Top.Mail.Ru
248

ФПБ: каля 85 % калектыўных дагавораў змяшчаюць нормы па падтрымцы работнікаў з сямейнымі абавязкамі

Гарантыі занятасці, матэрыяльная падтрымка, дапамога ў адпачынку, аздараўленні і многае іншае — і гэта толькі частка тых бонусаў для работнікаў-бацькоў, якія замацоўваюцца ў калектыўных дагаворах па ініцыятыве прафсаюзаў.


— Работа прафсаюзаў у гэтай частцы накіравана на прасоўванне сярод наймальнікаў сацыяльна значнай практыкі стварэння спрыяльных умоў працы для работнікаў, якія выхоўваюць дзяцей. І гаворка тут ідзе аб дадатковай падтрымцы, гэта значыць звыш таго, што прадугледжана заканадаўствам. Сёння мы бачым, што на многіх прадпрыемствах паспяхова ўжо прымяняецца такая практыка, якая садзейнічае захаванню балансу паміж прафесійнымі і сямейнымі абавязкамі, — расказаў Дзмітрый Аляксейчык, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. — Па прапановах прафсаюзаў, напрыклад, калектыўныя дагаворы ўключаюць нормы, якія прадугледжваюць матэрыяльную падтрымку пры нараджэнні дзяцей, да Дня маці і Дня бацькі, у цяжкіх жыццёвых сітуацыях, падрыхтоўцы дзяцей да школы, за добрую паспяховасць. На шматлікіх прадпрыемствах краіны 1 верасня бацькі могуць атрымаць выхадны дзень, каб адвесці сваіх дзяцей-першакласнікаў на ўрачыстую лінейку. Аказваецца і садзейнічанне ў патанненні кошту пуцёвак у дзіцячыя лагеры. Усе гэтыя меры становяцца не проста сацыяльнай гарантыяй, а важным фактарам захавання кадравага патэнцыялу і ўмацавання працоўных калектываў.

Таксама прафсаюзы садзейнічаюць у вырашэнні такіх важных для сем’яў пытанняў, як жыллёвыя. Напрыклад, гэта могуць быць ільготы і кампенсацыі, звязаныя з аплатай найму жылля, ці нават аказанне дапамогі пры будаўніцтве.

Асобныя калектыўныя дагаворы арганізацый змяшчаюць нормы па аплаце 14-дзённага водпуску татам, які апошнія могуць браць на працягу паўгода ад дня нараджэння дзіцяці. Дарэчы, сёння міжведамаснай працоўнай групай па ўнясенні змяненняў у Працоўны кодэкс, у якую ўваходзяць і прадстаўнікі прафсаюзаў, прапрацоўваецца пытанне аб замацаванні такой нормы ў працоўным заканадаўстве.

Акрамя таго, прафсаюзы актыўна падключаюцца і выступаюць арганізатарамі правядзення розных сямейных свят і мерапрыемстваў, праграм па аздараўленні і карыснай занятасці дзяцей працаўнікоў. Усё гэта спрыяе не толькі ўмацаванню сямейных каштоўнасцяў, але і стварае для кожнага работніка ўмовы, каб гарманічна сумяшчаць працу і клопат аб сям’і.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю