Top.Mail.Ru

Формула жыцця незвычайнага ўчастковага інспектара

Днём ён сочыць за правапарадкам у аддаленых вёсках Гомельскага раёна, а вечарамі вышывае кашулі, пляце паясы і аднаўляе старажытныя абрады. Рэдкае ўменне спалучаць служэнне дзяржаве і захаванне жывой народнай культуры вылучае Віктара Шыпкова. Старшы ўчастковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў Гомельскага райвыканкама нядаўна з рук Прэзідэнта атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне».


Дзве службы аднаго чалавека

Ганаровая ўзнагарода — падзяка і прызнанне на самым высокім узроўні таго, хто працуе не напаказ, не дзеля выгады і не па абавязку службы, а па поклічы сэрца. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння прэмій.

На ўрачыстасць з Гомельшчыны ў Мінск разам з Віктарам Шыпковым, каб падтрымаць і падзяліць радасць гэтага хвалюючага моманту, прыехалі жонка Валерыя і маці Алена Валянцінаўна. Сам лаўрэат прэміі прызнаецца, дагэтуль не можа да канца паверыць у тое, што адбылося.

— Пачуцці перапаўняюць. Ёсць разуменне, што іду па правільным шляху. Дзейнасць, якой займаюся апроч сваёй асноўнай працы і якая займае таксама шмат часу, патрабуе вялікага рэсурсу, але і дае сілы, магутны зарад для асноўнай службы, дапамагае ў працы з людзьмі, — падзяліўся Віктар Шыпкоў.

Для Гомельшчыны ён добра вядомая асоба. Віктар — этнограф і фалькларыст, народны майстар, захавальнік абрадаў і рамёстваў, шматдзетны бацька. І пры гэтым — дзеючы афіцэр міліцыі, для якога служба людзям не заканчваецца працоўным днём.

У органы ўнутраных спраў Віктар Шыпкоў прыйшоў больш за 16 гадоў таму. З 2020-га ён на службе ўчастковых інспектараў міліцыі. Тэрыторыя яго адказнасці — Шарпілаўскі сельсавет, які вылучаецца значнай аддаленасцю населеных пунктаў, дзе ў асноўным пражываюць пажылыя вяскоўцы. І Віктар Шыпкоў сапраўды заслужыў давер усіх жыхароў навакольных вёсак.

Працаваць даводзіцца ў няпростых умовах. Узімку, калі дарогі замятае снегам, да некаторых вёсак участковаму даводзілася дабірацца пешшу. Два гады таму, якраз на Каляды, участковаму інспектару ў якасці заахвочвання па службе па даручэнні міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова быў перададзены службовы пазадарожнік.

Радзіма як рэсурс

Віктар Шыпкоў, бацька шасцярых дзяцей, — ураджэнец вёскі Маркавічы Гомельскага раёна. Ён лічыць, што менавіта любоў да малой радзімы галоўная крыніца яго жыццёвай энергіі.

Ужо больш за дваццаць гадоў Віктар захоўвае і адраджае традыцыйную культуру роднага куточка Гомельскага прыгранічнага краю. А пачалося ўсё яшчэ са школы... 

І апантанага жадання навучыцца іграць на гармоніку, як старэйшыя вясковыя мужчыны ігралі на вясковых святах.

Захапіўся народнай творчасцю, старажытнымі песнямі і танцамі Віктар на ўроках педагога-арганізатара, настаўніка рытмікі і танцаў Маркавіцкай школы Рыгора Басава. Калі наш герой ужо вучыўся ў акадэміі МУС, яго любімы вясковы настаўнік вырашыў пакінуць школу і стаць святаром. Віктар прыняў у Рыгора Ціханавіча своеасаблівую эстафету захавальніка традыцыйнай культуры родных мясцін. Яшчэ са школьных гадоў ён зразумеў, наколькі важна пераймаць ад вясковых старажылаў і захоўваць мясцовыя легенды, казкі, песні, танцы, элементы традыцыйнага народнага строю. Так паступова Віктар Шыпкоў сабраў вялікую аўтэнтычную калекцыю прадметаў побыту, ганчарных вырабаў, музычных інструментаў. Але асаблівае захапленне міліцыянера-этнографа — элементы традыцыйнага народнага строю. Набожнікі, ручнікі, кашулі, андаракі ён не толькі збірае, але і аднаўляе з асаблівым імпэтам. Нават па маленькім лапіку тканіны яму ўдаецца аднавіць цэлы касцюм, з захаваннем арнаменту. Аднаўленне адной кашулі можа заняць каля двух месяцаў. Займаецца майстар па вечарах, у вольны ад службы і хатніх клопатаў час.

Культура — не хобі

— Традыцыйнай культурай нельга проста цікавіцца — ёю трэба жыць, — перакананы наш герой.

Сапраўды, апантаны этнограф, фалькларыст, народны майстар, захавальнік абрадаў і рамёстваў — ён можа гадзінамі расказваць пра традыцыйны касцюм. Паводле яго слоў, адзенне нашых продкаў было прадумана да дробязяў.

Майстар тлумачыць, што гарнітур фактычна «выбудоўваў» сілуэт чалавека, дапамагаў падкрэсліць добрыя якасці, схаваць недахопы і, паводле народных уяўленняў, абараняў ад дрэннага вока.

Віктар Шыпкоў — адзін з нямногіх майстроў у Беларусі, якія валодаюць старажытнай ткацкай тэхнікай спрэнг. Гэта тып пляцення, пры якім аснова вырабу ўтвараецца з адной ніткі шляхам яе адмысловага перапляцення паміж сабой, без ткацкага станка. Такому рамяству ў свой час ён навучыўся ад майстрыхі з роднай вёскі, а цяпер марыць абавязкова захаваць і перадаць тэхніку для будучых пакаленняў.

Не меншую ролю ў жыцці ўраджэнца вёскі Маркавічы адыгрывае адраджэнне абрадаў. Дзякуючы намаганням Рыгора Басава і яго аднадумцаў у 2007 годзе быў адноўлены абрад «Ваджэнне Сулы». Гэты старажытны народны абрад бытаваў сярод жыхароў вёскак Гадзічава і Маркавічы, быў забаронены савецкай уладай у 1967-м і адноўлены толькі праз сорак гадоў. У 2019-м Віктарам Шыпковым былі сабраны неабходныя дакументы, накіраваны у Міністэрства культуры. І было прынята рашэнне аб наданні гэтай народнай традыцыі статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Віктар Шыпкоў захоўвае і папулярызуе яшчэ адну традыцыю сваёй малой радзімы — святочны калядны абрад «Звязда». У яго аснове — святочныя царкоўныя спевы аб нараджэнні Хрыста і калядкі, у якіх захаваліся не толькі традыцыйныя сюжэты, але і велічанні з нагоды нараджэння Божага Сына, добрыя пажаданні гаспадарам у новым годзе. Усе гэтыя аўтэнтычныя спевы Віктар запісваў ад старажылаў вёскі і беражліва захоўвае гэту традыцыю. 

У планах — падаць прапанову аб прызнанні нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і гэтага ўнікальнага абраду прыгранічнай тэрыторыі Гомельшчыны.

Для Віктара Шыпкова вельмі важна, што ва ўсіх пачынаннях яго падтрымлівае сям’я. Жонка Валерыя і дзеці таксама ўдзельнічаюць ва ўсіх святах, конкурсах. Старэйшыя дочкі ведаюць народныя песні, выступаюць на фестывалях, а бацька ўласнаручна шые для іх нацыянальныя касцюмы. Дзеля чаго? Лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» адказвае проста:

— Мару, каб традыцыйная культура заставалася жывой, каб абрады, якія захоўваем і аднаўляем, не ператвараліся ў тэатралізаванае дзейства, а былі сапраўды жывым працэсам з захаваннем усіх аўтэнтычных рыс, з абавязковым выкарыстаннем для ўсіх удзельнікаў свят элементаў народнага строю.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю