У Гродзенскай вобласці 29 і 30 красавіка ўпершыню пройдзе форум майстроў народнай творчасці. Пра гэта паведамілі БелТА ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.
Форум майстроў збярэ ў Ваўкавыску ўсіх, хто шануе і развівае народную творчасць. «Унікальная пляцоўка ўпершыню аб’яднае лепшых майстроў народнай творчасці і захавальнікаў традыцый з усёй Гродзеншчыны, — расказалі ва ўпраўленні культуры. — Гасцей і ўдзельнікаў чакаюць майстар-класы, выстава эксклюзіўных вырабаў ручной работы. Для ўмельцаў правядуць лекцыі і дыскусіі вопытныя спецыялісты, удзельнікі абмяняюцца ўласным вопытам».
Форум стаў працягам творчага праекта «Яднаемся рамёствамі», які ўжо не першы год рэалізуецца ў рэгіёне. Работнікі культуры, захавальнікі традыцыйнай народнай творчасці з розных раёнаў вобласці прыязджаюць у госці адзін да аднаго, прадстаўляючы свае мясцовыя рамёствы і пераймаючы самае яркае, унікальнае.
Адной з цэнтральных падзей стане праект «Лабараторыя жывых рамёстваў», дзе можна будзе навучыцца асновам пляцення з саломы, лазы, траў, мастацтву выцінанкі і ганчарнаму майстэрству. На выставе прадставяць гістарычныя народныя касцюмы Лідскага, Карэліцкага і Воранаўскага раёнаў. Для модніц правядуць майстар-клас па завязванні хустак «Дзявочая краса — хустка і каса».
«Форум стане тэрыторыяй натхнення і новых ідэй для тых, хто ўжо даўно і паспяхова займаецца рукадзеллем, і для тых, хто яшчэ ў пачатку творчага шляху. Упэўнены, што ён прыцягне цікавасць да традыцыйных беларускіх рамёстваў, якія год ад году набіраюць папулярнасць і ў маладзёжным асяроддзі, і стане чарговым крокам на шляху захавання і развіцця нашай культуры», — адзначылі арганізатары.