Амерыканская даследчая кампанія Gallup спыняе публікацыю рэйтынгаў адабрэння дзейнасці прэзідэнтаў ЗША, якія складаліся на працягу 88 гадоў. Пра гэта паведаміла БелТА.
У кампаніі пацвердзілі, што пачынаючы з бягучага года больш не будуць публікаваць паказчыкі адабрэння і папулярнасці асобных палітычных дзеячаў. У Gallup падкрэслілі, што рашэнне звязана са стратэгічным пераглядам даследчых прыярытэтаў. Кампанія мае намер засяродзіцца на доўгатэрміновых, метадалагічна вывераных даследаваннях, прысвечаных пытанням і умовам, якія фарміруюць жыццё людзей.
Як адзначае The Hill, рэйтынг адабрэння прэзідэнта на працягу дзесяцігоддзяў заставаўся адным з ключавых індыкатараў грамадскай думкі, на які рэгулярна спасылаліся амерыканскія і міжнародныя СМІ пры ацэнцы эфектыўнасці работы кіраўніка дзяржавы. За апошнія гады дзейнасць Gallup значна пашырылася і выйшла за рамкі партыйнай палітыкі. Кампанія праводзіць даследаванні ўцягнутасці супрацоўнікаў на працоўным месцы, грамадскай думкі аб распаўсюджванні штучнага інтэлекту, узроўню даверу і задаволенасці насельніцтва буйнымі інстытутамі.