Top.Mail.Ru

Фігурантаў банды шэрых рыэлтараў затрымалі праваахоўнікі Беларусі і Расіі

Супрацоўнікамі 2-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС ва ўзаемадзеянні з калегамі з Расіі і органамі следства выкрыта міжнародная злачынная арганізацыя, паведамілі БелТА ў МУС.

Як устаноўлена, раней неаднаразова судзімы за карыслівыя і гвалтоўныя злачынствы, у тым ліку за рабаванні, разбоі, згвалтаванне, 59-гадовы ўраджэнец Мінскай вобласці пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі з’ехаў у суседнюю краіну. «Там ён учыніў крадзеж у асабліва буйным памеры і адбыў пакаранне. Затым з 2021 па 2024 год, выкарыстоўваючы крымінальныя сувязі, сабраў вакол сябе „аднадумцаў“ — міжнародную злачынную арганізацыю. Саўдзельнікі пачыналі з вырабу фальшывых пячатак, штампаў і дакументаў: выраблялі ў Беларусі і кур’ерам перадавалі пакупнікам у Расію», — расказалі ў МУС.

  • Падробкі выкарыстоўваліся на тэрыторыі Расіі для пацвярджэння ўступлення ў спадчыну памерлых альбо доўга адсутных грамадзян. «Мэтай фігурантаў была дарагая нерухомасць у сталіцы. У якасці сваякоў, што прэтэндуюць на жыллё, выступалі падстаўныя асобы. Зламыснікі завалодалі чатырма кватэрамі ў Маскве на агульную суму каля 3,2 млн беларускіх рублёў. Аднак рэалізаваць задуму па іх продажы не паспелі», — паведамілі ў МУС.

Пры сілавой падтрымцы СПБТ «Алмаз» МУС у Беларусі затрыманыя чацвёра фігурантаў. Следчымі распачатыя крымінальныя справы за стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 13 гадоў пазбаўлення волі.

У Расіі пад варту заключаны астатнія змоўшчыкі, уключаючы лідара. Усяго выкрытыя 16 удзельнікаў крымінальнай структуры.

«Упершыню для дакументавання злачыннай дзейнасці была створаная міжнародная следча-аператыўная група, у склад якой увайшлі аператыўнікі ГУБАЗіК МУС Беларусі, ГУКВ МУС Расіі і следчыя абедзвюх краін», — акцэнтавалі ў МУС.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю