Top.Mail.Ru

Фігурысты, канькабежцы і шорт-трэкісты вяртаюцца на міжнародную арэну

Турнір тыдня. Беларускія спартсмены дастойна выступілі на трэцім этапе Кубка Садружнасці па біятлоне, які прайшоў у Чайкоўскім Пермскага краю Расіі. Ганна Сола стала сярэбраным прызёрам гонкі з масавым стартам. Яна была самай хуткай на лыжні, і нават чатыры промахі на агнявых рубяжах не перашкодзілі ёй падняцца на п’едэстал. У мужчынскай гонцы з масавым стартам Антон Смольскі і Дзмітрый Лазоўскі занялі другое і трэцяе месцы адпаведна. Дзінара Смольская стала сярэбраным прызёрам жаночай гонкі праследавання. Ганна Сола ў гэтай гонцы фінішавала чацвёртай.


Матч тыдня. Хакеісты клуба «Дынама-Мінск» скончылі выязную серыю ў Ташкенце ў рамках праекта KHL World Games. Сапернікам «зуброў» стаў маскоўскі «Спартак», якому мінчане саступілі з вынікам 3:2. Да гэтага ўпершыню ў бягучым сезоне рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі «Дынама-Мінск» выйграла тры матчы запар. Падчас выязной серыі яны абыгралі «Амур» — 5:2, «Трактар» — 3:1, «АК-Барс» — 3:1. Такім чынам, «Дынама-Мінск» займае сёмае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ, у актыве мінскай каманды 43 балы ў 36 гульнях. Далей «зуброў» чакае пераднавагодняя дамашняя серыя з трох матчаў, у якой мінчане згуляюць з «Ак Барсам» (25 снежня), маскоўскім «Дынама» (27.12) і «Лакаматывам» (29.12).

Аб’ява тыдня. Міжнародны саюз канькабежцаў (ІSU) дапусціў беларускіх і расійскіх спартсменаў да ўдзелу ў алімпійскай кваліфікацыі ў нейтральным статусе. Савет ІSU прапанаваў пераняць вопыт МАК адносна выступлення беларускіх і расійскіх атлетаў у нейтральным статусе і дапусціць атлетаў абедзвюх краін да ўдзелу ў адборачных стартах на Гульні-2026 у Італіі. Для гэтага прадстаўнікі Беларускага саюза канькабежцаў павінны падаць заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах не пазней за 28 лютага 2025 года. Алімпійскія кваліфікацыйныя спаборніцтвы па фігурным катанні пройдуць у верасні наступнага года ў Пекіне. Адбор на Гульні ў шорт-трэку будзе ажыццяўляцца на этапах Сусветнага тура ў Манрэалі, Солт-Лэйк-Сіці, Гданьску і Дордрэхце, якія пройдуць у перыяд з 16 кастрычніка да 30 лістапада 2025 года. Ліцэнзійнымі для канькабежцаў стануць этапы Кубка свету ў Солт-Лэйк-Сіці, Калгары, Херэнвене і Хамары з 14 лістапада да 14 снежня 2025 года.

Лічба тыдня. Шэсць медалёў заваявалі беларусы на чэмпіянаце Расіі па канькабежным спорце на асобных дыстанцыях. Марына Зуева стала пераможцай на дыстанцыі 5000 метраў, яе вынік — 7 мін. 05,75 сек. Яшчэ адна наша спартсменка Паліна Сівец заняла чацвёртае месца, уступіўшы трэцяй пазіцыі ўсяго адну дзясятую секунды. Дыстанцыю ў 1000 метраў першай скончыла Ганна Дамарацкая з вынікам 1 мін. 15,35 сек. Ганна Дамарацкая таксама заняла другое месца на 500 метрах (37,84 сек.), за ёй фінішавала яшчэ адна беларуская спартсменка — Кацярына Гагіева (38,42). Гагіева заняла трэцяе месца і на дыстанцыі 1000 метраў. Бронзавы медаль на тысячы заваяваў таксама Ігнат Галавацюк, ён пераадолеў дыстанцыю за 1 мін. 9,48 сек.

Поспех тыдня. У Осла стартаваў фінал прэстыжнага міжнароднага турніру па хуткіх шахматах Champіons Chess Tour 2024. Удзел у спаборніцтвах бяруць восем найлепшых шахматыстаў па выніках чатырох анлайн-этапаў Тура чэмпіёнаў 2024 года, у лік наймацнейшых трапіў і беларус Дзяніс Лазавік. Асноўны раўнд фіналу ўяўляе сабой кругавы турнір, у якім шахматысты адзін раз гуляюць адзін супраць аднаго. У першы дзень адбыліся тры туры — Лазавік атрымаў перамогі над Максімам Ваша-Лагравам з Францыі і немцам Вінцэнтам Каймерам, а таксама згуляў унічыю з яшчэ адным французам Алірэза Фірузджа.

Каманда тыдня. Валейбалісты салігорскага «Шахцёра» выйгралі «фінал чатырох» Кубка Беларусі сярод мужчынскіх каманд. У фінальным паядынку салігорскія валейбалісты не прайгралі гомельскай «Энергіі» ніводнага сэта (25:19, 25:21, 25:21). Для салігорскага клуба гэтая перамога ў розыгрышы Кубка Беларусі стала сёмай у гісторыі, «гарнякі» выйгралі ўсе фіналы турніру пачынаючы з 2018 года. Да гэтага ў паядынку за бронзавыя медалі «Барысаў-БДУФК» адолеў «Сталіцу» з лікам 3:1 (26:24, 22:25, 24:21, 26:24).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю