Top.Mail.Ru
65

Галоўны корпус БДУ закрылі на рэканструкцыю. Што зменіцца?

Галоўны корпус БДУ на праспекце Незалежнасці закрылі на рэканструкцыю. Што зменіцца, расказалі ў ДВА «Мінскбуд», паведамляе БелТА.

Унутры будынка ўжо актыўна працуюць адбойныя малаткі, а ва ўніверсітэцкім дворыку ходзяць бетонавозы, самазвалы і іншая будаўнічая тэхніка. «У разгары дэмантажныя работы, якія выконвае генпадрадны філіял БУ-199 трэста № 35. У блоку А, які паралельны праспекту, будаўнікі разабралі перагародкі і зашыўкі, дэманціравалі старыя камунікацыі, столі і бетонныя падлогі, а таксама збілі тынкоўку са сцен. У цяперашні час праводзіцца ўзмацненне канструкцый і кладка новых перагародак. Цагляныя сцены ўмацоўваюць метадам торкрэтавання», — падзяліліся ў «Мінскбудзе».

У блоку, дзе размяшчалася ўніверсітэцкая бібліятэка, трэба будзе дэманціраваць і вывезці каля 80 т старых стэлажоў, якія будуць разрэзаныя на метал. 

Практычна завершаны работы па замене даху з захаваннем яго канфігурацыі. На аб’екце ўжо працуюць электрамантажнікі, у наступным месяцы пачнуць работу сантэхнікі, а ў маі — тынкоўшчыкі.

Як расказаў майстар БУ-199 Мікіта Каваленя, капітальны рамонт галоўнага корпуса БДУ праводзіцца з мадэрнізацыяй і навуковым суправаджэннем: «Праектам прадугледжана рэстаўрацыя фасада (рамонт тынкоўкі і ляпнога дэкору) з захаваннем вонкавага аблічча будынка. Не мяняецца і прасторава-планіровачная структура інтэр’ераў. Захаваліся двухсвятловыя залы, галерэі, галоўны вестыбюль, абліцаваны мармурам, а таксама ўваходныя групы з філянговымі паліраванымі дзвярыма з дубу. Вокны былі заменены раней». 

Пад замену ідуць унутраныя перагародкі і дзверы, інжынерныя сеткі, падлогі, столі, ліфты і шахты. «Мы абновім лесвічныя маршы, замяніўшы агароджу на цэнтральнай лесвіцы на аналагічную, выканаем сучаснае аздабленне актавай залы, бібліятэкі, чытальных залаў і кнігасховішча, навучальных аўдыторый і навуковых лабараторый, музея БДУ, сталовай і іншых памяшканняў. Праектам прадугледжана камплектацыя корпуса новай мэбляй і сучасным абсталяваннем», — падсумаваў Мікіта Каваленя.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю