Чырвоная кніга Беларусі — фундаментальнае выданне, якое змяшчае анатаваны спіс рэдкіх відаў (падвідаў) дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі краіны.


— Гэтыя матэрыялы служаць навукова-практычнай асновай для распрацоўкі мер па ахове, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. Віды, уключаныя ў Чырвоную кнігу, знаходзяцца пад строгай аховай з мэтай іх захавання і аднаўлення. У выніку поўнамаштабных маніторынгавых даследаванняў і дэталёвага вывучэння стану папуляцыі асобных відаў Нацыянальнай акадэміяй навук былі падрыхтаваны новыя спісы дзікіх жывёл і дзікарослых раслін для ўключэння іх у Чырвоную кнігу, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК. — Новае, пятае выданне было дапоўнена 55 відамі раслін і жывёл, выключана 38 відаў. Гэта стала магчымым дзякуючы той рабоце, якая сёння праходзіць пад эгідай нашай дзяржавы, і тым мерам, тым праграмам, якія ў нас сёння рэалізуюцца.
Чырвоная кніга Беларусі была заснавана ў 1979 годзе. Першае выданне выйшла ў 1981 годзе на беларускай мове і ўключала 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін.
Першы асобнік пятага выдання Чырвонай кнігі быў уручаны прэс-сакратару Прэзідэнта Беларусі Наталлі Эйсмант.

— Я з вялікім задавальненнем і падзякай прымаю гэтую кнігу, каб перадаць яе Прэзідэнту, і думаю, што яна зойме сваё ганаровае месца ў Палацы Незалежнасці. Гэты момант, вядома, і сімвалічны, і правільны. Сімвалічны, таму што завяршаецца Год добраўпарадкавання, але праца, натуральна, працягваецца. Нашу краіну называюць прыгожай, дагледжанай, чыстай абсалютна ўсе госці, якія прыязджаюць. І мы гэта заўсёды ўжо, напэўна, успрымаем з усмешкай, як належнае. Але такі брэнд не з'яўляецца проста так. Ён з’яўляецца толькі намаганнямі ўсіх нас, беларусаў, — падкрэсліла Наталля Эйсмант.


Александрына ПАРШЫНА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА