Яшчэ адной тэмай даклада Рамана Галоўчанкі стала работа па практычнай рэалізацыі даручэнняў, дадзеных на нарадзе Прэзідэнта з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў, якая прайшла ў сярэдзіне верасня. У прыватнасці, рэалізацыя задачы па большай уцягнутасці банкаўскай сістэмы ў эканамічнае развіццё краіны. Гэта і рэсурсная база, і пытанні інфляцыі.
Кіраўнік Нацбанка далажыў аб выпрацаваных рашэннях па праблемных пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Нацбанка. У прыватнасці, па тэмах, якія маюць грамадскі рэзананс і па зваротах беларусаў.
«Кожны беларус павінен разумець, якой будзе краіна праз пяць гадоў»
У гутарцы з журналістамі Раман Галоўчанка адзначыў, што работа над праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця выканана вялікая. «Трэба адзначыць, што ў дапрацоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця актыўна ўдзельнічаюць не толькі члены рабочай групы, але мы інтэгруем туды ўсе рацыянальныя прапановы, якія паступаюць ад іншых крыніц — гэта і прапановы дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, і прапановы, якія паступілі ў рамках праекта „Народная пяцігодка“. Усё, што можна адтуль узяць карыснае і надзённае, мы інтэгруем. Я далажыў Прэзідэнту аб структуры праграмы, аб тых прыярытэтах, якія мы прапануем закласці ў яе аснову, і пра тое, як будзе ацэньвацца выкананне, хто будзе адказваць за кожны канкрэтны кірунак, якія механізмы будуць выкарыстоўвацца для дасягнення праграмы», — расказаў Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, праграма атрымалася дастаткова комплекснай і вертыкалізаванай, у дакуменце ўсё ўзаемаўвязана. «Дакумент павінен адпавядаць праграмным дакументам больш вышэйшага парадку, гэта і нацыянальныя мэты ўстойлівага развіцця нашай краіны, і перадвыбарная праграма Прэзідэнта — усё павінна быць узаемаўвязана. І самае галоўнае — даступна і зразумела», — удакладніў кіраўнік Нацбанка.

Раман Галоўчанка зрабіў акцэнт на тым, што праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця як праграма развіцця грамадства і дзяржавы павінна быць зразумелай не толькі для чыноўнікаў, адказных за яе выкананне, але і для ўсіх грамадзян. Кожны беларус павінен разумець, якой мы бачым краіну праз пяць гадоў.
Кіраўнік рабочай групы заўважыў, што прагназаванне сацыяльна-эканамічнага развіцця ўласціва ўсім дзяржавам, але ёсць спецыфіка. Дзесьці да гэтага падыходзяць больш агульна, у апісальнай форме расказваюць, якой кіраўніцтва бачыць краіну, — прадстаўляюць «бачанне». Ёсць падыходы больш дакладныя з лічбамі, канкрэтнымі індыкатарамі, задачамі. Напрыклад, Кітайская Народная Рэспубліка вельмі старанна і выверана падыходзіць да стварэння такіх дакументаў. Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, беларускія спецыялісты выкарыстоўвалі і некаторыя напрацоўкі з кітайскага вопыту сістэмы сацыяльна-эканамічнага прагназавання развіцця краіны. «Мне здаецца, у нас атрымалася гэта зрабіць. Мы выразна абмалявалі механізмы, інструменты, задачы і індыкатары, па якіх будзем ацэньваць паспяховасць выканання той ці іншай задачы», — удакладніў ён.
Прэзідэнт, адпраўляючы праект праграмы на дапрацоўку, звяртаў увагу на тое, што яна павінна быць, па-першае, рэалістычнай, па-другое, канкрэтнай і, па-трэцяе, зразумелай. З патрабаванняў кіраўніка дзяржавы і зыходзілі. Раман Галоўчанка адзначыў, што пасля ўнясення дакумента на разгляд Прэзідэнта ў вызначаны тэрмін, работа над ім не скончыцца, яна будзе працягвацца, аж да вынясення на УНС. «Яшчэ пройдзе абмеркаванне з дэлегацыямі ад рэгіёнаў, магчыма, яшчэ нейкі фармат будзе. Мы нацэленыя на тое, каб гэтая праграма была даступнай, зразумелай, канкрэтнай, і хочам, каб кожны чалавек у нашай краіне разумеў, якой краіна будзе праз 5 гадоў у 2030-м», — адзначыў кіраўнік рабочай групы.
Інвестыцыйнае крэдытаванне расце, а інфляцыя запавольваецца
На нядаўняй нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў Прэзідэнт арыентаваў банкі на фінансавую падтрымку эканомікі. Тады Аляксандр Лукашэнка паставіў задачы і па іншых кірунках. Ключавыя блокі — цэнавая стабільнасць, фінансавая стабільнасць, падтрымка эканомікі банкаўскай сістэмай, укараненне новых тэхналогій, лічбавізацыі банкаўскай сферы ў інтарэсах кліентаў. 29 кастрычніка кіраўнік дзяржавы цікавіўся, якія яго даручэнні ўжо выкананы, над якімі работа яшчэ вядзецца.
«Што датычыцца рэсурснай падтрымкі эканомікі, то я праінфармаваў Прэзідэнта, што ў гэтым годзе задача рэалізуецца даволі паспяхова — банкі за 9 месяцаў павялічылі аб’ём крэдытавання эканомікі на 14 працэнтаў. Асабліва адзначу, што хуткімі тэмпамі расце інвестыцыйнае крэдытаванне. І гэта таксама не само сабой узялося, гэта мэтанакіраваная палітыка Нацыянальнага банка менавіта па стымуляванні інвестыцыйнага крэдытавання. І на сёння за 9 месяцаў мы выдалі на 4,5 мільярда рублёў інвестыцыйных крэдытаў — гэта практычна на 60 % больш, чым у мінулым годзе. У прынцыпе цяпер ліквіднасць у банкаўскай сістэме знаходзіцца на досыць добрым узроўні. Рэсурсная база складае больш за 150 мільярдаў рублёў, і банкаўская сістэма гатова крэдытаваць па прымальных стаўках любыя праекты (натуральна, акупныя), прапанаваныя рэальным сектарам эканомікі», — расказаў Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, Нацыянальны банк увёў спецыяльны нарматыў менавіта па стаўках на інвестыцыйныя крэдыты для таго, каб зрабіць іх больш даступнымі і прывабнымі.
«Мы не забываем пра крэдытаванне фізічных асоб, хоць мы прымалі некаторыя меры, каб „засушыць“ неабумоўленае спажывецкае крэдытаванне, а акцэнт зрабілі на крэдытаванні набыцця тавараў айчыннай вытворчасці. І на сёння такіх крэдытаў выдадзена ўжо на суму больш за мільярд рублёў, што на 23 % больш, чым за 9 месяцаў мінулага года», — дадаў кіраўнік Нацбанка.
Што датычыцца інфляцыі, то Раман Галоўчанка адзначыў тэндэнцыю на запаволенне. У чэрвені гэтая лічба раўнялася 7,4 %, у верасні гадавы прырост спажывецкіх цэн запаволіўся да 7,1 % «Вядома, гэта крыху вышэй за нашу мэту — 5 %. Але тут сваю ролю адыгралі разавыя фактары. Гэта і рост цэн у вытворцаў, і пэўны перанос інфляцыі з нашага асноўнага эканамічнага партнёра, Расійскай Федэрацыі. Цяпер асноўным драйверам росту цэн з’яўляецца харчовая група тавараў, асабліва сезонныя гародніна і садавіна. Цэны на нехарчовыя тавары растуць тэмпамі, якія істотна ніжэйшыя за пяціпрацэнтны парог. Вялікай рызыкі ўзмацнення інфляцыйных працэсаў не бачым. Больш за тое, так званая трэндавая, або „впередсмотрящая“ інфляцыя, якая разлічваецца намі з дапамогай спецыяльных методык, расчышчаных ад нейкіх кан’юнктурных фактараў, цяпер знаходзіцца на ўзроўні 6 %. Я мяркую, што прыкладна на гэтым узроўні мы павінны выйсці да канца года», — расказаў Раман Галоўчанка.

Кіраўнік Нацбанка далажыў Прэзідэнту аб выпрацаваных рашэннях па праблемных пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Нацбанка. Грамадскі рэзананс выклікалі такія пытанні, як навязванне банкамі страхавых паслуг, неабгрунтаванае збіранне тых ці іншых камісійных узнагарод. Асабліва народ абураўся складанасцям са здачай так званых старых долараў ЗША, што ўскладняла правядзенне валютна-абменных аперацый. Раман Галоўчанка адзначыў, што тыя пытанні, якія патрабавалі хуткага рэагавання, вырашаны. Некаторыя носяць больш доўгатэрміновы характар.
Раман Галоўчанка падкрэсліў, што пытанне аб навязванні страхавых паслуг не з’яўляецца для банкаўскай сферы сістэмным. «Гэта, магчыма, адзінкавыя факты альбо трактоўка з боку грамадзян тых паслуг, якія банкамі прапануюцца, — сказаў ён. — Мы не фіксуем масавых скаргаў або зваротаў ад грамадзян менавіта з гэтай нагоды, а работа банкаў і аналіз зваротаў грамадзян знаходзяцца ў нас на пастаянным кантролі. Мы бачым не толькі скаргі і звароты, якія паступаюць у Нацбанк, але і тыя звароты, якія накіроўваюцца непасрэдна ў камерцыйныя банкі. Мы іх таксама кантралюем, глядзім». Што датычыцца навязвання страхавых паслуг, Раман Галоўчанка заўважыў, што тут трэба дакладна дыферэнцыраваць менавіта навязванне ад банкаўскага маркетынгу. Напрыклад, калі чалавек прыходзіць аформіць крэдыт, яму могуць прапанаваць страхоўку як спадарожную паслугу, ад якой можна адмовіцца. Навязваннем можна лічыць, калі чалавека запэўніваюць, што застрахавацца можна толькі ў банку. Раман Галоўчанка падкрэсліў, што прапанова страхавых паслуг больш зроблена для зручнасці кліентаў банкаў. І гэту прапанову можна прыняць, а можна ад яе адмовіцца.
Па словах кіраўніка Нацбанка, цяпер людзі больш пытанняў задаюць аб кошце і апраўданасці тых ці іншых камісійных узнагароджанняў, якія спаганяюцца банкамі. Гэта пытанне падымалася і на нарадзе з кіраўніком дзяржавы. Па словах Рамана Галоўчанкі, работа над яго вырашэннем разгорнута вельмі сур’ёзная. Што датычыцца валютна-абменных аперацый, гэта пытанне раней ужо атрымала рашэнне — з 1 кастрычніка змякчылі патрабаванні да плацежаздольнасці банкнот. Іх прымаюць, нават калі валюта свеціцца ва ўльтрафіялеце.