,5 мільярда долараў, што амаль на трэць больш (на 27 %), чым за аналагічны перыяд мінулага года. Куды ідзём?» — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў прадстаўнікоў гандлю не маўчаць пра недахоп пэўных тавараў, працаваць з айчыннымі вытворцамі, інфармаваць адказных людзей і ўрад. 

«Сёлета мы, на жаль, імпартавалі тое, што выпускаем самі. Сталі ўвозіць больш халадзільнікаў, маразільнікаў, гарсэтных, панчошна-шкарпэткавых вырабаў, гадзіннікаў бытавых. Чаго не хапае, што перашкаджае? Можа, якаснага маркетынгу, якасці самой прадукцыі, гнуткай цэнавай палітыкі, крэдытнай падтрымкі? — паставіў пытанні кіраўнік дзяржавы. — У справаздачах пішаце, што такая сітуацыя з-за актыўнага развіцця інтэрнэт-гандлю, перш за ўсё маркетплэйсаў. Яны без дзяржпадтрымкі прырастаюць, а вы свой рынак губляеце. Ну дык бярыце з іх прыклад».

Разам з тым на заканадаўчым узроўні работа маркетплэйсаў да цяперашняга часу не ўрэгулявана. «Грошы, якія маглі б застацца ў Беларусі, у айчыннага вытворцы, выцякаюць з нашай эканомікі за мяжу», — заўважыў Прэзідэнт.

Увага ўрада, аблвыканкамаў, вытворцаў, кіраўнікоў гандлёвых прадпрыемстваў павінна быць звернута да беларускіх тавараў, і іх павінна быць дастатковая колькасць для задавальнення ўнутранага попыту, нацэліў Прэзідэнт. У якасці прыкладу ён прывёў сезон гатавання варэння і нарыхтовак на зіму, які праходзіць у цяперашні час. У сувязі з гэтым традыцыйна павышаецца попыт на цукар. 

Беларускі цукар па цане таннейшы, чым ва ўсіх краінах СНД. У Беларусі — 650 долараў без ПДВ за тону, ва Узбекістане — 820 долараў, Казахстане — 775 долараў, у Расіі — 745 долараў. «Нельга дапусціць, каб наш айчынны цукар сталі вывозіць па схемах „шэрага“ экспарту ў сумежныя краіны», — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы.

«Парушэнні дысцыпліны цэн дапускаюцца паўсюдна»

Шосты пункт — цэны і цэнаўтварэнне. «У 2026 годзе, як Белстат дакладвае, назіраюцца ўмераныя тэмпы росту на спажывецкім рынку. Цэны на тавары і паслугі ў чэрвені гэтага года выраслі прыкладна на 3 % (2,9 %) у адносінах да снежня мінулага года. Быццам бы нядрэнна, але супакойвацца нельга, гэта ж рост», — заўважыў беларускі лідар.

Аднак па асобных таварах рост цэн вышэйшы: на капусту — на 38 %, цыбулю — на 24 %, буракі — на 17 %. «Парушэнні дысцыпліны цэн дапускаюцца паўсюдна. Нават крымінальныя справы распачынаем», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

10 ліпеня 2026 года выдадзена пастанова Савета Міністраў № 359, якой скарочаны пералік тавараў, што рэгулююцца, са 199 да 76 пазіцый (72 пазіцыі — харчовыя тавары і 4 — нехарчовыя). «Паглядзім, як ваша рашэнне спрацуе ў перспектыве. Але стрымліванне цэн і інфляцыі ў запланаваным калідоры — за ўрадам», — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт таксама закрануў такую важную тэму, як вызначэнне формулы справядлівай цаны. «Механізм урадам так і не выпрацаваны, — канстатаваў ён. — Першапачаткова прапаноўвалася весці маніторынг з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы „Аналіз цэн“. Памятаю, я папярэджваў на пасяджэнні ўрада, што вы можаце ствараць якую заўгодна сістэму, але яна павінна даваць вынік. Цяпер як быццам яе „кансервуюць“. І я цяпер гавару не пра штучны інтэлект, а пра кіраўнічы, дзе ёсць задачы і адказнасць».

Кіраўнік дзяржавы заклікаў адказных асоб дакладваць без філасофіі і па сутнасці.

«Не гаварыце, а дзейнічайце»

Як адзначыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч, сёння сам гандаль, гандлёвая галіна і сеткавыя арганізацыі знаходзяцца ў кіраваным стане з боку дзяржавы. На спажывецкім рынку прадстаўлены досыць шырокі асартымент тавараў, а пакупніку ёсць з чаго выбраць.

«Ці ўсюды прадстаўлены і ёсць з чаго выбраць?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

«У залежнасці ад гандлёвага аб’екта, аўтакрамы. У асноўным добра, але ёсць і недахопы, на якія мы звяртаем першачарговую ўвагу», — адказаў міністр.

Да асноўных прыярытэтных пытанняў, якія сёння стаяць перад рэгулятарам, Артур Карповіч вылучыў асартымент і якасць тавараў, захаванне гандлем абавязковых асартыментных пералікаў, тэрмін прыдатнасці, прадстаўленасць і папулярызацыя беларускіх тавараў. Ён дадаў, што міністэрствам заключана каля тысячы пагадненняў з гандлёвымі арганізацыямі, вытворцамі, органамі ўлады і кіравання па прасоўванні тавараў айчыннай вытворчасці.

Аднак у Камітэта дзяржкантролю на гэты конт аказалася іншае меркаванне. Васіль Герасімаў звярнуў увагу, што ў гэтых пагадненнях не прапісаная адказнасць гандлёвых сетак за невыкананне. «Сеткі фармальна падышлі, падпісалі», — заявіў кіраўнік КДК. Ён таксама пазначыў праблему з вялікай колькасцю імпартных тавараў.

Сваё меркаванне на гэты конт выказаў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў: «Пытанне не ў тым, што пастаўляецца на імпарт, а ў тым, што часам нашы вытворцы не могуць зрабіць тое, што запатрабавана пакупніком». Гэта, паводле яго слоў, не датычыцца стандартных прадуктаў штодзённага спажывання, якраз яны прадстаўлены ў гандлёвых сетках на 99 % таварамі айчыннай вытворчасці.

У гэтай сувязі Прэзідэнт даручыў кіраўніцтву Адміністрацыі Прэзідэнта і КДК правесці праверку і далажыць. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што пара паставіць кропку ў гэтым пытанні і перайсці ад балбатні і разваг да канкрэтных крокаў. «Дзе не трэба гаварыць — там не гаварыце, а дзейнічайце», — запатрабаваў ён, дадаўшы, што ў дзяржорганаў ёсць дастаткова паўнамоцтваў і спосабаў дабівацца выканання прынятых рашэнняў, трэба толькі ўмець ставіць задачы.

Прэзідэнт паставіў задачу перад гандлем на сяле забяспечыць нармальную якасць і асартымент з акцэнтам на айчынныя тавары.

«Я разумею, што непапулярны цяпер у Тапузідзіса (Павел Тапузідзіс, уладальнік адной з буйных гандлёвых сетак. — „Зв.“) і яго калег з сетак. Яны ж у нас рыначнікамі сталі ўмомант, самымі багатымі людзьмі. І забываюць, што ў саракаградусную спякоту ў камбайне сядзіць звычайны чалавек, селянін, — катэгарычна заўважыў беларускі лідар. — Людзі (падобныя да гэтага камбайнера. — „Зв.“), пра якіх мы гаворым, не патрабуюць ад нас імпартнага. Яны не патрабуюць іспанскі хамон. Патрабуюць звычайнае мяса завезці (у крамы на сяле і аўтакрамы. — „Зв.“), малочныя прадукты. Але каб свежыя, нармальныя. Трэба нармальны хлеб завезці. Яны маюць на гэта права. Беларускае — тое, што мы вырабляем, — павінна быць. І кропка! Не вырабляем — добра, завезлі. Хай купляюць і ядуць».

Аляксандр Лукашэнка ў апошні раз папярэдзіў адказных асоб і кіраўнікоў сетак наконт таго, што ў пакупніка на сяле павінен быць якасны асартымент.

«Я змагаюся за вёску, каб яна захавалася»

Пасля нарады па пытаннях забеспячэння сельскага насельніцтва шырокім асартыментам тавараў пад поўную патрэбу Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з жыхарамі Вілейскага раёна. Сотні чалавек сабраліся каля будынка Вілейскага райвыканкама, каб павітаць беларускага лідара. Шчырая размова з людзьмі і жывыя эмоцыі — гэта стала самым цёплым момантам рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы на поўнач Міншчыны.

Падчас шчырай і прадметнай размовы беларускі лідар выказаўся аб неабходнасці захаваць вёску. «Я змагаюся не за калгасы, саўгасы, прыватнікаў. Не за сельскую гаспадарку нават. Я змагаюся за вёску, каб яна захавалася ў нейкім выглядзе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць развіваць інфраструктуру ў сельскай мясцовасці, забяспечваючы насельніцтва ўсім неабходным. Адным з крокаў у гэтым кірунку стала стварэнне аграгарадкоў. «Насельніцтва на хутарах жыць ужо не будзе — яно хоча жыць у горадзе. Давайце створым сельскі горад, аграгарадок», — звярнуўся да жыхароў Вілейкі ён.


Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за бягучую пяцігодку будзе пракладзена дарога да кожнага аграгарадка, які яшчэ не валодае ёй. «План мы ўжо вызначылі, грошы выдзелілі, пачалі будаваць там, дзе не пабудавалі. Але ў асноўным ужо і дарогі ёсць», — канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што менавіта пытанні абслугоўвання жыхароў вёскі сталі адной з цэнтральных тэм яго камандзіроўкі ў Вілейскі раён. Апошні ў ліку іншых быў выбраны для эксперыменту па паляпшэнні гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва з удзелам буйных сетак. На нарадзе Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: калі такія сеткі хочуць збіраць прыбытак у вялікіх гарадах, яны павінны ўзяць на сябе адказнасць і за аддаленыя вёсачкі.

«Цытую яшчэ раз: у труне кішэняў няма. Калі ты зарабіў, можаш камусьці дапамагчы — дапамажы. Не трэба сабе набіваць кішэні», — арыентаваў Прэзідэнт.

«Нашым беларусам трэба не спаць, трэба варушыцца»

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў тэзіс, што беларусы сталі жыць лепш. Пры гэтым, дадаў ён, трэба варушыцца. «Непапулярна скажу: людзі нашмат лепш сталі жыць. І той, хто хоча добра жыць, можа добра жыць. Так склалася сёння: вайна там, вайна там... Расія, Усход праз Беларусь сёння маюць зносіны з Захадам — Еўропай. Вялізны паток ідзе праз нас, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Хтосьці тармозіць — гэта канкурэнцыя, ідзе барацьба. Але нашым беларусам трэба не спаць, трэба варушыцца».

Прэзідэнт перакананы, што сёння чалавек можа зарабіць на любым патоку. І прадпрымальныя людзі зарабляюць. «Хтосьці не хоча — так і жыве тады. Інакш і быць не можа, як бы гэта непапулярна ні гучала», — выказаў упэўненасць ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што сёння ў беларусаў ёсць магчымасці, якіх не было дзесяцігоддзі таму. Гэта датычыцца ў тым ліку працаўладкавання і заробку. «Працуй дзе хочаш, зарабляй», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён зноў выказаўся аб неабходнасці выконваць дысцыпліну і старанна працаваць на сваіх месцах. З борта верталёта Прэзідэнт вывучыў стан палёў цэнтральнага рэгіёна і адзначыў, што ў Вілейскім раёне неабходна павышаць культуру земляробства. «Я быў у Брэсцкай, Гродзенскай абласцях — такія ж глебы і землі. А працуюць яны лепш. У Мінскай вобласці вазьміце поўдзень — людзі варушацца, працуюць», — заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка параўнаў стан зямель у Вілейскім раёне з горшымі раёнамі Віцебскай вобласці ў плане сельскай гаспадаркі: «Віцебская вобласць таксама розная. Талачын, Орша, Сянно, Дуброўна, Віцебск — больш-менш, нічога. А на поўначы (Верхнядзвінск і іншае) — гэта як у вас тут. Таму вам трэба трошкі падцягвацца».

Станоўчыя змены, якія бачныя і за мяжой

Пазітыўныя змены, якія адбываюцца ў краіне, заўважаюць і расіяне. Да кіраўніка дзяржавы звярнулася грамадзянка Расіі, якая ўжо дзесяць гадоў жыве ў Беларусі. Пераезд быў звязаны з працай мужа. Цяпер жанчына працуе ў адной з беларускіх арганізацый і адзначае, што тут усё робіцца для людзей.

«Вы — кумір майго бацькі», — шчыра прызналася яна.

«Я хацеў бы, каб яшчэ і вашым кумірам быў», — па-добраму заўважыў Прэзідэнт.

«Вы і мой кумір. Калі я пераязджала ў Беларусь, бацька мне сказаў: „Ты павінна зрабіць фатаграфію з Аляксандрам Рыгоравічам“. Можна?» — звярнулася да беларускага лідара жанчына.

«Вядома, можна», — пагадзіўся Прэзідэнт.

Яшчэ адзін расіянін — жыхар горада Чэхава Маскоўскай вобласці — прыехаў у Беларусь адпачыць. «Самы спакойны і бяспечны адпачынак — у Беларусі», — канстатаваў расіянін.

«Прыязджайце часцей. У Вілейцы можна не толькі адпачыць, але і парыбачыць на вадасховішчы», — заўважыў на гэта Аляксандр Лукашэнка.

Таксама кіраўнік дзяржавы пагутарыў са шматдзетнай сям’ёй з Вілейскага раёна. Міхаіл і Алеся Філістовічы выхоўваюць 11 родных дзяцей. Сям’я ўзяла ўчастак у вёсцы, вядзе сваю гаспадарку. Міхаіл прызнаецца: атрымліваецца пакуль не ўсё, але рукі не апускаюць і імкнуцца па максімуму ўладкаваць камфортны побыт. «Узялі ўчастак — 50 гектараў зямлі. Распрацавалі пакуль 20. Мы прыйшлі вам сказаць вялікі дзякуй», — звярнуўся шматдзетны бацька да Прэзідэнта.

«Дзяцей 11, 20 гектараў зямлі — малайчына!» — заўважыў беларускі лідар.

Сёлета сям’я Філістовічаў атрымала ад кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама нечаканы і вельмі патрэбны падарунак — прасторны мікрааўтобус, у якім бацькі без складанасці змогуць перавозіць усіх дзяцей. А адна з дачок, Кацярына, папрасіла губернатара Аляксея Кушнарэнку паціснуць ад яе руку кіраўніку дзяржавы. Але так склалася, што змагла гэта зрабіць асабіста — падчас размовы з Прэзідэнтам. А яшчэ дзяўчынка прызналася, што ў будучыні хоча стаць кранаўшчыцай. Аляксандр Лукашэнка ацаніў такі незвычайны выбар. «Ну ты і ступіла! Я ж вышыні баюся», — шчыра прызнаўся ён. 

На заканчэнне шматдзетная сям’я зрабіла фота на памяць з Прэзідэнтам. «Адзінаццаць дзяцей — гэта рэдкасць, малайчына», — зноў адзначыў беларускі лідар.

«Якія б санкцыі ні ўводзілі, да нас прыедуць»

Звяртаючыся да жыхароў Вілейкі, Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што цэны на прадукты харчавання ў свеце будуць толькі расці. «Харчаванне будзе толькі даражэць. 10 мільярдаў долараў мы зарабілі на харчаванні за мінулы год. На нафце столькі людзі не атрымліваюць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У пацвярджэнне сваіх слоў кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на кліматычныя ўмовы, якія склаліся ў еўрапейскіх краінах. Сёлета Еўропа сутыкнулася з беспрэцэдэнтнай спякотай. Гэта выклікае праблемы з забяспечанасцю харчаваннем з прычыны ўплыву надвор’я на сельскую гаспадарку. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што беларуская прадукцыя будзе запатрабавана і ў еўрапейскіх краінах.


«Якія б санкцыі ні ўводзілі, да нас прыедуць. Увялі санкцыі — ну і што? Мы ўсё сваё прадаём. Хай гэта трошкі даражэй нам абыходзіцца, але вытрымаем. А паціху да нас, да нас», — дадаў ён.

Прэзідэнт патлумачыў, чаму адкрывае граніцы з еўрапейцамі. «Не толькі таму, што мы любім палякаў, літоўцаў і латышоў. Мы да іх добра ставімся — гэта не чужыя нам людзі, нашы суседзі ад Бога, — паведаміў кіраўнік дзяржавы. — Яны да нас прыязджаюць, купляюць, што трэба, і самі возяць (да сябе ў краіну. — „Зв.“). Не трэба туды везці прадаваць. Людзі прыязджаюць і купляюць, а нам трэба прадаць. Каб жыць, каб была валюта. Вось і ўсё».

«Для таго каб мір быў, я вам простую формулу назаву: трэба працаваць самім»

Беларускі лідар таксама агучыў формулу, якая дапаможа захаваць мір у нашай краіне. Прэзідэнт заўважыў, што раней беларусаў нярэдка крытыкавалі: маўляў, пастаянна гавораць, што патрэбен мір. Асабліва часта такія папрокі гучалі з боку так званай апазіцыі. Але праз час, асабліва ў апошнія гады, усім стала зразумела, што мір — гэта вялікая каштоўнасць.

«Цяпер усе мараць, каб быў мір. І яшчэ невядома, як будзе. Для таго каб мір быў, я вам простую формулу назаву: трэба працаваць самім. Хлеб збярэм, зааром усе палі, у прамысловасці будзем працаваць і прадаваць прадукцыю — будзе мір, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Як толькі перастанем працаваць, тыя, хто не працуе, пачнуць красці ў тых, хто працуе. Пачнецца бойка — прыйдзем да вайны».

Прэзідэнт адзначыў, што вайна ва Украіне пачыналася менавіта з унутранай блытаніны, крадзяжу і карупцыі. «Краіна багатая, кішэні набівалі — і дайшлі да вайны. Вось гэтага дапусціць нельга», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

г. Вілейка

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю