Top.Mail.Ru
305

ФПБ зацікаўлена ва ўстанаўленні новых кантактаў з прафсаюзамі Італіі

Пра гэта расказаў лідэр нацыянальнага прафцэнтра Юрый Сянько на сустрэчы з прадстаўнікамі Асацыяцыі дружбы «Эмілія-Раманья — Беларусь», якая прайшла ў штаб-кватэры ФПБ. Сустрэча адбылася па прапанове пасольства Беларусі ў Італіі.



Знаёмства італьянскай дэлегацыі з прафсаюзным рухам Беларусі пачалося з наведвання экспазіцыйна-выставачнага цэнтра ФПБ. Затым бакі селі за стол перамоваў. Старшыня ФПБ Юрый Сянько расказаў гасцям аб асноўных напрамках дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, закрануўшы, у прыватнасці, пытанні абароны правоў працоўных, прадастаўлення сацыяльных гарантый, аховы працы, адпачынку і аздараўлення.

— Прафсаюзнаму руху Беларусі ўжо больш за 120 гадоў. А сёлета непасрэдна Федэрацыя прафсаюзаў адзначае сваё 35-годдзе. Мы прадстаўляем інтарэсы працоўных і гатовыя дзяліцца сваім вопытам працы з любымі прафцэнтрамі. ФПБ штомесяц накіроўвае ў больш за 300 нацыянальных прафцэнтраў свету інфармацыю аб сваёй дзейнасці. Гэта сведчыць аб тым, што мы адкрыты да дыялогу, — падкрэсліў Юрый Сянько.

У сваю чаргу госці з Італіі, у прыватнасці, цікавіліся нюансамі арганізацыі работы прафсаюзаў у працоўных калектывах, механізмамі рэалізацыі сацыяльнага партнёрства ў нашай краіне і ўдзелам Федэрацыі прафсаюзаў у заканатворчым працэсе.

Як было адзначана на сустрэчы, адной з кропак судакранання можа стаць вывучэнне культур адна адной. Прадстаўнікам Асацыяцыі дружбы «Эмілія-Раманья — Беларусь», а ў яе склад уваходзяць вучоныя, журналісты, пісьменнікі з вопытам дэпутацкай і парламенцкай работы ў Італіі, неабыякавая гісторыя Беларусі.

Юрый Сянько падзякаваў дэлегацыі за праяўленую цікавасць да гісторыі нашай краіны і жаданне аб’ектыўна яе трансліраваць у свеце.

— Дзякуй за працу ў частцы расповяду італьянскім грамадзянам аб падзеях Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнах. Вы праводзіце вялікую працу, у тым ліку пішаце пра гэта ў сваіх кнігах. Шчыра ўдзячны, што аб’ектыўна выкладаеце гісторыю, — адзначыў старшыня ФПБ.

У адказ на гэтыя словы кіраўнік Асацыяцыі сяброўства «Эмілія-Раманья — Беларусь» Джамбатыста Кадопі прэзентаваў Юрыю Сянько кнігу, прысвечаную Другой сусветнай вайне, дзе расказваецца пра выпрабаванні, праз якія прайшлося прайсці беларускаму народу.

Пісьменнік і вучоны, прадстаўнік шэрагу даследчых цэнтраў Італіі Алесандра Фанеці адзначыў, што культурнае супрацоўніцтва з’яўляецца адным з галоўных пытанняў, каб пазнаёміць два народы адзін з адным.

— У гэтым годзе на 9 Мая мне пашчасціла быць у вас у Мінску на Плошчы Перамогі, якраз у той момант, калі дэлегацыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўскладала кветкі да манумента. Вы шануеце сваю гісторыю. Гэтая сітуацыя павінна ўмацаваць нашы адносіны, — упэўнены Алесандра Фанеці.

Устанаўленне сяброўскіх узаемаадносін пойдзе на карысць нашым народам, перакананы і Джамбатыста Кадопі:

— Мы абмеркавалі сёння розніцу паміж прафсаюзамі ў Італіі і Беларусі. Гэта вельмі важна і можа паслужыць базай для выбудоўвання адносін дзвюх краін, якія лічацца абсалютна рознымі, — адзначыў ён. — Але насуперак усім адрозненням наша галоўная мэта — знайсці агульныя кропкі судакраняння для пабудовы сяброўскіх адносін. Веды аб культурах адзін аднаго — гэта фундаментальная рэч, — лічыць Джамбатыста Кадопі.

На ягоную думку, асабліва важны абмен інфармацыяй паміж прафсаюзамі Беларусі і Асацыяцыяй сяброўства. Напрыклад, італьянская дэлегацыя выказала зацікаўленасць у супрацоўніцтве Міжнароднага універсітэта «МІПСА» з навукова-даследчымі цэнтрамі Італіі, а таксама выказала гатоўнасць аказаць садзейнічанне ва ўстанаўленні кантактаў з аб’яднаннямі прафсаюзаў Італіі.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю