На полі «Барысаў-Арэны» беларусы абгулялі каманду Казахстана з лікам 4:1.
Пасля праліўнога дажджу, які на паўгадзіны затрымаў пачатак гульні, сапернікам прыйшлося патраціць час, каб прылаўчыцца да слізкага газона. Гэта лепш удалося гаспадарам: на 25-й хвіліне сустрэчы памылкай абароны гасцей скарыстаўся Валерый Грамыка, а яшчэ праз 5 хвілін мэты дасягнуў далёкі ўдар Валерыя Бачарава. Неўзабаве пасля перапынку брамнік і абаронцы казахстанскай зборнай зноў згулялі няўзгоднена, і Трафім Мельнічэнка забіў трэці мяч. Пасля гэтага гаспадары збавілі абароты, чым на 75-й хвіліне гульні скарыстаўся Галымжан Кенжэбек. Прапусціўшы мяч, падапечныя Карласа Алоса зноў актывізаваліся, і неўзабаве пасля класнай перадачы Віталя Лісаковіча Яўген Шыкаўка чацвёрты раз уразіў вароты гасцей. Для яго, як і для Бачарава, гэта першыя галы ў складзе галоўнай каманды краіны.
- На старце гэтага сезона падапечныя Карласа Алоса выйгралі два выязныя спарынгі. Спачатку ў Душанбэ беларускія футбалісты разграмілі каманду Таджыкістана — 5:0, а Баку ўпэўнена перайгралі азербайджанцаў — 2:0.