Top.Mail.Ru
192

Фільмы-лаўрэаты Еўразійскай кінапрэміі «Брыльянтавы матылёк» пакажуць у Мінску

Спецыяльная праграма адкрытых кінапаказаў фільмаў — удзельнікаў першай Еўразійскай кінапрэміі «Брыльянтавы матылёк» пройдзе з 9 па 11 снежня ў Мінску ў кінатэатры «Масква», паведамілі БелТА арганізатары кінапрэміі.


Адкрые праграму 9 снежня беларуская карціна «Чорны замак», удастоеная «Брыльянтавага матылька» ў намінацыі «Лепшы кампазітар».

10 снежня жыхары Беларусі змогуць убачыць тры кінастужкі. Спачатку будзе прадстаўлены фільм-намінант на прэмію сумеснай вытворчасці Узбекістана і Туркменістана «Махтумкулі». Пасля паказу адбудзецца творчая сустрэча з рэжысёрам карціны Музаффарханам Эркінавым. Затым расійскі рэжысёр Андрэй Зайцаў прадставіць сваю кінастужку «Двое ў адным жыцці, не лічачы сабакі». Гэта карціна была ўдастоена адразу двух «Брыльянтавых матылькоў»: узнагароду ў намінацыі «Лепшая актрыса» атрымала Святлана Кручкова, у намінацыі «Лепшы акцёр» — Аляксандр Адабаш’ян. Таксама ў гэты дзень беларускія гледачы змогуць убачыць намініраваную на прэмію сумесную кыргызска-расійскую кінастужку «Патанцуйце з мамай!». Пасля паказу адбудзецца творчая сустрэча са стваральнікамі кінакарціны Рустамжанам Сайдаматавым і Каніетам Халілавым.

Завершацца кінапаказы 11 снежня сербскім фільмам «Лясны цар», які ўдастоены «Брыльянтавага матылька» ў намінацыі «Лепшы рэжысёр».

Уваход на кінапаказы бясплатны, па папярэдняй рэгістрацыі. Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгінала з рускімі субцітрамі. Арганізавана праграма Расійскім фондам культуры пры падтрымцы кампаніі «Раскіно».

Першая цырымонія ўручэння прэміі, якую называюць яшчэ еўразійскім «Оскарам», адбылася 27 лістапада ў Маскве ў «Майстэрні «12» рэжысёра Мікіты Міхалкова. Усяго на конкурс было вылучана 34 карціны. Згодна з правіламі, у ім удзельнічалі фільмы краін, што падзяляюць агульныя культурныя і духоўныя традыцыі. Узнагароды былі прысуджаны ў 11 намінацыях. Уручаўся таксама ганаровы прыз «За ўклад у сусветны кінематограф».

Кожны пераможца атрымаў статуэтку ў выглядзе матылька, інкруставанага амаль 5 тыс. дробных брыльянтаў. Акрамя таго, пераможца ў намінацыі «Лепшы фільм» стаў уладальнікам якуцкага брыльянта вагой 10 карат і коштам, эквівалентным $1 млн. Лаўрэаты астатніх намінацый узнагароджаны 5-каратнымі якуцкімі брыльянтамі коштам, эквівалентным $250 тыс. кожны.

Ініцыятарам і натхняльнікам стварэння адкрытай Еўразійскай кінапрэміі стаў рэжысёр Мікіта Міхалкоў. Заснавальнікі прэміі — Міністэрства культуры РФ і Расійскі фонд культуры.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю