Як адзначыў дырэктар УП «Партызанскае» Аляксандр Новікаў, прадпрыемствам на міжсезонны перыяд плануецца закласці 4 600 тон агародніны. «З іх — 2 085 тон бульбы, 982 тоны капусты, 673 тоны морквы, 567 тон буракоў, 321 тону цыбулі рэпчатай і яблыкаў — 995 тон. На сённяшні дзень скончана закладка ў стабілізацыйны фонд яблыкаў у поўным аб’ёме, 8 % бульбы, 22 % морквы і 20 % буракоў. Паказчыкі засталіся прыкладна на ўзроўні мінулага года. Дагаворы з сельгасвытворцамі заключаны пад поўную патрэбнасць стабфонду. Усе работы па закладцы агародніны ў сховішча скончацца да 15 лістапада».
Выканана падрыхтоўка матэрыяльна-тэхнічнай базы да закладкі ўраджаю 2025 года: праведзены атэстацыя і дэзынфекцыя халадзільных камер, а таксама работы па тэхнічным абслугоўванні пагрузачна-разгрузачнага і вагавага абсталявання. Сістэмы агароднінасховішчаў дазваляюць забяспечыць захоўванне прадукцыі ў адпаведнасці з нарматыўным тэмпературна-вільготнасным рэжымам.
Пры падтрымцы Мінскага гарвыканкама на прадпрыемстве ўстаноўлена лінія па ачыстцы і вакуумаванні агародніны. Дзякуючы гэтаму прадпрыемства цалкам закрывае патрэбы па моркве і бураках камбінату школьнага харчавання. Сёлета плануецца дааснасціць лінію, каб закрыць усю патрэбу сацыяльнай сферы і бальніц горада ў вакуумаванай агародніне.
Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў даручыў строга адсочваць якасць закладзенай у стабфонд сельгаспрадукцыі, а таксама забяспечыць належны стан абсталявання і, адпаведна, захаванасць агародніны.
Стабілізацыйныя фонды закладваюцца для забеспячэння плодаагародніннай прадукцыяй арганізацый сацыяльнай сферы, а таксама для стрымлівання дэфіцыту падчас асенне-зімовага перыяду.
Яна ВАЛАСАЧ