ХХІV Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» урачыста адкрыўся ў Клімавічах. На працягу трох дзён — з 5 па 7 чэрвеня горад будзе напоўнены святочнай атмасферай і творчасцю.
Сёлета яго ўдзельнікамі сталі каля 700 канкурсантаў з Беларусі, Расіі, Кыргызстана і Таджыкістана. У рамках фестывалю пройдзе конкурс для індывідуальных выканаўцаў і творчых калектываў ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў. Яны будуць дэмайстраваць сваё майстэрства ў розных намінацыях. А юныя мастакі змогуць праявіць сябе ў жывапісу і графіцы. Усе фестывальныя дні прысвечаны асобным тэмам — дзіцячай творчасці, дружбе і творчым дасягненням.


Сёння працягваюцца конкурсныя адборы, пройдзе пленэр-конкурс для юных мастакоў. У гарадскім парку працуюць розныя тэматычныя пляцоўкі, выставы. У амфітэатры адбудзецца творчы марафон агітбрыгад устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі #ПрофіБудуЯ. Пройдуць спаборніцтвы сярод дзяцей горада Клімавічы на тытул «Міс Залатая пчолка». Завершыцца дзень танцавальнай праграмай.

За ўсю гісторыю форуму на яго прыязджалі юныя таленты з больш чым 20 краін свету. Пачаўся фестываль ў далёкім 1995 годзе і паступова з рэгіянальнага дарос да міжнароднага фестывалю, стаўшы адной з візітных картак Магілёўскай вобласці.
У чарговы раз «Залатая пчолка» пацвярджае сваю значнасць як унікальнай пляцоўкі для выяўлення і падтрымкі адораных дзяцей і моладзі, развіцця іх творчых здольнасцей, абмену вопытам паміж удзельнікамі розных краін.

І сёлетні фестываль падорыць шмат новых і яркіх зорачак, адкрые ім дзверы ў вялікі шлях мастацтва.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ
Фота аўта