Top.Mail.Ru

Ганаровае званне «Крэпасць-герой» Брэсцкай крэпасці было прысвоена роўна 60 гадоў таму

«Я — крэпасць, вяду бой»

Брэсцкая крэпасць стала сімвалам мужнасці і стойкасці нашага народа, яго волі да Перамогі, бо першай сустрэла нападзенне карычневай чумы на нашу краіну, прадэманстравала небывалае супраціўленне. Словы Канстанціна Сіманава вельмі ёмка гэта перадаюць: «Калі гавораць аб мужнасці, успамінаюць Брэст, калі гавораць аб выпрабаваннях, успамінаюць Брэст, калі гавораць аб жыццях, аддадзеных за нашу зямлю, успамінаюць Брэст. Гэта агульны для нас пачатак вайны, сімвал гэтага пачатку — трагічнага і гераічнага...»

У дзень нападу Германіі на Савецкі Саюз у Брэсцкай крэпасці дыслацыравалася 7 стралковых батальёнаў і адзін разведвальны, два артылерыйскія дывізіёны, некаторыя спецпадраздзяленні палкоў і часцей, зборы прыпіснога складу асобных часцей. На жаль, часці не былі разгорнуты па-баявому і не займалі пазіцый на памежных рубяжах. Некаторыя падраздзяленні знаходзіліся ў лагерах, на палігонах, на будаўніцтве ўмацавальнага раёна. На момант нападу ў крэпасці было ад 7 да 8 тысяч савецкіх воінаў, а таксама 300 сем’яў ваеннаслужачых. Пра ўсё гэта падрабязна расказваюць у Музеі абароны Брэсцкай крэпасці.

З першых хвілін вайны Брэст і крэпасць падвергліся масіраваным бамбардзіроўкам з паветра і артылерыйскаму абстрэлу. Штурмавала Брэсцкую крэпасць нямецкая 45-я пяхотная дывізія (17 тысяч салдат і афіцэраў) ва ўзаемадзеянні з 31-й і 34-й пяхотнымі дывізіямі 4-й нямецкай арміі, а таксама дзве танкавыя дывізіі групы арміі Гудэрыяна пры актыўнай падтрымцы авіяцыі і артылерыі. Вораг разлічваў знянацку захапіць цытадэль, прымусіць савецкі гарнізон капітуляваць. А перад гэтым праціўнік вёў прыцэльны ўраганны абстрэл крэпасці, прасоўваючы шквал агню кожныя 4 хвіліны на 100 метраў углыб. У выніку абстрэлу і пажараў большасць складоў, матэрыяльная частка гарнізона былі знішчаны, разбураны, перастаў дзейнічаць водаправод, перарвалася сувязь. А штабы часцей знаходзіліся ў горадзе. Значная частка байцоў і камандзіраў загінула адразу, гарнізон крэпасці аказаўся раздзелены на асобныя групы.

У самым пачатку вайны ў бой з праціўнікам уступілі пагранічнікі на Цярэспальскім умацаванні, чырвонаармейцы і курсанты палкавых школ. Іх упартае супраціўленне дазволіла раніцай 22 чэрвеня выйсці з крэпасці амаль палове асабовага складу, вывезці некалькі пушак і лёгкіх танкаў у раёны дыслакацыі сваіх часцей, эвакуіраваць першых раненых. У крэпасці заставалася каля 4 тысяч савецкіх воінаў.

Праціўнік меў амаль 10-кратную перавагу. Кожнае з падраздзяленняў арганізоўвала абарону як магло. Днём 

24 чэрвеня адбылася нарада камандзіраў і палітработнікаў, дзе вырашалася пытанне аб стварэнні зводнай баявой групы. Камандзірам групы быў прызначаны капітан Зубачоў, яго намеснікам — палкавы камісар Фамін. Рабіліся спробы прарваць акружэнне, але яны аказаліся няўдалымі, вораг знішчаў смельчакоў.

Невялічкі ж гарнізон, які заставаўся ў крэпасці, працягваў змагацца з неверагоднай стойкасцю. Чырвонаармейцам даводзілася адбіваць па 6-8 атак у дзень. Фашысты пусцілі ў ход танкі, агнямёты, газы, падпальвалі і скочвалі са знешніх валоў бочкі з гаручай сумессю. У поўным акружэнні, без вады і ежы, пры поўнай няхватцы боепрыпасаў, медыкаментаў гарнізон біўся з ворагам. Да сярэдзіны ліпеня ва Усходнім форце змагалася невялікая група байцоў на чале з маёрам Гаўрылавым. Цяжка паранены, знясілены, ён трапіў у палон 23 ліпеня. Але і пасля гэтай даты асобныя воіны працягвалі супраціўленне

Апошнія дні барацьбы авеяны легендамі. Пасля вызвалення на сценах крэпасці знойдуць надпісы, пакінутыя абаронцамі: «Памром, але з крэпасці не сыдзем», «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20.07.41 г.». Дарэчы, ніводны са сцягоў вайсковых часцей, якія змагаліся ў крэпасці, не дастаўся ворагу.

Абаронцы крэпасці — воіны больш чым 30 нацыянальнасцяў — да канца выканалі свой вайсковы абавязак, здзейснілі адзін з найвялікшых подзвігаў у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пазней званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена маёру Гаўрылаву і лейтэнанту Кіжаватаву. Каля 200 удзельнікаў абароны ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

А 8 мая 1965 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР крэпасць атрымала ганаровае званне «Брэсцкая крэпасць-герой». З 1968-га на тэрыторыі крэпасці вялося будаўніцтва мемарыяльнага комплексу, які быў урачыста адкрыты 25 верасня 1971 года. Сёння мемарыяльны комплекс з’яўляецца адным з найбольш пазнавальных і папулярных турыстычных аб’ектаў Беларусі. Яго ўжо наведала 27 мільёнаў чалавек з розных краін.

Паводле слоў дырэктара мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Аляксандра КАРКАТАДЗЭ, толькі за першыя тры месяцы 2025-га ў крэпасці пабывалі наведвальнікі з 10 краін свету, а летась тут прымалі экскурсантаў з 29 дзяржаў: «Нягледзячы на спробу фальсіфікацыі гісторыі, яе перапісвання, перагляду рашучага ўнёску савецкага народа ў справу Перамогі, людзі едуць у Брэсцкую крэпасць. Едуць, каб даведацца праўду.

Цікавасць да нашага мемарыяла расце. Яшчэ адзін пласт работы, якую вядзе калектыў мемарыяльнага комплексу, — гэта ўдзел ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў па патрыятычным выхаванні моладзі. На плошчы Цырыманіялаў прымаюць у піянеры, уручаюць студэнцкія білеты, воіны даюць прысягу. У нас праходзяць музейна-педагагічныя заняткі, выязныя лекцыі, працуюць перасоўныя выставы».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю