Top.Mail.Ru

Фар­ма­ко­лаг аб са­ма­ля­чэн­ні і «каш­тоў­ных» па­ра­дах з ін­тэр­нэ­ту

Сучасным людзям складана абысціся без лекаў. І ўсё ж вельмі важна прымяняць іх толькі ў выпадку неабходнасці, строга па прызначэнні. Інакш гэта можа абярнуцца сур’ёзнымі праблемамі для здароўя.


Нерацыянальнае ўжыванне якіх прэпаратаў выклікае сёння трывогу ў спецыялістаў? Да каго трэба звяртацца, калі прыём лекаў не прыносіць выніку? Ці эфектыўныя ўзноўленыя лекавыя прэпараты або «джэнерыкі»? Ці заўсёды старыя прэпараты трэба замяняць новымі? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваем з галоўным пазаштатным клінічным фармаколагам Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, урачом — клінічным фармаколагам ГДКБ № 3, педыятрам Ірынай ТАРАСЮК.

Самапрызначэнне антыбіётыкаў прыводзіць у тупік

— Ірына Аляксандраўна, ва ўрачоў кожнага профілю — свой прафесійны боль. Што хвалюе вас як клінічнага фармаколага перш за ўсё?

— Адна з сур’ёзных праблем — прымяненне антыбіётыкаў. 

Часта сутыкаемся з неабгрунтаваным прызначэннем і выкарыстаннем гэтых прэпаратаў. 

Задача антыбіётыкаў — барацьба з бактэрыяльнай інфекцыяй: пры ангіне, пнеўманіі, гнойным атыце, сінусіце, піеланефрыце, а іх часам выкарыстоўваюць пры вірусных захворваннях — грыпе, ВРВІ, — калі яны не даюць аніякай карысці. На жаль, бывае і так, што пацыенты (або бацькі непаўналетніх пацыентаў) самі «прызначаюць» антыбіётыкі, тлумачачы так: «Гэтыя лекі ўрач выпісваў мінулы раз пры такім жа стане». Але часам сімптомы адны і тыя ж, а захворванні розныя, таму спецыяліст рэкамендуе розныя медыкаменты, ці іншую дазіроўку ранейшага прэпарата, ці іншы рэжым прыёму.

— Чым небяспечна выкарыстанне антыбіётыкаў пры адсутнасці паказанняў да гэтага?

— Тым, што да іх фарміруецца рэзістэнтнасць (устойлівасць) мікраарганізмаў, і ў наступны раз, калі будзе неабходнасць, яны могуць аказацца неэфектыўнымі. З верасня 2023-га і ўвесь 2024 год, калі адзначаўся значны ўздым мікаплазменных інфекцый, педыятры для лячэння дзяцей шырока выкарыстоўвалі макраліды (група антыбіётыкаў, у лік якіх уваходзіць азітраміцыну, кларытраміцыну і г. д.). Сёння ў клініцы мы бяром мазкі ў юных пацыентаў і бачым: рэзістэнтнасць стафілакокаў (бактэрый, якія жывуць у нашым арганізме) да азітраміцыну і кларытраміцыну — 26 %, пнеўмакока — 80 %. У такім выпадку разлічваць на эфектыўнасць макралідаў для лячэння стафілакокавай і пнеўмакокавай інфекцый не даводзіцца. Часам дзіця 5 дзён атрымлівае кларытраміцын, а тэмпература, кашаль захоўваюцца, што кажа пра змешаную этыялогію. У такіх выпадках вымушаны дадаваць прэпараты іншай групы. У тым ліку з-за рэзістэнтнасці некаторыя бактэрыяльныя інфекцыі ў дзяцей з цяжкасцю пачалі паддавацца лячэнню.

— Гэта значыць, што пры ўстойлівасці да адных антыбіётыкаў складана бывае знайсці эфектыўную альтэрнатыву?

— Так. У гэтых выпадках мы вымушаны выкарыстоўваць камбінацыі антыбактэрыйных прэпаратаў. Часам шпіталізуюцца дзеці з рэзістэнтнасцю да многіх антыбіётыкаў. Калі інфекцыйны працэс развіваецца, мы вымушаны доўга назіраць іх у аддзяленні рэанімацыі. Часам, калі пнеўманія ці гнойны атыт не паддаюцца лячэнню, звяртаемся да антыбіётыкаў рэзерву.

Поліпрагмазія —  гэта сур’ёзна!

— Бывае, калі адзін спецыяліст прызначае схему лячэння з улікам аднаго дыягназу, яго калега — з улікам іншага захворвання, па сваім профілі. Наколькі сумяшчальныя прэпараты паміж сабой — незразумела. У выніку часам здараецца, што з-за несумяшчальнасці ці ўзаемаўплыву медыкаментаў з’яўляюцца пэўныя праблемы. Гэта тэрапеўт павінен скарэкціраваць схему прыёму лекаў з улікам усіх наяўных паталогій пацыента? Ці перш чым прымаць масу лекаў, трэба кансультавацца ў клінічнага фармаколага?

— За сваё здароўе адказвае перш за ўсё сам чалавек. І перад тым як пачаць прымаць прызначаны прэпарат, трэба ўважліва чытаць інструкцыю да яго, дзе змяшчаецца інфармацыя аб узаемадзеянні з іншымі лекамі. 

Заўсёды трэба цікавіцца ў свайго тэрапеўта, на які вынік пасля прымянення прэпарата можна разлічваць, якія ў яго пабочныя дзеянні, наколькі ён сумяшчальны з тымі, якія вы ўжо прымаеце, расказаць, на якія лекі ў вас ёсць алергічныя рэакцыі. Калі пасля абмеркавання з урачом пытанні аб сумяшчальнасці і эфектыўнасці прэпаратаў усё роўна застаюцца, у стацыянары можна папрасіць кансультацыю клінічнага фармаколага. Амбулаторна дарослыя па накіраванні арганізацый аховы здароўя могуць звярнуцца ў Гарадскі цэнтр лекавай паталогіі на базе 4-й ГКБ. Удакладніць схему лячэння дзіцяці можна ў Мінскім гарадскім кансультацыйным цэнтры лекавай паталогіі на базе 3-й ГДКП.

— Многія пажылыя людзі пакутуюць на шмат захворванняў і вымушаны прымаць розныя медыкаменты. Якога падыходу ў гэтых выпадках трэба прытрымлівацца, пра што памятаць, каб мінімізаваць фармакалагічную нагрузку?

— Індывідуальны падыход да кожнага пацыента, рацыянальнае і абгрунтаванае прызначэнне лекавых прэпаратаў — той ідэал, да якога трэба імкнуцца. 

Поліпрагмазія (прыём вялікай колькасці лекаў) — вельмі сур’ёзная праблема. Эксперты лічаць: калі прызначана больш за 5 прэпаратаў, то іх узаемадзеянне прадбачыць практычна немагчыма. Бываюць сітуацыі, калі прызначыць менш — значыць, падвергнуць пацыента смяротнай рызыцы.

Пра БАДы, джэнерыкі і антыдэпрэсанты

— Ці заўсёды новыя лекі лепшыя за старыя? Ці трэба час ад часу мяняць ранейшыя прэпараты на новыя для большай эфектыўнасці?

— Усё індывідуальна. Часам артэрыяльная гіпертэнзія, сардэчная недастатковасць лечацца па адной схеме, і асаблівага эфекту не назіраецца. А варта дадаць новы прэпарат, і неўзабаве пацыент адчувае відавочнае паляпшэнне. Прыкметна павысілі якасць лячэння і працягласць жыцця новыя біятэхналагічныя прэпараты, монакланальныя антыцелы пры псарыязе, запаленчых захворваннях кішэчніка (ЗЗК), анкалогіі; таргетная тэрапія пры мукавісцыдозу і г. д.

— Джэнерыкі па азначэнні менш эфектыўныя арыгінальных лекаў?

— Калі выбіраць паміж тым і другім, лепш, зразумела, аддаць перавагу арыгіналу. Але джэнерыкі праходзяць выпрабаванне на біяэквівалентнасць, ідэнтычнасць. Калі яны не маюць эфекту, не выконваюць сваю функцыю — значыць, гэта не джэнерыкі, а падробка.

— Наколькі бяспечна без кансультацый са спецыялістамі прымяняць БАДы? Напрыклад, у мэтах пахудзення, для ўмацавання імунітэту, нервовай сістэмы і г. д.?

— Лепш раіцца са спецыялістамі. Самалячэнне ніколі не прыводзіла да добрых вынікаў. Многае залежыць ад таго, як рэгіструюць прэпарат (як БАД або як лекі), і ад той мэты, з якой мы яго прымаем. 

Калі ў дзіцяці рахіт, вітамін Д3 прызначаюць як лекі ад хваробы. Калі мы выкарыстоўваем Д3 для прафілактыкі — гэта БАД. У выпадку з біялагічна актыўнымі дабаўкамі абавязкова трэба звяртаць увагу на вытворцу. Да БАДаў патрабаванні менш жорсткія, чым да медпрэпаратаў. З-за гэтага ў продаж паступае шмат няякасных БАДаў, падробак, якія могуць прычыніць шкоду.

— Хачу пачуць ваша меркаванне, Ірына Аляксандраўна, наконт антыдэпрэсантаў. Сёння часам складваецца ўражанне, што на іх «сядзяць» ці ледзь не пагалоўна. У сучасным свеце без гэтых прэпаратаў ужо і праўда ніяк?

— Многія сучаснікі сталі менш устойлівымі да стрэсаў і выпрабаванняў. Часам без фармакалагічнай падтрымкі цяжка абысціся. Але попыт на антыдэпрэсанты тлумачыцца, думаю, і своеасаблівай модай, інфармацыйным «шумам». Пачытае стомлены за дзень чалавек у інтэрнэце розных страшылак аб дэпрэсіі і прыходзіць на прыём да псіхіятра, пераконваючы яго выпісаць антыдэпрэсанты. А насамрэч можна часам абысціся і без іх: проста добра выспацца, адпачыць, заняцца спортам, вітамінізаваць свой рацыён, «арганізаваць» сабе нешта прыемнае. Антыдэпрэсанты — гэта ўсё ж «цяжкая артылерыя», якую трэба «падключаць» у тых выпадках, калі без яе не абысціся.

Вольга Паклонская.

Чытайце таксама: Медыкі знайшлі просты спосаб запаволіць дэменцыю і зменшыць смяротнасць амаль на трэць

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю