Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пабудуе wellness-комплекс у Нарачанскім краі, паведамляе БелТА.
У мінулым годзе ФПБ аб’явіла конкурс праектаў па стварэнні wellness-комплексу і пераможцам прызнаны праект «Naroch Balance Resort». Яго аўтары — учора яшчэ студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, а сёння маладыя спецыялісты: Уладзімір Алёхін, Арсеній Аліферка, Настасся Сялява, Паліна Патапенка, Какабай Байрамгылыджаў.
Намеснік старшыні ФПБ Валянціна Акудовіч падкрэсліла, што Нарачанскі край актыўна развіваецца. Адзін з прафсаюзных аб’ектаў у гэтым рэгіёне — аздараўленчы цэнтр «Нарачанка». Менавіта тут пройдзе рэканструкцыя з будаўніцтвам новага комплексу. «Гэта будзе яшчэ адзін дастойны аб’ект у нашай сістэме, дзе з задавальненнем будуць адпачываць беларусы і госці з блізкага і далёкага замежжа», — падкрэсліла яна.
Рэалістычнасць бізнес-плана і рэалізуемасць праекта, функцыянальнасць прапанаваных рашэнняў разам з арыгінальнасцю, крэатыўнасцю і эстэтычнай прывабнасцю былі ў ліку галоўных крытэрыяў пры ацэнцы конкурсных работ.
«Праект вельмі важны. У аснову пакладзена рэабілітацыя, — адзначыла пры ўзнагароджанні пераможцаў Валянціна Акудовіч. — Спадзяюся, што вы сваё дзецішча не пакінеце, будзеце цікавіцца ходам яго рэалізацыі. А ў будучым для вас аб’ект стане месцам прыцягнення і адпачынку».
Арганізатары конкурсу падкрэсліваюць, што ажыццяўленне інавацыйнага праекта будзе садзейнічаць не толькі пашырэнню магчымасцей прафсаюзнага аздараўлення, але і развіццю Нарачанскага краю ў цэлым.
Для маладых архітэктараў конкурс стаў цудоўным вопытам каманднай работы і магчымасцю рэалізацыі ўласнага бачання сучаснага адпачынку — з добрым інтэрнэтам, каворкінг-прасторай, зонамі для дзяцей і даступнасцю для тых, хто знаходзіцца, як і яны самі, толькі на старце сваёй кар’еры.
«Мы падумалі: а чаму б не паўдзельнічаць, не здзейсніць мару аб тым, каб нейкі наш аб’ект быў рэалізаваны ў ФПБ, — расказаў член аўтарскага калектыву Уладзімір Алёхін. — Я сам узначальваў прафсаюзную арганізацыю факультэта. У аснове нашай канцэпцыі — думка аб тым, што новыя інфармацыйныя тэхналогіі даюць магчымасць сумясціць работу і адпачынак. Мы вельмі спадзяёмся, што зможам убачыць свой праект у рэальным жыцці. Конкурс — класная магчымасць рэалізацыі свежых ідэй. Гэта цудоўны і каштоўны вопыт».
Валянціна Акудовіч нагадала, што ў ФПБ праводзіцца вялікая работа па развіцці турыстычнай інфраструктуры. «У нас па ўсёй краіне 12 санаторыяў, 8 гасцініц, 8 турыстычных баз, і ўсе яны знаходзяцца ў стадыі развіцця, рэканструкцыі, мадэрнізацыі», — расказала яна.