Top.Mail.Ru

Галоўчанка: У Беларусі ўзмацняецца роля банкаўскай сістэмы ў фінансаванні інвестпраектаў

У краіне ўзмацняецца роля банкаўскай сістэмы ў фінансаванні інвестыцыйных праектаў. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка, перадае БелТА.


«Ужо неаднаразова гаварылася аб тым, што банкаўская сістэма павінна забяспечыць неабходны аб’ём грашовых сродкаў для развіцця эканомікі краіны, вядома ж, з упорам на крэдытаванне інвестыцыйных праектаў. Работа ідзе ў рамках плана сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, але цяпер мы ўдзяляем асаблівую ўвагу ўзмацненню ролі банкаўскай сістэмы ў гэтым пытанні. І вынікі бачныя. Па нашай статыстыцы, павялічваецца аб’ём патрабаванняў банкаў да эканомікі, доля патрабаванняў менавіта да юрыдычных асоб. Гэты паказчык дэманструе, які аб’ём крэдытных сродкаў накіроўваецца ў рэальны сектар эканомікі для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Не ў бягучую дзейнасць, а менавіта на інвестпраекты. З пачатку года мы назіраем павелічэнне на 1 працэнт росту патрабаванняў банкаў да юрыдычных асоб і больш як на 2 працэнты павелічэння долі доўгатэрміновых крэдытаў», — сказаў Раман Галоўчанка.

Аб’ём крэдытаў, выдадзены за гэты перыяд Банкам развіцця, Белаграпрамбанкам і Беларусбанкам, склаў больш як Br1,5 млрд. і павялічыўся на 28 працэнтаў. «Банкі фінансуюць важныя для краіны праекты ў розных галінах — гэта і сельская гаспадарка, і прамысловасць, і новыя тэхналогіі, і горназдабываючая сфера».

У прыватнасці, Беларусбанк накіроўвае вялікія аб’ёмы крэдытных рэсурсаў на развіццё і мадэрнізацыю энергетычнай сістэмы пад стварэнне новых вытворчасцей. У бліжэйшы час пачнецца крэдытаванне праекта па бесперапыннай вытворчасці хлората натрыю і перакісу вадароду на «Магілёўхімвалакне». Гэтыя хімічныя рэчывы ў вялікім аб’ёме імпартуюцца ў краіну для выкарыстання ў вытворчых цыклах шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Будзем іх вырабляць самастойна. Я б яшчэ выдзеліў вельмі важны праект, які таксама будзе крэдытавацца беларускімі банкамі бліжэйшым часам. Гэта стварэнне высокадакладнай ліцейнай вытворчасці галовак і блокаў цыліндраў у Стоўбцах па самых сучасных тэхналогіях, што дасць магчымасць нам атрымаць неабходныя кампетэнцыі», — адзначыў старшыня праўлення Нацыянальнага банка.

Ён падкрэсліў, што ўсе крэдытныя рэсурсы выдзяляюцца на ўмовах платнасці і зваротнасці. «Для таго, каб гэта было так, праекты павінны быць акупнымі, мець прымальны дынамічны тэрмін акупнасці і неабходную маржынальнасць. Таму да прыняцця рашэнняў аб крэдытаванні праходзіць дастаткова сур’ёзная працэдура па эканамічнай ацэнцы праектаў, валідацыі і не толькі, гэта значыць экспертыза шматстадыйная», — зрабіў акцэнт Раман Галоўчанка.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю