У Гродзенскай вобласці ўсе актыўна ўключыліся ў рэалізацыю плана мерапрыемстваў у рамках Года добраўпарадкавання, каб выканаць даручэнне кіраўніка дзяржавы і навесці парадак на ўсёй тэрыторыі Прынёманскага краю.
— З пачатку года зроблена нямала. Асаблівая ўвага накіравана на добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый і тэрыторый агульнага карыстання, — адзначыла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, а таксама акцэнтавала, што галоўная задача для дэпутатаў — прыцягненне насельніцтва. Важна, каб кожны жыхар разумеў, што парадак і чысціня на ўласным участку і прылеглых тэрыторыях — зона яго асабістай адказнасці.
— Добра сябе зарэкамендавалі такія традыцыйныя формы, як правядзенне суботнікаў — рэспубліканскіх і мясцовых. Напрыклад, у Карэліцкім раёне з пачатку года было праведзена 250 суботнікаў, у Мастоўскім раёне — 120. Гэта сведчыць аб тым, што людзі гатовы разам наводзіць парадак. Яшчэ адно важнае пытанне — далучэнне насельніцтва да рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Сёлета ў абласны Савет паступіла 54 заяўкі для ўдзелу ў конкурсе, было вызначана 13 пераможцаў.
Акрамя таго, на сесіі абмяркоўвалася прыцягненне моладзі да работы па навядзенні парадку на зямлі, у тым ліку арганізацыя валанцёрскай дзейнасці. Асабліва актуальна гэта для сельскай мясцовасці, дзе пражываюць пажылыя адзінокія людзі, якім патрэбна дапамога па гаспадарцы.
Аб удзеле насельніцтва гаварыў і старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў Алег Таргонскі. Ён адзначыў, што ў раёне праведзена вялікая работа з пустымі дамамі. Многім аб’ектам удаецца знайсці новых уладальнікаў, якія іх добраўпарадкоўваюць, аварыйныя памяшканні ідуць пад знос. У 2024 годзе Слонімскі раён увайшоў у тройку лідараў у краіне па продажы пустых дамоў. З пачатку 2025-га 70 безгаспадарчых аб’ектаў узяты ў абарот, 29 з іх прададзены, астатнія будуць знесены.
Вераніка Казлоўская