Следчае ўпраўленне УСК па Гомельскай вобласці завяршыла расследаванне шматэпізоднай крымінальнай справы аб махлярстве ў дачыненні да жыхара Гомеля.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК Гомельшчыны Марыя Крываногава, у спецыялізаванай Viber-групе фігурант шукаў прыватныя заказы на выкананне будаўнічых і рамонтных работ. Ён звязваўся з заказчыкам, выязджаў на аб’ект, абмяркоўваў аб’ём, тэрмін і кошт меркаваных работ. «Гамяльчанін пазіцыянаваў сябе як высакакласны спецыяліст, які здольны хутка, якасна, па прыемнай цане задаволіць усе запыты кліента», — адзначыла Крываногава.
Мужчына браўся за рамонт кватэры і абсталяванне лазні, кладку тратуарнай пліткі, выраб лесвіц і пячнога комплексу, а таксама іншыя заказы. Прапаноўваў кліентам паслугу па закупцы будматэрыялаў у «сваіх» пастаўшчыкоў па цэнах ніжэйшых за рыначныя. Пры гэтым пераконваў: такая схема не прадугледжвае выдачу касавых чэкаў.
Як расказалі пацярпелыя, майстар рабіў уражанне знаўцы сваёй справы. Яму верылі на слова і не патрабавалі пісьмовай дамовы на аказанне паслуг. Пры перадачы грошай на набыццё матэрыялаў здавольваліся яго распіскай. Акрамя таго, некалькі чалавек у працэсе зносін неабачліва адгукаліся на просьбы майстра даць яму грошы ў доўг.
«Фігурант шчодра раздаваў абяцанні, прымаў ад заказчыкаў наяўныя, а затым пад рознымі падставамі ссоўваў тэрміны дастаўкі будтавараў і пачатку работ. Пасля настойлівых званкоў кліентаў на аб’екты завозілася малая частка аплачаных матэрыялаў, прычым ніжэйшай заяўленай якасці. Калі выканаўца пачынаў работы, многіх грамадзян проста спасцігала расчараванне».
Самай буйной замовай майстра стала ўзвядзенне прыватнага дома ў Гомелі. Кліент па вуснай дамоўленасці з фігурантам даверыў яму куратарства ўжо распачатай будоўлі: разлік і набыццё матэрыялаў, падбор спецыялістаў, газіфікацыю і электрыфікацыю дома. Аднак замест дыхтоўнай пабудовы заказчык атрымаў зацягнутую будоўлю, невыкананне абавязацельстваў па закупцы матэрыялаў, нецвярозых работнікаў, парушэнне тэхналогіі. Калі выканавец вычарпаў крэдыт даверу, кліент звярнуўся ў міліцыю.
Па крымінальнай справе правялі ў тым ліку серыю вочных ставак паміж фігурантам і заказчыкамі. Пацярпелымі прызнаны 18 жыхароў Гомеля і Гомельскага раёна і адна юрыдычная асоба. Устаноўлена, што са жніўня 2022 года па снежань 2025-га абвінавачаны шляхам падману і злоўжывання даверам завалодаў маёмасцю і грашыма пацярпелых на агульную суму звыш 115 тыс. руб.
Жыхару Гомеля прад’яўлена абвінавачанне ў махлярстве, учыненым у асабліва буйным памеры КК. Мужчына ўзяты пад варту.