Эксперты з Гомеля ўстанавілі факт падробкі купюры ў 50 еўра, паведаміла БелТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці Ганна Кадолава.
Шараговая валютна-абменная аперацыя ў абласным цэнтры завяршылася выклікам міліцыі і прызначэннем тэхнічнай экспертызы дакументаў.
Інцыдэнт адбыўся ў канцы верасня. У адным з банкаў гамяльчанін перадаў касіру долары і еўра для абмену на беларускія рублі. «Усумніўшыся ў сапраўднасці адной з купюр, супрацоўніца банка націснула трывожную кнопку. Банкнота наміналам 50 еўра другой серыі „Еўропа“ была перададзена на экспертызу ў Гомельскі міжраённы аддзел ДКСЭ», — расказала Ганна Кадолава.
Тэхнічная экспертыза паказала, што доследны грашовы білет выраблены не профільным прадпрыемствам. Купюра падробленая, яна мела шэраг істотных адрозненняў ад арыгінала. Акрамя гэтага, на ёй адсутнічалі рэгламентаваныя сродкі абароны.
«Ні ў якім разе не варта спрабаваць збыць падробку на рынку або ў краме — можна стаць саўдзельнікам злачынства. Уважлівасць і пільнасць — галоўныя саюзнікі ў барацьбе з фальшываманетчыкамі», — нагадалі ў рэгіянальным упраўленні ДКСЭ.