У Мінску на «Чыжоўка-Арэне» стартаваў фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сярод дзяцей у старэйшай групе ў дывізіёне «А», паведамляе БелТА.
У дывізіёне «А» выступаюць каманды з гарадоў і раёнаў краіны, дзе ёсць крытыя лядовыя арэны. Старэйшую ўзроставую катэгорыю прадстаўляюць хлопцы і дзяўчаты 2010-2012 гадоў нараджэння. У вырашальны этап прабіліся восем калектываў — па адным з кожнай вобласці Беларусі, а таксама два клубы з Мінска. Удзельнікі падзеленыя на два квартэты, пераможцы якіх згуляюць у фінале.
У першы дзень спаборніцтваў сталічнае «Тарпеда» абгуляла каманду «Шклоўскія льдзіны» (10:3), мінскі «Лакаматыў» быў мацнейшы за зборную Віцебскай вобласці (8:0), «Маладзечна-Юні» справілася з «Юніёрам» з Гомельскай вобласці (9:3), а гродзенскія «Ястрабы» перамаглі кобрынскі «Атлант» (10:4). Наступныя матчы групавога этапу пройдуць 4 і 5 сакавіка, у пятніцу адбудуцца гульні за 1-е, 3-е, 5-е і 7-е месцы.
Арганізатарамі рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца Міністэрства спорту, Міністэрства адукацыі, Федэрацыя хакея Беларусі, Прэзідэнцкі спартыўны клуб і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.