Top.Mail.Ru

Галоўнай асаблівасцю Дня беларускага пісьменства стане музей рэдкай кнігі на плошчы больш за 300 кв. м — Езерскі

Калі мы гаворым пра Дзень беларускага пісьменства, яго адметнасцю выступае кніга і ўсё, што з ёй звязана. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі падчас выязнога пасяджэння аргкамітэта па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў Касцюковічах 5-6 верасня, перадае БелТА.



Разам са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Анатолем Ісачанкам намеснік міністра інфармацыі азнаёміўся з ходам работ, якія зараз вядуцца ў горадзе. Дзяніс Езерскі адзначыў высокую ступень гатоўнасці да сустрэчы гасцей як асноўных лакацый, так і ўсіх службаў. «Таксама на кантролі ўсе арганізацыйныя пытанні — пачынаючы ад бяспекі і заканчваючы размяшчэннем гасцей, якія прыедуць сюды з усёй Беларусі, — падкрэсліў ён. — Свята абяцае быць вельмі цікавым і насычаным. Таму ўсе, хто з 5 па 6 верасня вырашаць наведаць Касцюковічы, думаю, не застануцца абыякавымі і добра правядуць час».

Такое свята ў нашай краіне — адзінае ў сваім родзе. І мерапрыемства ў Касцюковічах стане працягам традыцый Дня беларускага пісьменства, якія ўжо на працягу 33 гадоў падтрымліваюцца ў такім фармаце.

«Калі мы гаворым пра Дзень беларускага пісьменства, яго адметнасцю выступае кніга і ўсё, што з ёй звязана, усё, што звязана з літаратурным і творчым складнікам саміх Касцюковічаў і наогул Беларускага Саюза пісьменнікаў. Таму што навінак, прэзентацый, незвычайных сустрэч з пісьменнікамі будзе вельмі шмат, — звярнуў увагу Дзяніс Езерскі. — Галоўнай асаблівасцю, на мой погляд, сёлета стане такі аб’яднаны, вялікі музей рэдкай кнігі, які прыедзе сюды і будзе займаць больш за трыста квадратных метраў у спецыяльна выбудаваным павільёне на цэнтральнай плошчы. І тут, у адным месцы, усе госці фестывалю змогуць убачыць усе каштоўнасці, па-іншаму слова не падбяру, звязаныя з кнігадрукаваннем нашай краіны. Вялікую экспазіцыю прывязе Нацыянальная бібліятэка, Бібліятэка кіраўніка дзяржавы і музеі, звязаныя з літаратурай. Яны ўсе рыхтуюцца, яны абсалютна ўсё дастаюць самае-самае каштоўнае. Рарытэты і асабістыя рэчы, звязаныя з нашымі класікамі, якія таксама будуць прадстаўлены ў гэтым выязным музеі».

На працягу многіх гадоў свята не губляе сваёй актуальнасці і працягвае выклікаць вялікую цікавасць у людзей. «Я ўжо шмат гадоў пагружаны ў гэтае свята і ў якасці арганізатара, як прымаючы бок, і ў якасці госця, і вось цяпер у якасці намесніка міністра. Для мяне, напрыклад, гэта магчымасць пабыць у новым горадзе, звязаным з гісторыяй беларускай літаратуры. Многія ж насамрэч ніколі тут не былі і ніколі не супастаўлялі, што тыя класікі беларускай літаратуры, якіх вывучаюць у школах, родам адсюль, — падзяліўся Дзяніс Езерскі. — Для жыхароў Касцюковічаў, Магілёўскай вобласці, як і для жыхароў іншых гарадоў, гэта магчымасць па-іншаму паглядзець на свае гарады, заняцца пытаннямі добраўпарадкавання».

Па словах намесніка міністра, на працягу доўгага часу аргкамітэт пільна сочыць за тым, як ідуць работы па падрыхтоўцы да свята. «Мы не першы раз праводзім арганізацыйныя камітэты і бачым, як мяняюцца гарады, як мяняюцца райцэнтры. Гэтага свята чакаюць і мясцовыя, і госці, якія сюды прыедуць, таму што хтосьці быў даўно і ўбачыць зусім іншы горад, а хтосьці прыедзе і адкрые для сябе нешта новае, і гэта таксама выдатна», — падсумаваў ён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю