Гродзенскі «Нёман» правядзе стартавы матч плэй-оф кваліфікацыі футбольнай Лігі канферэнцый з іспанскім «Раё Вальекана», паведамляе БелТА.
Сустрэча адбудзецца ў венгерскім Сегедзе, пачатак гульні ў 21.00. Галоўным суддзёй матча прызначаны 37-гадовы рэферы ФІФА Арда Кардэшлер з Турцыі. Яго памочнікамі будуць Мехмет Тургал і Дэніз Эзарал, рэзервовы суддзя — Озан Эргюн. Другі паядынак за выхад у асноўны этап трэцяга па рангу клубнага турніру Старога Свету адбудзецца 28 жніўня ў іспанскай сталіцы. У мінулым чэмпіянаце Іспаніі «Раё Вальекана» заняў восьмае месца. У мінулую пятніцу ў стартавым паядынку новага нацыянальнага першынства мадрыдскі клуб упэўнена перайграў на выездзе футбалістаў «Жыроны» з лікам 3:1.
Гродзенскі «Нёман» упершыню прабіўся ў вырашальную стадыю кваліфікацыі еўракубкавых турніраў. На шляху да плэй-оф падапечныя Ігара Кавалевіча абышлі армянскі «Урарту» з Ерэвана — 2:1 і 4:0, славацкі «Кошыцэ» — 3:2 і 1:1, фарэрскі «Клаксвік» — 0:2 і 2:0 (перамога па пенальці — 5:4). У гэтым сезоне «Нёман» ужо зарабіў амаль 1,5 млн еўра, а ў выпадку выхаду ў асноўны этап ЛК атрымае яшчэ больш за 3 млн еўра.