Акцыя «На работу на веласіпедзе» стартавала ў Мінску. Гэта адно з мерапрыемстваў тыдня мабільнасці. Пра гэта паведамілі БелТА ў Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Паводле слоў намесніка старшыні камітэта Таццяны Дубік, акцыя накіравана на тое, каб нагадаць людзям аб негатыўным уплыве аўтамабіляў на навакольнае асяроддзе і падштурхнуць іх да выкарыстання альтэрнатыўных спосабаў перамяшчэння. «З 7:30 да 9:30 у чатырох месцах горада арганізаваны пункты, дзе веласіпедысты або іншыя ўдзельнікі руху, якія выкарыстоўваюць экалагічны транспарт, змогуць пачаставацца фруктамі і атрымаць інфармацыйныя матэрыялы пра Тыдзень мабільнасці і Дзень без аўтамабіля. Пункты арганізаваны каля ўваходу ў Цэнтральны батанічны сад на пр. Незалежнасці, на баку веладарожкі пр. Пераможцаў недалёка ад „Мінск-Арэны“, на вул. Прытыцкага, 27 і 29, і каля шматузроўневага паркінга на пр. Дзяржынскага, 13», — растлумачыла яна.
Дзень без аўтамабіля, які ва ўсім свеце праводзіцца 22 верасня, стане завяршальным этапам Тыдня мабільнасці ў Беларусі. Асноўнай пляцоўкай вызначаны Палац спорту. Па словах Таццяны Дубік, з 15:00 да 19:00 там пройдзе вялікая колькасць мерапрыемстваў, у тым ліку і канцэртна-забаўляльная праграма. «Можна будзе навучыцца вадзіць электрасамакат, ездзіць на манаколе, набыць рознага роду экатавары і прадукты. Таксама можна будзе застрахаваць свой транспартны сродак персанальнай мабільнасці. Будзе прадэманстравана работа праектаў „Зялёныя школы“, „Зялёныя класы беларускай сталіцы“. Будуць праходзіць віктарыны, квэсты на любы густ і ўзрост», — расказала яна.
Ва ўсіх абласных і 33 раённых цэнтрах краіны вадзіцелям, якія пакінулі аўтамабіль дома, будзе прадастаўлены бясплатны праезд у грамадскім транспарце пры прад’яўленні вадзіцельскага пасведчання і пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку.
Тыдзень мабільнасці ў Беларусі пачаўся 16 верасня. Гэта міжнародная кампанія, накіраваная на павышэнне дасведчанасці аб уплыве транспарту на навакольнае асяроддзе і здароўе. Яе мэта — стымуляваць выкарыстанне альтэрнатыўных відаў транспарту, такіх як грамадскі транспарт, веласіпеды, самакаты, знізіць колькасць аўтамабіляў на дарогах. Беларусь упершыню прыняла ўдзел у маштабнай акцыі ў 2008 годзе.