Top.Mail.Ru

Чэмпіянат свету па футболе завяршыўся. Іспанія — чэмпіён

Футбалісты зборнай Іспаніі другі раз сталі чэмпіёнамі свету


У фінальным паядынку 23-га планетарнага форуму іспанцы перамаглі ў Нью-Ёрку каманду Аргенціны з мінімальным лікам — 1:0. У першай палавіне сустрэчы невялікая перавага была на баку чэмпіёнаў Еўропы, паўднёваамерыканцы гулялі другім нумарам, і нікому не ўдалося выйсці наперад. У другім тайме гульня праходзіла па тым жа сцэнарыі, мяч не пабываў у варотах — 0:0. У дадатковы час аргенцінцам давялося гуляць у меншасці пасля выдалення Энца Фернандэса. Іспанцы здолелі скарыстацца колькаснай перавагай у самым пачатку другой палавіны авертайма — на 106-й хвіліне паядынку Фэран Торэс забіў пераможны гол.

У паўфінале аргенцінцы атрымалі валявую перамогу над англічанамі — 2:1, а Іспанія ўпэўнена перайграла фіналістаў мінулага ЧС — французаў — 2:0. На цяперашнім сусветным першынстве іспанцы прапусцілі ўсяго адзін мяч, забіўшы 14 мячоў у вароты сапернікаў. Толькі ў стартавым паядынку падапечныя Луіса дэ ла Фуэнтэ згулялі ўнічыю з Каба-Вердэ (0:0), а потым атрымалі сем перамог запар.

Для іспанцаў гэта быў другі фінал — у 2010 годзе ў ПАР яны ўпершыню сталі чэмпіёнамі свету, абыграўшы ў дадатковы час каманду Нідэрландаў з лікам 1:0. Зборная Аргенціны сёмы раз гуляла ў фінале ЧС. Да цяперашняй сустрэчы ў яе актыве былі па тры залатыя (1978, 1986, 2022) і сярэбраныя медалі (1930, 1990, 2014).

Крыху раней у паядынку за «бронзу» зборная Англіі перамагла французаў з лікам 6:4. У складзе прайграўшых галявы дубль аформіў Кіліян Мбапэ, які стаў найлепшым бамбардзірам турніру, забіўшы 10 мячоў.

Падчас пасляматчавай цырымоніі ўзнагароджання прэзідэнт ЗША Дональд Трамп быў асвістаны гледачамі на трыбунах стадыёна «Метлайф» у горадзе Іст-Ратэрфорд. Ён уручаў медалі ўдзельнікам фінальнага паядынку і застаўся на подыуме, нягледзячы на тое, што кіраўнік ФІФА Джані Інфанціна спрабаваў яго адцягнуць.

Згодна з даўняй традыцыяй, Кубак свету павінен быць уручаны капітану каманды-чэмпіёна прадстаўніком ФІФА.

У Нью-Джэрсі ўсё адбылося з карэкціроўкамі. Прэзідэнт ЗША, які раней пазбягаў стадыёнаў чэмпіянату свету, упершыню з’явіўся на публіцы падчас фіналу: ён і прэзідэнт ФІФА Джані Інфанціна разам уручылі трафей капітану іспанскай каманды Родры. Калі той збіраўся падняць Кубак, усмешлівы Трамп застаўся стаяць побач і адмовіўся пакінуць подыум.

«Гэта было няёмка і крыху зневажальна», — піша выданне The Athletіc аб гэтым інцыдэнце.

Тым часам у панядзелак абноўлены рэйтынг мужчынскіх зборных Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА).

Пасля перамогі ў фінале чэмпіянату свету зборная Іспаніі ўзнялася на 1-е месца. Пераможаная іспанцамі Аргенціна апусцілася на 2-і радок. Трэцімі сталі французы.

Зборная Беларусі, у сваю чаргу, захавала 96-е месца: побач з падапечнымі Віктара Ганчарэнкі размяшчаюцца Палесціна (95-е) і Гватэмала (97-е).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю