Top.Mail.Ru
261

Фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне завяршыўся канцэртам у памяць аб Мулявіне

XXIV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Мала93ечна-2025» завяршыўся канцэртнай праграмай «Незабыўнае...», прысвечанай творчасці Уладзіміра Мулявіна і ансамблю «Песняры».


Дарэчы, канцэртную праграму наведала Марына Мулявіна, дачка Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна. «Кожны раз я невымоўна рада быць у гэтым горадзе. А сёння гэта ўдвая, утрая ці нават у 10 разоў прыемней, таму што вечар прысвечаны майму бацьку і яго творчасці», — падзялілася яна перад канцэртам-закрыццём фэсту. 

Дачцэ народнага артыста Беларусі і СССР было асабліва радасна ад таго, што канцэрт прагучаў у выкананні найстарэйшага музычнага калектыву Беларусі — Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.І.Жыновіча (галоўны дырыжор — заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко) і лаўрэата міжнародных конкурсаў, уладальніка медаля. 

У рэпертуары аркестра — дзясяткі песенных партытур з творчай спадчыны «Песняроў». А ўклад Ялфімава ў беларускую культуру і ў захаванне спадчыны Мулявіна бясспрэчна заслугоўвае вельмі вялікай павагі.

У праграме прагучалі хіты Уладзіміра Мулявіна, Ігара Лучанка, Ігара Паліводы, Юрыя Семянякі, Аляксандры Пахмутавай на вершы Мікалая Дабранравава. Гэтыя песні ведаюць і спяваюць людзі з ўсёй постсавецкай прасторы.

«Я была б неймаверна шчаслівая, калі б моладзь сёння на канцэрце, заўтра і паслязаўтра спявала б гэтыя песні. А мы пастараемся зрабіць усё, каб яны па-новаму гучалі і даходзілі да сэрца, да мозгу моладзі Беларусі і не толькі нашай краіны», — сказала Марына Мулявіна.

Паводле слоў Пятра Ялфімава, у супрацоўніцтве з аркестрам імя І.І.Жыновіча падрыхтавана вельмі шмат праграм, падобных да той, якая прагучала сёння. Такая праграма ў прынцыпе, мяркуе ён, павінна гучаць на фестывалі ў Маладзечне. У ёй — сутнасць беларускай культуры, якую важна несці ў масы.

Карыстаючыся выпадкам, пацікавіліся меркаваннем Пятра Ялфімава аб тым, ці патрэбны фестывалю апгрэйд: «Ніколі не трэба заганяць сябе ў рамкі. І калі можна нешта апгрэйдзіць у тых рамках, гэта трэба рабіць, але так, каб не сапсаваць. Бо любы апгрэйд не значыць, што будзе добра. Можна апгрэйдзіць сістэму, і потым ты зразумееш, што лепш адкаціцца на папярэднюю аперацыёнку».

Таму падыходзіць да гэтага пытання трэба правільна, з павагай да матэрыялу і кампазітараў, музыка якіх гучыць на фестывалі, упэўнены Пётр Ялфімаў. І калі нешта рабіць, то гэтым павінны займацца прафесіяналы з густам, адукацыяй, і тады будзе класна. 

«Заўсёды хочацца ўліваць нейкую новую кроў, паказваць, магчыма, новае прачытанне, новыя рашэнні. Галоўнае, каб яны не забівалі той сэнс, які быў калісьці закладзены», — падкрэсліў ён. Спявак і музыкант упэўнены, што ў любой сферы, асабліва ў музычнай творчасці, да любога твора трэба падыходзіць з павагай да таго, што было першапачаткова закладзена. Сам ён менавіта так і працуе.

изображение_2025-06-15_111045505.png

Фестываль у Маладзечне — унікальнае творчае свята нацыянальнай культуры, якое штогод збірае разам цэлую плеяду таленавітых майстроў беларускай музыкі і роднай мовы. Фестываль дапамагае дакрануцца да лепшай спадчыны — беларускай песні і роднай мовы, якая так прыгожа гучыць у музычным афармленні. 

Гэта даказалі ўдзельнікі Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які прайшоў у рамках XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Мала93ечна-2025». Пераможцаў з уручэннем уладальніку Гран-пры спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна — крыштальнай гітары традыцыйна ўшаноўвалі сёння падчас канцэрта-закрыцця фестывалю на сцэне Летняга амфітэатра.

Міністр культуры Руслан Чарнецкі павіншаваў пераможцаў і, звяртаючыся са сцэны да ўдзельнікаў і гасцей свята, назваў гэты, 24-ы па ліку фестываль, самым душэўным і самым чыстым: «Па маіх адчуваннях гэта так. І дзякуй богу, што на нашай зямлі ёсць такі фестываль. Пакуль грала пралогавая кампазіцыя, я глядзеў у залу і разумеў, наколькі вы любіце нашу мову, наша мастацтва. І я разумею, што гэты фестываль будзе існаваць яшчэ доўгія гады».

Кіраўнік ведамства падзякаваў арганізатарам, удзельнікам і гасцям за неабыякавасць да роднай беларускай культуры. 

Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Павел Губко падкрэсліў, што за гады свайго існавання фестываль стаў адметнай з’явай не толькі маладзечанскага краю, але і ўсёй краіны. Сёння гэта брэнд Беларусі. Кожны год на гэтай сцэне загараюцца новыя зоркі, якімі ганарыцца ўся Беларусь. 

Словы падзякі ён адрасаваў Міністэрству культуры, Мінскаму аблвыканкаму, усім артыстам, усім тым, дзякуючы каму госці фестывалю атрымлівалі задавальненне ад роднай беларускай мовы на працягу ўсяго фестывальнага тыдня. Фестываль скончыў сваю работу. Аднак роўна праз год Маладзечна будзе сустракаць чарговы, XXV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Мала93ечна-2026». Да новых сустрэч!

Яна ВАЛАСАЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю