Учора ў сталічным кінатэатры «Масква» стартаваў двухдзённы форум, які праводзіцца ў рамках рэспубліканскага плана мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года беларускай жанчыны. Яго арганізатары — Мінэканомікі, Мінгарвыканкам, Беларускі саюз жанчын.
Асноўная мэта — стварэнне эфектыўнай пляцоўкі для развіцця дзелавога супрацоўніцтва жанчын-прадпрымальнікаў Беларусі і Расіі, фарміравання сумесных праектаў і пашырэння кааперацыйных сувязяў у рамках Саюзнай дзяржавы.
Удзельнікі абмяркоўваюць шырокае кола тэм: ад турызму да інавацый і лічбавізацыі. Форум аб’яднаў больш за 500 удзельнікаў з Расіі і Беларусі, прадстаўнікоў больш як з 20 гарадоў і рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, у тым ліку Чувашыі, Карэліі, Тулы, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Чалябінска, Яраслаўля, Сочы, Смаленска, Пскова, Мурманска, Курска, Калінінграда і іншых.
Першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец у прывітальным слове ўдзельнікам пленарнага пасяджэння форуму падкрэсліў, што дзяржава паслядоўна фарміруе спрыяльнае асяроддзе для развіцця.
Ён адзначыў асаблівы сімвалізм форуму ў Год беларускай жанчыны, а таксама важнасць такіх мерапрыемстваў для развіцця жаночага прадпрымальніцтва і пашырэння дыялогу паміж дзяржавай і бізнесам.
«За апошнія пяць гадоў доля жаночага прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь павялічылася з 32 % да амаль 42 %. Жаночы бізнес у Беларусі, традыцыйна, засяроджаны ў такіх галінах, як кансалтынг, рэклама, індустрыя прыгажосці, швейная вытворчасць, турызм і дызайн. Але ўсё больш актыўна бізнес-лэдзі адкрываюць сваю справу і ў такіх галінах, як грузаперавозкі, прамысловасць, ІT», — расказаў Іван Вежнавец.
Першы намеснік кіраўніка ведамства адзначыў, што дзякуючы пагадненню, заключанаму Міністэрствам эканомікі з Беларускім саюзам жанчын, рух у падтрымку жаночага прадпрымальніцтва ўжо выйшаў за межы Беларусі: форум аб’яднаў прадпрымальнікаў Саюзнай дзяржавы.
«Сёлета мы адзначаем 30-годдзе будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. І вынікі нашага супрацоўніцтва ўражваюць: тавараабарот дасягнуў гістарычных паказчыкаў, растуць узаемныя інвестыцыі, рэалізуюцца сумесныя праекты і ініцыятывы ў розных сферах.
У цяперашні час ідзе актыўная работа па напаўненні асноўных кірункаў па рэалізацыі палажэнняў дагавора на 2027–2029 гады. Акрамя эканомікі, у праекце дакумента робім упор на развіццё чалавечага патэнцыялу, прычым не толькі праз прызму традыцыйных сфер (ахова здароўя, турызм, спорт, культура), але і з асаблівым акцэнтам на творчы патэнцыял прадпрымальных людзей, развіццё крэатыўных індустрый.

Міністэрства эканомікі са свайго боку заўсёды гатова аказаць падтрымку бізнесу ў рэалізацыі ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне нашага ўзаемадзеяння», — заявіў Іван Вежнавец.
Жаночае прадпрымальніцтва фарміруе новую культуру дзелавога ўзаемадзеяння ў Саюзнай дзяржаве, лічыць старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская.
«Сучаснае жаночае прадпрымальніцтва — гэта не толькі пра бізнес. Гэта пра лідарства, давер, партнёрства, устойлівасць і ўменне бачыць магчымасці нават у самых складаных умовах. За кожным паспяховым праектам стаяць энергія, прафесіяналізм, велізарная праца і праўдзівая вера ў сваю справу. Жанчыны ўпэўнена развіваюць вытворчасць, укараняюць інавацыі, ствараюць працоўныя месцы, падтрымліваюць сем’і і адначасова фарміруюць новую культуру дзелавога ўзаемадзеяння, заснаваную напавазе, адказнасці і ўзаемадапамозе», — сказала Вольга Шпілеўская.
Асаблівую каштоўнасць форуму надае ўдзел прадстаўнікоў дзвюх брацкіх дзяржаў — Беларусі і Расіі. «Нас з вамі аб’ядноўвае агульная гісторыя, агульныя духоўныя каштоўнасці, імкненне да развіцця і разумення таго, што толькі разам мы можам ствараць моцную і ўстойлівую будучыню Саюзнай дзяржавы», — дадала старшыня БСЖ.
Вольга Шпілеўская адзначыла высокую выніковасць такіх сустрэч. Зносіны потым працягваюцца ўжо па канкрэтных праектах. «Упэўнена, што форум стане добрай традыцыяй. Відаць, наколькі мы зацікаўленыя ў супрацоўніцтве. Кажучы на адной мове, збліжаючы заканадаўства, у жанчын-прадпрымальнікаў ёсць усе шанцы пашыраць сваебізнесы, ствараць працоўныя месцы», — падкрэсліла яна.