Аб тым, што змяшчае фонд Васіля Віткі да 115-годдзя з дня нараджэння паэта расказалі ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Нарадзіўся Васіль Вітка (сапраўдныя прозвішча і імя — Крысько Цімох Васілевіч) 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Мінскай губерні. Паэт, драматург і крытык пакінуў вялікую літаратурную спадчыну, якая сёння захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Паводле слоў супрацоўнікаў, Васіль Вітка быў вельмі светлым чалавекам, які заўсёды з гумарам падыходзіў да іншых і самога сябе. Такі характар паўплываў найперш на дзейнасць паэта. Творы для дзяцей — большая частка творчасці Васіля Віткі. Ён падкупляў маладую аўдыторыю сваім гумарам і дабрынёй. Гэта былі ў тым ліку аўтабіяграфічныя вершы. Напрыклад, у кнізе «Ружа і штык» ёсць творы, прысвечаныя ўспамінам пра дзяцінства самога аўтара. У гэтым зборніку ён звяртаўся да чытача ў жартоўнай манеры: «Вось ты, разгортваеш новую кніжку, вершы. Аўтар стаіць, схіліўшыся нічкам. Доля такая — чытач не чытае». Як тлумачаць супрацоўнікі музея, у той час было ўяўленне: чытачы больш любяць прозу, а вершы служаць больш для забавы, іх не будзе чытаць кожны чалавек, гэтым адчуваннем і натхнёны радкі.
Васіль Вітка прысвячаў свае вершы бацьку, маме, дзядулю, а пазней ужо свайму жыццёваму шляху ў сацыялістычным грамадстве, свайму першаму каханню, а эмацыянальныя радкі толькі дапамагалі лепш перадаць яго перажыванні, часам схаваныя за сатырай.
Паколькі паэт быў і настаўнікам, ён шмат пісаў пра дзяцей. У архіве падкрэслілі, што ствараць творы для такой публікі значна цяжэй, чым для дарослых: гэта спецыфічная аўдыторыя вельмі тонка адчувае фальш, а ён здолеў заслужыць давер. У 1955 годзе ён выдаў «Дом, дзе жывуць словы: слоўнік народнай мовы для дзяцей», каб дапамагчы падрастаючаму пакаленню вывучаць родную мову на прыкладзе народных прыказак, загадак і прымавак — сёння гэту кнігу таксама можна знайсці ў фондах архіва.
Васіль Вітка быў адкрытым чалавекам. Сведчанне таго — вялікая колькасць эпіграм, якія ён пісаў сваім калегам — дзеячам культуры. Напрыклад, у адной з іх ён абыгрываў свой псеўданім: «Прачытай мяне наадварот і даведаешся, хто ёсць Вітка». Вельмі шмат ён пісаў Пімену Панчанку. На адным з выданняў захаваўся подпіс, яму адрасаваны: «З любоўю да жыватворнага сонечнага таленту».
Цікавым было сяброўства аўтара з Янкам Брылём: паводле слоў экспертаў, яны былі вельмі падобныя паміж сабой, мелі адкрыты погляд на свет і маглі сказаць адзін аднаму пару вострых слоў, паспрабаваць укалоць пры сустрэчы. Адна з кніг Васіля Віткі 1977 года «Дзеці і мы» змяшчае надпіс для Янкі Брыля: «Не судзі мяне, мой строгі брат, за дзяцей, прыдбаных на старасці».