Top.Mail.Ru

Галоўчанка: Беларусь падтрымлівае стварэнне Банка развіцця Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

Беларусь падтрымала прапанову аб стварэнні Банка развіцця Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Аб гэтым расказаў у інтэрв’ю тэлеканалу «Першы інфармацыйны» старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка, паведамляе БелТА.



Раман Галоўчанка ў чэрвені прыняў удзел у сустрэчы міністраў фінансаў і старшынь цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў—членаў ШАС, якая прайшла ў Кітаі. «Мы ўпершыню прымалі ўдзел у такой сустрэчы як краіна-удзельнік, унікалі ў працэсы. Ёсць два важныя, прыярытэтныя пытанні для нас — фінансаванне сумесных праектаў у рамках ШАС і павелічэнне долі разлікаў у нацыянальных валютах. Таму ключавое — гэта стварэнне фінансавай платформы ШАС для таго, каб скразныя праекты можна было фінансаваць на ўмовах больш выгадных, чым камерцыйныя. 

Пакуль сярод краін—членаў арганізацыі захоўваюцца розныя падыходы адносна мэтазгоднасці ўстановы асобнай банкаўскай структуры — Банка развіцця ШАС. Тым не менш, вельмі карысным быў дыялог па гэтай тэматыцы. Беларусь ужо ў якасці паўнапраўнага ўдзельніка арганізацыі падтрымала стварэнне такога банка, і мы будзем прымаць самы актыўны ўдзел у кансультацыях па гэтым пытанні», — сказаў ён.

Беларусі таксама цікавы міжнародны вопыт у сферы лічбавых валют. «Мы таксама працуем над гэтым пытаннем. Мы паабяцалі ўжо прадставіць лічбавы беларускі рубель у сярэдзіне наступнага года. Хутчэй за ўсё, у будучыні менавіта лічбавыя валюты будуць адыгрываць ключавую ролю ў трансгранічных разліках. Таму для нас, вядома, вельмі важна пазбегнуць памылак на гэтым шляху, і лепшыя практыкі з боку вядучых дзяржаў для нас вельмі важныя. Гэта не толькі кітайская практыка, мы вывучаем вопыт многіх іншых краін — Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Расійскай Федэрацыі — і, што называецца, бяром самае лепшае. Чаму для нас гэта важна? Бо за гэтым будучыня. Калі мы не будзем ствараць сваю нацыянальную плацежную сістэму на аснове тэхналогіі блокчэйн, мы будзем вымушаны карыстацца чужымі валютамі. Гэта пагроза нашаму суверэнітэту. 

Таму на перамовах у Кітаі я шмат часу прысвяціў абмеркаванню гэтага пытання з канкрэтнымі арганізацыямі. Кітайскія сябры вельмі сардэчна адгукнуліся на наш запыт, і больш за тое, мы атрымалі запрашэнне на правядзенне спецыялізаванага навучання ўжо непасрэдна для экспертаў — тых, хто займаецца тэхнічным і арганізацыйным бокам пытання», — адзначыў старшыня праўлення Нацбанка.

Беларусь шмат гадоў ішла да ўступлення ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва: удзельнічала ў ШАС з 2010 года ў статусе партнёра па дыялогу і з 2015 года — у статусе наглядальніка. У ліпені 2024 года наша краіна стала паўнапраўным членам арганізацыі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю