Top.Mail.Ru
186

ФПБ пашырае супрацоўніцтва з прафсаюзамі Індыі

Гэтымі днямі дэлегацыя нацыянальнага прафцэнтра Беларусі на чале са старшынёй ФПБ Юрыем Сянько прымае ўдзел ва Усеіндыйскай канферэнцыі Індыйскага рабочага саюза і Міжнародным сімпозіуме, на якім абмяркоўваецца роля прафсаюзаў ва ўмовах змянення глабальнага рынку працы.

Мерапрыемствы сабралі больш за 2,5 тысячы чалавек, у тым ліку прадстаўнікоў нацыянальных прафцэнтраў Беларусі, Расіі, Бразіліі, Егіпта, Турцыі, Італіі, Непала і інш.

На сёння Індыйскі працоўны саюз налічвае больш за 26 млн членаў і з’яўляецца не толькі кіруючым прафсаюзам у Індыі, але і найбуйнейшым прафцэнтрам у свеце.

Як адзначыў у сваім выступленні на форуме старшыня ФПБ Юрый Сянько, сёння Беларусь і Індыя актыўна развіваюць узаемавыгаднае супрацоўніцтва як у двухбаковым фармаце, так і ў рамках важнейшых міжнародных пляцовак — ШАС і БРІКС.

— Нас аб’ядноўвае агульнае разуменне таго, што кожная краіна ўнікальная ў развіцці і фарміруе сваю будучыню, зыходзячы з нацыянальных традыцый, каштоўнасцей і прыярытэтаў. У нас агульнае імкненне да шматвектарнасці ў міжнародных адносінах і адкрытага дыялогу, заснаванага на ўзаемнай павазе, сумленнасці, адкрытасці і надзейнасці, — падкрэсліў Юрый Сянько. — Развіццё супрацоўніцтва на ўзроўні нацыянальных прафцэнтраў будзе садзейнічаць умацаванню сувязей паміж Беларуссю і Індыяй, што, безумоўна, прынясе карысць працоўным дзвюх краін.

Старшыня ФПБ расказаў замежным калегам аб выбудаванай сістэме сацыяльнага партнёрства ў Беларусі, дзякуючы чаму эфектыўна і канструктыўна вырашаюцца ўсе важнейшыя пытанні — ад забеспячэння прадуктыўнай занятасці да павышэння заработнай платы.

Разам з тым Юрый Сянько падкрэсліў, што для ўстаранення глабальных праблем свету працы неабходна вялікая салідарнасць міжнароднага прафсаюзнага руху.

Так, тэхналагічны прагрэс, лічбавізацыя, закліканыя аблегчыць працу работнікаў, без належнага рэгулявання і прыняцця мер па абароне інтарэсаў чалавека працы вядуць да адваротнага выніку. Пры гэтым найбольш пакутуюць работнікі з невысокай кваліфікацыяй. Яшчэ большую пагрозу працоўным усіх краін нясе імкненне асобных палітыкаў да падзелу свету, увядзенне розных абмежаванняў і штучных бар’ераў у эканоміцы.

— Гэта нішто іншае як шантаж у міжнародным маштабе і спроба адных краін падпарадкаваць сабе іншыя суверэнныя дзяржавы. У міжнароднай практыцы такая палітыка ўжо атрымала дакладнае вызначэнне — новы каланіялізм, — адзначыў Юрый Сянько і падкрэсліў неабходнасць салідарна адстойваць права ўсіх дзяржаў і народаў на ўстойлівае развіццё, права ўсіх людзей у свеце.

У рамках Міжнароднага сімпозіума дэлегацыя ФПБ сумесна з прадстаўнікамі іншых нацыянальных прафцэнтраў і кіраўніцтвам Індыйскага рабочага саюза абмеркавалі таксама фармат і асноўныя пытанні маючага адбыцца прафсаюзнага форуму краін БРІКС, правядзенне якога запланавана ў бягучым годзе ў Індыі. Апрача таго, адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч з калегамі з замежных нацыянальных прафцэнтраў.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю