Top.Mail.Ru

«Галоўнымі мэтамі работы парламентарыяў былі і застаюцца бяспека, дабрабыт і ўпэўненасць грамадзян Беларусі ў заўтрашнім дні»

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сергяенкі І. П. на закрыцці трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання



Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Завяршаецца трэцяя сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання.

Яе заканадаўчы і міжнародны парадак дня, вынікі нашых стасункаў з выбаршчыкамі адлюстроўваюць практычна ўвесь спектр задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы і рашэннямі VII Усебеларускага народнага сходу.

Іх сутнасць простая і зразумелая грамадзянам — мірнае неба, бяспека на вуліцах, годная праца і якасць жыцця ў любым пункце Беларусі. На ўсё гэта і была накіравана наша заканатворчая дзейнасць. У цэлым у ходзе сесіі прынята 78 законаў.

З улікам развіцця ваенна-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне прыярытэтная ўвага нададзена нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці. Прыведзены ў адпаведнасць з абноўленай Ваеннай дактрынай асноватворныя законы ў гэтай сферы: аб абароне, аб Узброеных Сілах і аб ваенным становішчы. Удасканалена прававая база дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Прыняты рашэнні, якія абараняюць айчынных вытворцаў ад знешняга ціску і санкцый, што павышае эканамічную бяспеку краіны. 

Як падкрэслівае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, менавіта эканоміка з’яўляецца асноўным гарантам стабільнасці. Дысцыпліна, камфортныя ўмовы гаспадарання, рытмічная работа прадпрыемстваў, стварэнне навукаёмістых прадуктаў з высокай дабаўленай вартасцю — абавязковыя ўмовы дасягнення мэт Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026 — 2030 гады.

Важным крокам стала прыняцце Закона аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання. Значна аптымізавана дзейнасць рэгіструючых органаў і працэдур, якія здзяйсняюцца імі.

Устанаўленне прававых механізмаў па павышэнні якасці, эфектыўнасці і празрыстасці біржавых паслуг паслужыць не толькі развіццю ўнутранага гандлю, але і фарміраванню ў гэтай сферы адзінай прасторы Саюзнай дзяржавы, краін СНД, ЕАЭС, ШАС і БРІКС.

Міжнародную транзітную прывабнасць Беларусі забяспечваюць законы, якія датычацца дарожнай і чыгуначнай дзейнасці. З увядзеннем у сілу іх нормаў узрасце аператыўнасць і якасць работ, якія праводзяцца на аўтадарогах, бяспека на аб’ектах чыгуначнага транспарту, знізяцца рызыкі пры перавозцы небяспечных грузаў і грузаў стратэгічнага прызначэння.

У першым чытанні прыняты законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях лічбавага беларускага рубля». Тут мы ідзём у нагу з часам — аб запуску або планах укаранення сваіх лічбавых валют заявілі ўжо 130 краін, уключаючы Кітай, Індыю і Расію. Празрыстасць руху сродкаў, у першую чаргу бюджэтных, высокі ўзровень іх абароненасці, зніжэнне залежнасці ад міжнародных плацежных сістэм пры трансгранічных плацяжах — відавочныя перавагі, якія пазітыўна адаб’юцца на эканоміцы.

Многія прынятыя ў ходзе сесіі законы знаходзяцца на стыку рэалізацыі эканамічнай і сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Так, скарэкціраванае заканадаўства аб прадастаўленні пазык і лізінгу дазваляе суб’ектам гаспадарання абнаўляць асноўныя вытворчыя фонды з аднаго боку, а з другога — грамадзянам набываць неабходныя ў хатняй гаспадарцы тавары. Аналагічныя падыходы закладзены ў Водным кодэксе, законах па пытаннях нетракарыстання, пітнога водазабеспячэння і водаадвядзення.

Сур’ёзным рэзервам павышэння эфектыўнасці заканадаўчай дзейнасці з’яўляецца развіццё практыкі рэалізацыі дэпутацкіх ініцыятыў. У гэтых мэтах напрацоўваюцца неабходныя змястоўныя матэрыялы, якія ідуць ад жыцця. Ажыццяўляецца сістэмны аналіз сітуацыі ў выбарчых акругах, абагульняецца вопыт работы з грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі. Праводзяцца семінары, выязныя пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў і пастаянных камісій. Толькі за гэтую сесію адбылося каля 40 практыка-арыентаваных мерапрыемстваў.

Істотнай дапамогай тут таксама з’яўляецца вывучэнне замежнага заканадаўства, перш за ўсё расійскага. Гэта дазваляе звяраць нарматворчыя гадзіннікі з нашымі саюзнікамі і партнёрамі, адсочваць актуальныя сусветныя тэндэнцыі. У прыярытэце — тэмы лічбавай трансфармацыі, рэгулявання штучнага інтэлекту.

Атрымліваючы інфармацыю ад розных крыніц, мы абавязаны аператыўна рэагаваць на пытанні, якія ўзнімаюць выбаршчыкі, і выкарыстоўваць яе для выпрацоўкі сапраўды значных для эканомікі і насельніцтва заканадаўчых ініцыятыў.

Асаблівыя намаганні патрабуецца засяродзіць на кантролі за выкананнем урадам і іншымі органамі даручэнняў па рэалізацыі новых прававых нормаў, замацаваных у заключных палажэннях законаў. Адпаведны закон, які надзяляе Палату прадстаўнікоў такімі паўнамоцтвамі, ужо ўступіў у сілу. Гэтую работу неабходна паставіць на сістэмную аснову, не забюракратызаваць і выпрацаваць выразны механізм узаемадзеяння з урадам, вызначыўшы адказных. У бліжэйшы час гэта пытанне мы разгледзім на Савеце Палаты прадстаўнікоў, прымем адпаведныя рашэнні. Тым больш матэрыялы з Урада па законапраектах паступаюць.

Пры фарміраванні парадку дня наступнай сесіі прадбачым, што ў ліку прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнай стратэгіі вялікую цікавасць грамадства выкліча падрыхтоўка праекта Экалагічнага кодэкса і не менш важкага дакумента — Кодэкса аб ахове здароўя.

Таксама варта завяршыць комплексную работу над блокам законапраектаў у сферы сельскай гаспадаркі, якія разглядаліся і сёння, і прымаліся раней, адносна ветэрынарнай дзейнасці, ідэнтыфікацыі жывёл і гэтак далей. Пералічаныя тэмы знаходзяцца на асаблівым кантролі ў Кіраўніка дзяржавы.

Пры падрыхтоўцы законапраектаў будзе працягнута практыка запрашэння на пасяджэнні камісій рэгулятараў, правапрымяняльнікаў, спецыялістаў, экспертаў, кампетэнтных людзей, у тым ліку якія валодаюць вопытам па родзе сваёй папярэдняй дзейнасці, і сумесна знаходзіць прадуманыя, узважаныя рашэнні.

Падыход адзін — старанна разбірацца, каб не бударажыць людзей на пустым месцы. Пралічваць, як той ці іншы законапраект паўплывае на эканоміку, грамадства, і вывучыць магчымыя наступствы прыманага рашэння.

Сур’ёзна неабходна папрацаваць і над пакетам бюджэтна-падатковых законапраектаў на 2027 год. Дэпутаты ўваходзяць у склад адпаведных міжведамасных рабочых груп. У цяперашні час адпрацоўваюцца пытанні павышэння інвестыцыйнай прывабнасці беларускай эканомікі для замежных інвестараў; інструментаў росту заработнай платы ў бюджэтнай сферы; развіцця жылой, транспартнай і энергетычнай інфраструктуры ў мэтах скарачэння міжрэгіянальнай дыферэнцыяцыі і шэраг іншых.

Актыўна ўносьце свае прапановы, накіраваныя на павелічэнне даходнай часткі бюджэту, захаванне яго сацыяльнай накіраванасці, пераконвайцеся ў наяўнасці сродкаў для паўнавартаснага фінансавання зацверджаных праграм і падпраграм пяцігодкі.

Завяршаючы характарыстыку заканатворчых вынікаў сесіі, падкрэслю, што прыняцце 44 законапраектаў у сферы міжнароднага супрацоўніцтва гаворыць аб актыўным прасоўванні нашых нацыянальных інтарэсаў за мяжой па самых розных напрамках. Геаграфія такіх дагавораў уключае такія краіны, як Гвінея, Зімбабвэ, Інданезія, Іарданія, Лаос, Калумбія, Кыргызстан, М’янма, Нігерыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман, Пакістан, Расія і Уганда. Я маю ў дадзеным выпадку на ўвазе тыя дагаворы, якія заключаліся і ратыфікаваліся ў гэтай зале. 

Услед за атрыманнем статусу назіральніка ў Панафрыканскім парламенце і Азіяцкай парламенцкай асамблеі мы плануем падпісанне адпаведнага пагаднення ў бліжэйшы час у ходзе сустрэчы з кіраўніцтвам арабскага парламента.

Працягваюць развівацца нашы двухбаковыя адносіны з замежнымі дзяржавамі, у тым ліку з акцэнтам на паглыбленне гандлёва-эканамічных адносін. Пытанні ўмацавання супрацоўніцтва ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, рэалізацыі сумесных праектаў абмяркоўваліся на сустрэчах са Старшынёй Мажыліса Парламента Казахстана і кіраўніцтвам Азербайджанскай Рэспублікі. Зацікаўленасць у нарошчванні экспарту і прамысловай кааперацыі пацверджана Рэспублікай Саюз М’янма, якая прымала нашу дэлегацыю ў красавіку 2026 года. Дарэчы, узаемадзеянню з краінамі АСЕАН неабходна надаць дадатковы імпульс.

Актывізавалася работа на афрыканскім вектары. Упершыню ў гісторыі двухбаковых адносін адбыліся візіты ў Беларусь дэлегацый заканадаўчых органаў Алжыра і Зімбабвэ, падчас якіх былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве. І сёння неабходна прааналізаваць, як выконваюцца дамоўленасці, дасягнутыя на сустрэчах Прэзідэнта Беларусі з лідарамі гэтых дзяржаў, метадамі парламенцкага кантролю.

Кіраўнікі парламенцкіх груп падключыліся да работы міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, што спрыяе больш сур’ёзнаму ўключэнню дэпутацкага корпуса ў вырашэнне задач па выкананні «дарожных карт» з замежнымі дзяржавамі. І надалей, плануючы міжнародную дзейнасць, нам трэба зыходзіць з устаноўкі, што ўсе нашы намеры павінны паступова набываць рысы канкрэтных дзеянняў, накіраваных на рэалізацыю міждзяржаўных дамоўленасцяў.

Прагматычнае, раўнапраўнае партнёрства і развіццё цеснага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ёсць, па сутнасці справы, безальтэрнатыўны шлях да мірнага і ўстойлівага развіцця. Вернасць дадзенага пастулату пацвярджаюць саюзніцкія адносіны Беларусі і Расіі. Менавіта глыбокая эканамічная інтэграцыя дазваляе дзвюм суверэнным дзяржавам не толькі адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы, але і прасоўваць у міжнароднай супольнасці міралюбны, аб’яднальны парадак дня.

Гэта даказваюць вынікі праведзенага ў Брэсце па ініцыятыве Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі Міжнароднага форуму Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня». Яго дыскусійныя пляцоўкі аб’ядналі ўдзельнікаў з краін СНД, Еўропы, Азіі і Лацінскай Амерыкі, якія падзяляюць нашу прыхільнасць прынцыпам гуманізму, балансу інтарэсаў і агульнай адказнасці за будучыню планеты.

На фоне спроб заходніх дзяржаў рэабілітаваць ідэалогію нацызму абарона гістарычнай праўды і барацьба з фальсіфікацыяй гісторыі павінны заставацца адным з асноўных напрамкаў нашай дзейнасці.

Паважаныя дэпутаты!

Галоўнымі мэтамі работы парламентарыяў былі і застаюцца бяспека, дабрабыт і ўпэўненасць грамадзян Беларусі ў заўтрашнім дні.

Задачы ў выбарчых акругах вызначаны. Варта працягнуць вывучэнне фактараў, якія аказваюць уплыў на якасць жыцця, — занятасць, жыллё, пытанні цэнаўтварэння, работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлёвае і медыцынскае абслугоўванне, электра- і газазабеспячэнне.

Безумоўна, неабходна звярнуць увагу і на сезонную праблематыку — арганізацыя летняга аздараўлення дзяцей, падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да пачатку новага навучальнага года, ну і, вядома ж, падрыхтоўка і ход уборачнай кампаніі.

Не губляе сваёй актуальнасці інфармацыйнае ўзаемадзеянне з насельніцтвам, з выбаршчыкамі — тлумачэнне дзяржаўнай палітыкі, нормаў заканадаўства, развянчання рознага роду фэйкаў і чутак у медыйнай прасторы. Працуйце разам з выканаўчай уладай разам на апярэджанне праблем, якія ўзнікаюць, а не тады, калі пра гэта ўжо гудзе ўвесь інтэрнэт. Такія факты, на жаль, ёсць.

Ад умення парламентарыяў падтрымліваць дыялог з людзьмі шмат у чым залежыць давер народа ў цэлым да ўлады як найважнейшая ўмова сацыяльнай стабільнасці і грамадзянскага міру. Гэта пастулат, ад якога адыходзіць нельга.

Паважаныя калегі!

3 ліпеня краіна адзначыць адно з галоўных дзяржаўных святаў — Дзень Незалежнасці нашай краіны. Дазвольце мне напярэдадні ўрачыстасці сардэчна павіншаваць усіх прысутных у нашай зале і дэпутацкі корпус, і нашых гасцей, нашых выбаршчыкаў, пажадаць мірнага неба, шчасця, здароўя і поспехаў у дзейнасці на карысць Айчыны.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю