Top.Mail.Ru
245

ФПБ далучылася да дабрачыннага праекта па падтрымцы людзей з абмежаванымі магчымасцямі

У штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы-продажу карцін выхаванцаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.


Гэтая акцыя — працяг праекта «Мой свет у фарбах», у рамках якога людзі з абмежаванымі магчымасцямі пішуць карціны і маюць магчымасць рэалізаваць іх на розных выставах-продажах у фармаце «вольнай цаны».

Гэты праект у першую чаргу дапамагае яго ўдзельнікам праявіць сябе і падзяліцца з навакольнымі талентам, паверыць у свае сілы, сацыялізавацца ў грамадстве. Яго ініцыятарам яшчэ ў 2021 годзе выступіла адна з пярвічных прафсаюзных арганізацый, якія ўваходзяць у Беларускі прафсаюз банкаўскіх і фінансавых работнікаў. І з кожным годам маштаб праекта павялічваецца. На сёння ўдзел у ім ужо прынялі каля 2 тысяч выхаванцаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання і пансіянатаў, на выставах-продажах рэалізавана звыш 2100 карцін.

— Гэты праект важны для ўсяго нашага грамадства. І хто, як не мы ўсе — жыхары сваёй краіны — можам падтрымаць тых людзей, якія імкнуцца праз мастацтва, праз сваю працу, праз сваё бачанне ў фарбах паказаць нашу краіну, нашых людзей, паказаць саміх сябе, — падкрэсліў падчас адкрыцця выставы старшыня ФПБ Юрый Сянько і дадаў, што экспазіцыя ў штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра — гэта толькі пачатак супрацоўніцтва прафсаюзаў з арганізатарамі праекта. У далейшым падобныя мерапрыемствы будуць арганізаваны і ў рэгіёнах, напрыклад, пры абласных аб’яднаннях прафсаюзаў, каб як мага больш людзей маглі далучыцца да гэтай важнай і патрэбнай справы і падтрымаць творчых выхаванцаў цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Дарэчы, толькі за першыя гадзіны работы выставы-продажу ў будынку Федэрацыі прафсаюзаў ужо два дзясяткі мастацкіх работ знайшлі сваіх пакупнікоў.

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: З пачатку верасня прафсаюзы правялі сотні дабрачынных акцый

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю