Аўтарам самага прыгожага гола 23-га планетарнага футбольнага форуму стаў абаронца зборнай Каба-Вэрдэ Сідні Кабрала. У матчы 1/16 фіналу з камандай Аргенціны ён эфектным далёкім ударам пабіў «дзявятку» варот супернікаў, зраўняўшы лік — 2:2. Аднак у выніку аргенцінцы ўсё ж вырвалі перамогу з вынікам 3:2, а потым дабраліся да фіналу, у якім саступілі Іспаніі — 0: 1. У матчы за бронзу зборная Англіі перайграла французаў з лікам 6: 4. Галявы дубль у гэтай гульні аформіў лідар зборнай Францыі Кіліян Мбапэ, які стаў найлепшым бамбардзірам турніру, забіўшы 10 мячоў.
Лепшым гульцом сусветнага першынства стаў капітан іспанскай каманды Родры, а яго таварыш па чэмпіёнскім складзе Унаі Сымон прызнаны лепшым галкіперам. Яшчэ адзін новаспечаны чэмпіён свету 19-гадовы Паў Кубарсі названы найлепшым маладым гульцом першынства планеты.
Чэмпіянат свету 2026 года ўпершыню праходзіў адразу ў трох краінах, у фінальнай стадыі прынялі ўдзел 48 каманд. На арэнах ЗША, Канады і Мексікі быў усталяваны рэкорд наведвальнасці: на 104 матчах пабывала 6 810 966 гледачоў (у сярэднім — 65 490 на адной гульні). Забіта 308 мячоў (2,96 за адзін матч).
Наступны планетарны форум пройдзе летам 2030 года — роўна праз сто гадоў пасля першага ЧС, які адбыўся ва Уругваі. Асноўная частка адбудзецца на арэнах Іспаніі, Партугаліі і Марока. Акрамя таго, па адным паядынку прымуць Аргенціна, Уругвай і Парагвай.