Top.Mail.Ru

Галоўчанка: Важна дасягнуць дамоўленасці ў эканамічнай сферы

Урадавая дэлегацыя на чале з Прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам знаходзіцца з афіцыйным візітам ва Угандзе. Другі дзень афіцыйнага візіту ў эту краіну стартаваў з перагавораў кіраўніка беларускага ўрада з прэзідэнтам краіны Ёверы Кагута Мусевені, якія адбыліся ўчора ў яго працоўнай рэзідэнцыі «State House Entebbe».


— Мы вельмі рады быць на гасціннай зямлі Уганды, — падкрэсліў у пачатку сустрэчы Раман Галоўчанка і падзякаваў за запрашэнне наведаць гэту краіну. — Гэта сапраўды жамчужына Афрыкі. Я хачу перадаць вам самыя цёплыя прывітанні і пажаданні моцнага здароўя ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што, накіроўваючы ўрадавую дэлегацыю ва Уганду, беларускі лідар вызначыў канкрэтныя задачы:

— Прэзідэнт вельмі выразна паставіў задачу дасягнуць дамоўленасці аб шляхах развіцця нашых адносін, у першую чаргу ў эканамічнай сферы.

Ён адзначыў, што праграма бачання беларускім бокам развіцця ўзаемаадносін у перспектыве да 2040 года — гэта вельмі рэалістычны і прагрэсіўны план развіцця краіны:

— І мы былі б вельмі рады магчымасці ўдзельнічаць у сацыяльна-эканамічным развіцці Уганды.

Звяртаючыся да прэзідэнта, Раман Галоўчанка канстатаваў, што нашы краіны вельмі падобныя:

— Маюць практычна аднолькавы памер тэрыторыі, але ва Угандзе ў чатыры разы больш насельніцтва (тут каля 40 мільёнаў, у нас — каля 10). Наш валавы ўнутраны прадукт складае 75 мільярдаў долараў і наш экспарт — 45 мільярдаў долараў, з іх 9 мільярдаў — гэта прадукты харчавання.

Раман Галоўчанка звярнуў увагу на той факт, што ва Угандзе выдатныя ўмовы для сельскай гаспадаркі, выдатны клімат і ўрадлівая глеба. У Беларусі крыху іншая сітуацыя, але развітыя кампетэнцыі:

— У нас вельмі неспрыяльныя ўмовы клімату, але тым не менш мы дасягнулі вельмі вялікіх поспехаў у сельскай гаспадарцы і хацелі б дапамагчы Угандзе рэалізаваць свой сельскагаспадарчы патэнцыял. Вы, напэўна, чулі, што мы развіваем вялікія сельскагаспадарчыя праекты ў Зімбабвэ. Паміж нашымі краінамі падпісана праграма індустрыялізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ, яна ўключае пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі, прымяненне беларускіх сельскагаспадарчых тэхналогій і перапрацоўку прадуктаў харчавання.

Раман Галоўчанка выказаў упэўненасць, што такая кааперацыя ў сферы сельскай гаспадаркі паміж Беларуссю і Угандай можа прывесці да істотнага росту вытворчасці прадуктаў харчавання і экспарту ў гэтай краіне.

У тэму

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка перадаў Ёверы Кагута Мусевені Пасланне ад Прэзідэнта Беларусі.

«Упэўнены ў тым, што сумеснымі намаганнямі мы створым спрыяльную аснову для пераводу беларуска-ўгандыйскіх адносін на новы якасны ўзровень», — гаворыцца ў пасланні.

Кіраўнік дзяржавы разлічвае на працяг асабістых кантактаў з угандыйскім калегам і з задавальненнем гатовы сустрэцца ў Мінску, Кампале або на міжнародных мерапрыемствах.

Кампетэнтна

Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач:

— Ва Угандзе прынята досыць амбіцыйная праграма лічбавага развіцця, якая распрацавана міжнароднымі экспертамі. І мы бачым, што вопыт Рэспублікі Беларусь можа быць вельмі запатрабаваны з пункту гледжання і развіцця інфраструктуры, і аказання паслуг электрасувязі, таму што наш беларускі спадарожнік сувязі Белінтэрсат мае вельмі добрае пакрыццё на тэрыторыі Афрыкі, у прыватнасці Уганды.

З іншага боку, можам аказваць паслугі з пункту гледжання кансультавання і праектавання сетак сувязі. Цікава будзе ўгандыйскаму боку атрымаць таксама і наш вопыт па навучанні спецыялістаў (як доўгатэрміновыя курсы для атрымання паўнавартаснай адукацыі, так і кароткатэрміновыя курсы пад канкрэтныя рашэнні).

Будзе тут запатрабаваны і вопыт нашага Парка высокіх тэхналогій, таму што мэты Уганды ў сферы лічбавізацыі вельмі сур’ёзныя.

Насамрэч, цяпер сапраўды краіны звярнулі сваю ўвагу на Афрыку, таму ў яе няма ніякай прадузятасці, яна досыць адкрытая, праводзіць шматбаковую палітыку.

Літаральна ў мінулым месяцы сюды прыязджала дэлегацыя з Японіі, таксама прапаноўвала свае паслугі, але японцы рухаюцца больш з тэарэтычнага пункту гледжання. А мы гатовыя прапаноўваць практычныя кейсы.

Першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч:

— Афрыка ў цяперашні момант перажывае рэнесанс. Мы дакладна разумеем, у чым маюць патрэбу краіны гэтага кантынента: у тэхналогіях, у развіцці сельскай гаспадаркі, прамысловага сектара і гэтак далей.

Мы супрацоўнічаем з тымі краінамі, з якімі ўваходзім у групу шматпалярнага свету, краінамі, якія аб’яднаны агульнымі падыходамі справядлівасці, разумнага супрацоўніцтва і несанкцыянаванага ўзаемадзеяння. Уганда ў гэтым плане для нас уяўляе безумоўны інтарэс. Гэта цікавасць вялікая.

Мы добра стартуем у супрацоўніцтве па лініі Міністэрства сельскай гаспадаркі, Міністэрства прамысловасці і Міністэрства замежных спраў.

Па даручэнні міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова мы сёння адкрываем офіс ганаровага консула нашай краіны ва Угандзе. Гэта добры знакавы дыпламатычны крок, які дазваляе зблізіць нашы пазіцыі на міжнароднай арэне і закласці аснову нашага далейшага супрацоўніцтва.

Па выніках сустрэчы былі падпісаны наступныя дакументы

Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Уганда аб палітычных кансультацыях.

Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Уганда аб узаемнай адмене віз па дыпламатычных і службовых пашпартах.

Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Уганда аб стварэнні сумеснага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве.

Мемарандум аб узаемаразуменні паміж дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам абароны і па справах ветэранаў Рэспублікі Уганда аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве.

Мемарандум паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Уганда аб супрацоўніцтве ў сферы харчовай бяспекі.

Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам энергетыкі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам энергетыкі і мінеральнага развіцця Рэспублікі Уганда аб супрацоўніцтве ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі.

Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Уганда аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю