Навагодні тыдзень падорыць нам доўгачаканы снег, якраз пад бой курантаў. Адзінае, што можа засмуціць, — парывісты паўночны вецер, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па метэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
30 снежня надвор’е будуць вызначаць атмасферныя франты, якія ссоўваюцца з поўначы Еўропы. Воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, часам мокры. Днём у асобных раёнах чакаецца слабая завіруха. На дарогах будзе ўтварацца галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, заходні ўмераны, месцамі парывісты, днём па захадзе нашай тэрыторыі ў многіх раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ноччу — ад мінус 3 да мінус 9 °С, днём — ад мінус 1 да мінус 7 °С.
У апошні дзень снежня надвор’е ў Беларусі працягнуць вызначаць атмасферныя франты, якія ссоўваюцца з поўначы Еўропы. Будзе хмарна. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца снег, ноччу і раніцай месцамі па краіне будзе адзначацца завіруха. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, заходні парывісты, ноччу і раніцай месцамі моцны. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 3 да мінус 10 °С, ноччу па паўночным усходзе месцамі да мінус 13 °С.
У першыя суткі новага года ў нас адаб’ецца ўплыў няўстойлівых арктычных паветраных мас, а ў дзённыя гадзіны на захад краіны чакаецца перамяшчэнне франтальнага раздзелу з тэрыторыі Польшчы. Воблачна з праясненнямі, на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдзе кароткачасовы снег. Днём у некаторых раёнах чакаецца завіруха, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, удзень парывісты, месцамі моцны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 9 да мінус 16 °С, днём будзе ад мінус 2 °С па захадзе да мінус 11 °С па ўсходзе краіны.
Сяргей КУРКАЧ.
Фота Андрэя Феакцістава.