Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы адзначыў сімвалічнасць таго, што патрыятычныя сілы краіны адзначаюць Дзень народнага адзінства менавіта ў гэтай зале. «У кастрычніку 1996 года мы, дэлегаты першага Усебеларускага народнага сходу, з заміраннем сэрца, з пачуццём глыбокай надзеі і ўпэўненасці слухалі тут праграмнае выступленне нашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі пра будучыню нашай краіны, пра будучыню нашага народа. Менавіта тут, у гэтай зале аднадушна быў падтрыманы новы фармат інстытута прэзідэнцтва, пры якім Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца кіраўніком дзяржавы. Ён жа з’яўляецца гарантам нашай Канстытуцыі і правоў кожнага чалавека».
«Менавіта ў гэтай зале была прынята першая пяцігадовая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, у цэнтры якога — чалавек», — адзначыў Міхаіл Русы.
«Тады на ўсю сцэну быў размешчаны асноўны лозунг кіраўніка дзяржавы: „Толькі беларускі народ мае права вырашаць свой лёс“. І наш народ беларускі прыняў гэты лозунг і ўвасабляў на рэферэндумах, на выбарах парламента, на выбарах Прэзідэнта. Народ гэтага хацеў, так гэта бачыў, таму што гэта была яго воля», — сказаў ён, дадаўшы, што тым самым дэманстравалася адзінства народа.
А 26 студзеня 2025 года беларусы зноў зрабілі свой выбар на карысць Аляксандра Лукашэнкі, яшчэ раз гучна заявіўшы сваю волю ўсяму свету. «Гэта наш выбар, і мы яго зрабілі. Гэта наш народны Прэзідэнт».
Першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў у сваім выступленні адзначыў, што сёння Беларусь, як некалі вялікі Савецкі Саюз, для многіх у свеце з’яўляецца маяком і арыенцірам сацыяльнай справядлівасці, прагрэсу і натхняльнікам на барацьбу супраць імперыялізму і фашызму ва ўсіх яго напрамках. «Слаўныя традыцыі нашага народа — гэта не толькі ўнікальныя культура і мастацтва, самабытныя звычаі і рытуалы, якія выносяць нас у глыбіню стагоддзяў і тысячагоддзяў. Але гэта і пераемнасць з нашым Савецкім гераічным мінулым, — сказаў Сяргей Сыранкоў. — У сваіх выступленнях наш Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў, што ён чалавек савецкі, і гэтымі сэнсамі пранізаная ўся яго дзейнасць на карысць працоўнага народа. Дзякуючы Прэзідэнту ў нас у краіне ўлада народа, а не ўлада паноў, алігархаў ці знешняга капіталу. І мы, беларускі народ — гаспадары на сваёй уласнай зямлі».
Адзінства не нараджаецца само па сабе, яно будуецца на даверы, на сумленных размовах, на разуменні адзін аднаго, заявіла старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава: «І сёння, калі ўсё мяняецца, вакол шмат выклікаў і пагроз, настаў час аб’ядноўвацца. Не пад прымусам, а ў імя спакою нашых дзяцей, дзеля стабільнасці і развіцця эканомікі, культуры, адукацыі, — заклікала ў сваім выступленні Вольга Чамаданава. — І кожны з вас можа гэта зрабіць. Праз маленькія ўчынкі, якія ператвараюцца ў вялікую сілу. І гэтая сіла робіць нашу краіну непахіснай».
«Я мама чацвярых дзяцей. І адзінства, на мой погляд, пачынае фарміравацца менавіта з сям’і. Акрамя таго, вельмі важную ролю ў згуртаванні адыгрывае любоў і шчырасць, — падзялілася меркаваннем музычны кіраўнік сталічнага дзіцячага сада № 583 Юлія Пашкевіч. — Працую я з дзеткамі, у якіх таксама імкнуся ўкладваць любоў да сваёй Радзімы, вучу іх шанаваць сваіх блізкіх. Гэта вельмі важна».
«Для актыўнай моладзі, часткай якой я з’яўляюся, Форум патрыятычных сіл, прымеркаваны да Дня народнага адзінства, — вельмі сімвалічнае мерапрыемства. Збіраючыся тут усе разам, прадстаўнікі розных прафесій, жыхары розных абласцей нашай краіны згуртоўваюцца, камунікуюць, атрымліваюць асалоду ад святочнай атмасферы. Гэта сапраўднае свята», — адзначыла студэнтка юрыдычнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны Яна Заінчукоўская.



Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД