Традыцыйна работнікі розных сфер на летні перыяд далучаюцца да аграрыяў і дапамагаюць убіраць ураджай. У галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі іх — больш за 300 чалавек. І многія намалацілі звыш 1000 тон збожжа.
У сваю чаргу Беларускі прафсаюз работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы абслугоўвання па ўсёй краіне адзначае тых, хто аказвае пасільную дапамогу гаспадаркам у час жніва. Свае ўзнагароды атрымалі ўжо каля 100 чалавек.
— Гэта прыклад працоўнай салідарнасці. Работнікі ЖКГ здольныя вырашаць самыя розныя задачы і ўносіць істотны ўклад у развіццё не толькі сваёй галіны, але і краіны ў цэлым. Іх працавітасць, адказнасць і адданасць справе заслугоўваюць прызнання і павагі. Паспяховы ўдзел ва ўборачнай кампаніі — яшчэ адно пацвярджэнне таго, што і работнікі нашай галіны — таксама сапраўдныя героі палёў! Мы ганарымся і падтрымліваем людзей, якія працуюць у першую чаргу на агульны вынік, — адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы абслугоўвання Юрый Дарагакупец.
Так, напярэдадні віншаванні ад галіновага прафсаюза прымалі работнікі Астравецкай ЖКГ. Сярод найлепшых, напрыклад, Аляксандр Даніла, вадзіцель з 10-гадовым вопытам работы ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У сёлетнюю ўборачную кампанію ён намалаціў 2298 тон збожжа. Яшчэ адзін вадзіцель — Віктар Корвель — за сезон перавёз каля 5 тысяч тон збожжа. А малады трактарыст Дзмітрый Францукевіч устанавіў свой рэкорд — за свой першы сезон намалаціў 1208 тон. Адзначылі і Яўгена Асадчука, які перавёз 35 тон рулонаў саломы.
Юрый Дарагакупец таксама адзначыў, што ўзнагароджанне работнікаў жніва — гэта магчымасць не толькі выказаць падзяку за працу, але і пачуць праблемы людзей. Старшыня галіновага прафсаюза паведаміў аб гатоўнасці садзейнічаць у вырашэнні любых актуальных для работнікаў пытанняў — ад працоўных спрэчак да асабістых жыццёвых сітуацый.
Неабходна адзначыць, працягвае сваю работу і Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ, спецыялісты якога таксама гатовы прымаць звароты ад удзельнікаў жніва. Званкі прымаюцца штодня з 8.00 да 20.00 па адзіным нумары — 8 801 100 1111.
Алена КРАВЕЦ