Top.Mail.Ru

Фестывальнае лета працягваецца: што паглядзець у рэгіёнах

Культурны маршрут для турыста

Летні сезон традыцыйна з’яўляецца перыядам найбольшай актыўнасці ў культурна-забаўляльным жыцці Беларусі. Менавіта летам праходзяць самыя маштабныя і чаканыя мерапрыемствы, на пляцоўках якіх аб’ядноўваюцца прафесіяналы культурнай сферы, турысты і жыхары рэгіёнаў. Пра адметныя рэгіянальныя святы, якія яшчэ можна наведаць сёлета, расказалі прадстаўнікі сферы культуры з абласцей.

Мінулае ў напевах роднай зямлі

— На лакацыі мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» летам рэалізоўваецца пазнавальны праект «Выставачныя мерапрыемствы выхаднога дня», — расказала начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Таццяна КРАЎЧОНАК. — Гэта выстаўкі-прэзентацыі рэгіёнаў, прадпрыемстваў, грамадскіх, спартыўных, культурных арганізацый. У суботу і нядзелю там праходзяць майстар-класы па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дэгустацыі, квэсты, канцэртныя праграмы і г. д.

З 27 ліпеня да 2 жніўня ў аграгарадку Морач Клецкага раёна адбудзецца абласны пленэр па вырабе драўляных скульптур пад назвай «Сонечная цеплыня дрэў». Завітайце 9 жніўня на фестываль гістарычных рэканструкцый «Нясвіжская фартэцыя», дзе ўбачыце жыццё і традыцыі мінулага, трапіце на баль, паўдзельнічаеце ў кулінарным конкурсе «Пернікавы цуд». Сярод знакавых мерапрыемстваў і сёлетні абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі», які пройдзе 20 верасня ў Заслаўі і супадзе са святкаваннем 1040-годдзя горада. А 26–27 верасня гасцей чакаюць на свяце народных рамёстваў «Слуцкія паясы». Адным з завяршальных акордаў фестывальнага жыцця з’яўляецца абласны фестываль «Напевы зямлі маёй» ў Мар’інай Горцы, на радзіме кампазітара Ігара Лучанка. Ён пройдзе ў снежні.

Вавёрка руліць, вішні спеюць

На Гродзеншчыне палітра культурнага жыцця не менш разнастайная. Як адзначыў начальнік аддзела культурна-асветнай работы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Давыдзік, у рэгіёне ў 2025 годзе карта брэндавых мерапрыемстваў уключае ў сябе больш за 225 унікальных падзей.

Напрыклад, у горадзе Свіслач праводзіцца фестываль «Бацькава булка», ён пройдзе 16 жніўня. Раней, 2 жніўня, жыхары і госці Вялікай Бераставіцы збяруцца на свята «Бераст-Фэст. Вавёрка руліць». Непаўторнасць фестывалю абумоўлена тым, што бераставіцкая вавёрка збірае ўсіх на дзень нараджэння. Выява гэтага звера ёсць на гербе горада. Там размяшчаецца адзіны ў краіне музей вавёркі, на тэрыторыі якога жыве сапраўдны звярок. Навагрудак, у сваю чаргу, славіцца маштабным святам «Хлеб, сыр, квас і добры настрой» і традыцыйным фестывалем бардаўскай і аўтарскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага «Музыка сэрцаў» (завітайце 26–27 ліпеня). Там праходзілі здымкі фільма «Сыны сыходзяць у бой» Віктара Турава з удзелам артыста. Альбо 20 верасня ў горадзе Воранава чакаюць на гастрафестывалі «Воранаўскі дранік». Там прэзентуюць стравы з таркаванай бульбы, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. А 23 жніўня ў Астраўцы не прапусціце «Атамдвіж». Яшчэ 6 і 7 верасня Ліда будзе сустракаць Дзень беларускага пісьменства. У Лідскім замку госці могуць на ўласным вопыце зведаць атмасферу Сярэднявечча.

На Віцебшчыне з бліжэйшага — «Вішнёвы фестываль» у Глыбокім , які пройдзе 18–19 ліпеня. У жніўні цікава наведаць Мёршчыну, дзе праводзіцца экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны». А ў кастрычніку пройдзе абласное свята нацыянальных культур, беларускай кухні і гульні «Нас з’яднала зямля Беларусі».

Вялікая бард-рыбалка, прысмакі і жарты

У Магілёўскай вобласці літаральна на наступным тыдні на Чыгірынскім вадасховішчы ў Быхаўскім раёне пройдзе вялікі абласны музычны фестываль «Вялікая бард-рыбалка». Ён штогод збірае маладых вядомых аўтараў і выканаўцаў бардаўскай песні і аматараў рыбалкі. Там арганізоўваюць палатачны гарадок, спяваюць песні, праводзіцца адкрыты чэмпіянат па гатаванні юшкі і рыбных страў. Завітайце на свята 25–27 ліпеня і вам будзе што ўспомніць. Фестываль «Краснапольскі глечык» ладзіцца ў жніўні з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця самабытных народных майстроў-керамістаў. Паназіраць за бугуртамі (баі пешых рыцараў), паўдзельнічаць у квэстах, конкурсе гістарычных касцюмаў можна 1–2 жніўня ў Мсціславе на «Рыцарскім фэсце». Фестываль «Макавей» — традыцыя паломніцтва і пакланення Блакітнай крыніцы адбудзецца 14 жніўня ў Слаўгарадскім раёне. На Шклоўшчыне традыцыйна пройдзе Дзень агурка.

У Брэсце з 25 да 27 ліпеня чакаецца Міжнародны парад аркестраў. А 2 жніўня ў Пінскім раёне ў вёсцы Гарадзішча пройдзе рэгіянальны гастра-экалагічны фестываль «Палескі ўюн». У Бярозаўскім раёне 9 жніўня ў заказніку Спораўскі чакаюць на экалагічным фестывалі «Спораўскія сенакосы». Пакуль касцы змагаюцца на палях, творчыя калектывы на сцэне дэманструюць свае таленты. Шмат падзей рэалізоўваецца і ў Іванаўскім раёне. У аграгарадку Моталь 9–10 жніўня адбудзецца брэндавае свята "Мотальскія прысмакі«.Там заўсёды весела, цікава і смачна.

А на Гомельшчыне ў Калінкавіцкім раёне ўжо заўтра распачнецца Рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі-2025». Наведвальнікаў чакае шмат гумару і цікавых лакацый.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю