Top.Mail.Ru
267

ФПБ падарыла Брэсцкай СДЮШАР сучасныя вяслярныя трэнажоры

Пачатак навучальнага года ў юных брэсцкіх спартсменаў, якія займаюцца веславаннем на байдарках і каноэ, стартаваў з трэніроўкі на новых камбінаваных вяслярных трэнажорах, якія стануць не толькі добрай дапамогай для штодзённых трэніровак, але і дазволяць рыхтавацца да спаборніцтваў рознага ўзроўню. Павіншаваць юных спартсменаў прыехаў лідэр нацыянальнага прафцэнтра Юрый Сянько.



Дарэчы, практычна ўсе спартыўныя школы прафсаюзаў абнавіліся да новага навучальнага года. Такая падрыхтоўка да сезона накіравана на стварэнне максімальна камфортных умоў для якаснай і эфектыўнай падрыхтоўкі дзяцей.

Як адзначыў Юрый Сянько, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы спартыўных школ — гэта работа, якую прафсаюзы праводзяць на пастаяннай аснове.
— Сёлета спартшколы прафсаюзаў расчынілі свае дзверы для больш чым 30 тысяч юных спартсменаў, якія будуць выпрабоўваць свае сілы па 52 відах спорту. І каб выходзіць на якасна новы ўзровень у трэніровачным працэсе, безумоўна, неабходна рэгулярнае абнаўленне як памяшканняў і спартыўнага інвентару, так і амуніцыі навучэнцаў, — падкрэсліў старшыня ФПБ.

Брэсцкая СДЮШАР прафсаюзаў, якую наведаў сёння Юрый Сянько, была заснавана яшчэ ў 1985 годзе. У школе функцыянуюць тры аддзяленні — дзеці праходзяць падрыхтоўку па веласпорце, трыятлоне і веславанні на байдарках і каноэ. Дарэчы, на апошнім займаюцца больш за 60 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дырэктар СДЮШАР Васіль Сафонаў у сваю чаргу расказаў, што за апошні час выхаванцы занялі нямала прызавых месцаў на першынствах міжнароднага ўзроўню, у тым ліку станавіліся прызёрамі чэмпіянатаў свету.

Сярод знакамітых спартсменаў — выхадцаў з прафсаюзнай спартшколы — Уладзіслаў Палешка. Ён чэмпіён Еўропы сярод юніёраў і моладзі па веславанні на байдарках і каноэ і новаспечаны бронзавы прызёр чэмпіянату свету, які прайшоў у жніўні гэтага года.

— Веславанне фармуе характар, бо ты выходзіш на трэніроўкі ў любое надвор’е. Матэрыяльная база нашай школы за апошнія гады значна палепшылася. А падораныя сёння прафсаюзамі трэнажоры дазволяць займацца не толькі спартсменам-пачаткоўцам, але і тым, хто рыхтуецца да сур’ёзных міжнародных стартаў, — адзначыў Уладзіслаў Палешка.
Сёння ў нашай краіне створаны і пастаянна ўдасканальваюцца ўмовы для заняткаў спортам любога ўзроўню, няхай гэта будзе прафесійны або масавы спорт. Для прафсаюзаў не важныя ні ўзрост, ні фізічная падрыхтоўка. Галоўнае — падтрымаць жаданне быць актыўнымі. І, як заклікаў старшыня ФПБ Юры Сянько, прывіць звычку займацца спортам, весці здаровы лад жыцця. Гэта і ёсць адна з задач прафсаюзных спартыўных школ.

Неабходна дадаць, што грунтоўна падрыхтаваліся да сустрэчы юных спартсменаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці закуплены неабходны якасны спартыўны інвентар, абсталяванне, спартыўная форма з лагатыпамі спартшкол прафсаюзаў на аддзяленнях барацьбы грэка-рымскай, дзюдо, бокса, валейбола, цяжкай атлетыкі, фехтавання, гімнастыкі спартыўнай, коннага спорту, хакея на траве, кулявой стральбы, футбола. Установай «Гомельская СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні» праведзены рамонт вучэбна-трэніровачнай базы, падрыхтаваны спартыўныя базы для заняткаў цяжкай атлетыкай, боксам. Практычна ўсімі школамі рэгіёна абноўлены інвентар, у тым ліку лодкі акадэмічныя. Адрамантавана і вяслярная база ДЮСШ «Альбатрос» на Віцебшчыне — у Лепелі.
У Магілёўскай вобласці абноўлены інвентар і абсталяванне для аддзяленняў бокса, цяжкай атлетыкі, гульнявых відаў спорту, настольнага тэніса, каратэ. Таксама для юных спартсменаў набыта экіпіроўка і спецыяльны абутак.

Алена КРАВЕЦ
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю