Еўрапейскі кантроль
З тэхналогіямі ў Еўропе ўсё вельмі дрэнна. Некалі адзін з самых заўзятых змагароў за захаванне правоў інтэлектуальнай уласнасці, сёння Брусель усё больш імкнецца гэту ўласнасць прыбраць да рук адміністрацыйнымі мерамі. І нават рыхтуе спецыяльны закон, які дазволіць уладам, фактычна, браць пад свой кантроль рэалізацыю паўправаднікоў. У рамках «чыпавага акта» Еўракамісія атрымае права ў крызіснай сітуацыі накладаць штрафы да 300 тысяч еўра на кампаніі, якія адмаўляюцца раскрыць даныя аб сваіх вытворчых магутнасцях. ЕК зможа таксама «прымусіць вытворцаў паўправаднікоў аддаваць прыярытэт заказам на крытычна важныя для крызісу прадукты, адмяняючы існуючыя кантракты», гаворыцца ў праекце.
Да адкрытага разбою ў ЕС яшчэ не дайшлі. Але, мяркуючы па апошніх падзеях, і такога развіцця падзей нельга выключаць. У галіне мікраэлектронікі Еўропа аказалася загнанай у вугал. А таму ад яе можна чакаць любых нечаканасцяў. І першыя званочкі ўжо прагучалі.

Яшчэ ў мінулым годзе еўрапейскія чыноўнікі мусіравалі на розныя лады думку, што за доступ да свайго рынку неабходна браць інтэлектуальную пошліну. Кажучы прасцей, дапускаць на свой рынак толькі тыя кампаніі, якія пагодзяцца перадаваць тэхналогіі. Умова, якая насамрэч падобна на прымус. Зрэшты, у Еўракамісіі і не хавалі: ключавая мэта павысіць канкурэнтаздольнасць еўрапейскіх кампаній. Без чужых распрацовак электроніка, мяркуючы па ўсім, у гэтай мясцовасці адрадзіцца не можа. Мабыць, справа ў кампетэнцыях. Бо яшчэ ў пачатку дзесяцігоддзя, пасля пандэміі, у Бруселі выношваліся грандыёзныя планы па рэаніміраванні індустрыі вытворчасці мікрачыпаў на сваёй тэрыторыі. Нават меркавалася вылучыць велізарныя сумы — каля 100 мільярдаў долараў. Але нешта не зраслося. Па-першае, такія маштабныя інвестыцыі, мяркуючы па ўсім, не па кішэні еўрапейскім урадам. Па-другое, для фарміравання паўнавартаснай мікраэлектроннай індустрыі, акрамя грошай, неабходны яшчэ і штат кваліфікаваных спецыялістаў: дзясяткі тысяч інжынераў і яшчэ больш — працоўнага персаналу. І гэта тыя пазіцыі, якія можна запоўніць выключна за кошт унутраных рэсурсаў. Мігранты ў такой галіне, як мікраэлектроніка, не дапамогуць. Некаторыя разумныя людзі могуць быць прыцягнутыя. Але яны не змогуць запоўніць усе вакансіі.
Нельга сказаць, каб мікрасхемы былі зусім не знаёмыя еўрапейцам. Ёсць у іх і прыстойныя прадпрыемствы, і нядрэнныя даследчыя цэнтры, і вытворцы абсталявання. Але гэтыя кампаніі не здольныя забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт і манеўр у сучаснай сітуацыі. І маштаб не той, і глыбіня ведання праблематыкі не заўсёды адпавядае новаму вітку тэхналагічнага развіцця. Таму ЕС у значнай частцы залежыць у гэтай галіне ад пастаўшчыкоў з азіяцкага рэгіёна. Але яны размешчаны далёка, таму пастаўкі нясуць значныя рызыкі: палітычныя, лагістычныя і многія іншыя. Гэтая залежнасць, асабліва ў частцы тэхналогій, турбуе і Брусель, і нацыянальныя ўрады. Разумеючы, што адраджэнне сваіх кампетэнцый занадта працяглы працэс, ажыццяўляюцца нязграбныя спробы скарыстацца чужым патэнцыялам, нават у сілавой манеры. Праўда, вынік аказваецца не зусім такім, да якога імкнуліся.

Увосень мінулага года ўлады Нідэрландаў фактычна ўзялі пад знешні кантроль Nexperia, дачку кітайскай Wingtech Technology. Ім не спадабаўся шэраг кіраўнічых рашэнняў, якія, на думку афіцыйнага Амстэрдама, «нясуць у сабе пагрозу захаванню ключавых тэхналагічных кампетэнцый і магчымасцяў у Нідэрландах і Еўропе, страта якіх магла б стварыць рызыку для эканамічнай бяспекі». Таму галандскія ўлады ўпершыню ўжылі так званы Закон аб даступнасці тавараў (Goods Availability Act), прыняты больш за 70 гадоў таму з мэтай забеспячэння доступу да крытычна важных тавараў у надзвычайных сітуацыях. Узяўшы на сябе права адмяняць рашэнні менеджменту кампаніі, Амстэрдам запатрабаваў ад карпарацыі Wingtech прыпынення на год усіх планаваных змяненняў, якія датычацца актываў Nexperia, яе бізнес-рашэнняў і персаналу. Асцярогі еўрапейцаў зразумелыя: Nexperia з’яўляецца адным з ключавых пастаўшчыкоў мікраэлектронікі для аўтамабілебудавання, бытавой тэхнікі і іншых галін у ЕС. Кіруе вытворчымі пляцоўкамі ў Нідэрландах, Германіі, Вялікабрытаніі, кітайскім Дунгане, на Філіпінах і ў Малайзіі. Рэзкія рухі праблему не вырашылі, але выклікалі законнае абурэнне кітайскага боку. У выніку мацярынская кампанія Wingtech Technology прыпыніла сваё ўзаемадзеянне з Еўрапейскім кантынентам. І праблема дэфіцыту кампанентнай базы не вырашылася, а паглыбілася.
«Чыпавы акт» можа мікраэлектронны крызіс толькі паглыбіць і пашырыць. І адпудзіць інвестараў: і еўрапейскіх, і тым больш — замежных. Шантаж жа правам доступу на рынак ЕС у сучаснай сітуацыі не з’яўляецца празмерна моцным аргументам для перадачы тэхналогій. Бо відавочна: без мікраэлектронікі наступіць калапс еўрапейскага аўтамабілебудавання, вытворчасці бытавой тэхнікі і іншых галін. І на гэтым рынку вызваліцца месца для гатовых вырабаў. Ісці ж на ўзаемавыгаднае партнёрства ЕС пакуль не мае намеру. Нават апынуўшыся не ў самай лепшай эканамічнай сітуацыі. Асабліва са стратэгічнага пункту гледжання. Але нельга выключаць, што новыя рэаліі прымусяць гордых еўрапейскіх палітыкаў пераглядаць сваю стратэгію на міжнароднай арэне.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ