Top.Mail.Ru
100

Энергасістэма адпрацавала ўстойліва

Такая выснова па выніках работы за 2025-ы прагучала на пасяджэнні Савета «Белэнерга», які прайшоў днямі з удзелам міністра энергетыкі Дзяніса Мароза.

У прыватнасці, былі агучаны асноўныя лічбы па галіне: выпрацавана 43,070 мільёна кВт·г электраэнергіі, адпушчана спажыўцам 34,386 мільёна Гкал цеплавой энергіі. Энергасістэма адпрацавала ўстойліва.

Як паведамілі ў прэс-службе Мінэнерга, у параўнанні з 2024 годам зніжана колькасць няспраўнасцяў абсталявання, рамонтная кампанія праведзена ў поўным аб’ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны. Адрамантавана і рэканструявана 301,1 км цеплавых сетак (105 % плана). Выкананы капітальны рамонт больш за 20,9 тысячы км ліній электраперадачы ўсіх класаў напружання. Пасля рэканструкцыі ўведзены ў эксплуатацыю 7 падстанцый (220 і 110 кВ). Расчыстка прасек ВЛ 10-750 кВ ад драўняна-хмызняковай расліннасці выканана на плошчы 19 116,51 гектара.

Выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі на 10,08 мільёна долараў (141,2 % да задання).

Заданні па здачы чорных і каляровых металаў выкананы ў поўным аб’ёме.

Што датычыцца перспектыў развіцця, у ліку прыярытэтаў — павышэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў; умацаванне энергетычнай самастойнасці; мадэрнізацыя генерыруючых магутнасцяў і сеткавай інфраструктуры; лічбавая трансфармацыя галіны.

У 2026 годзе запланаваны ўвод і рэканструкцыя шэрагу буйных падстанцый і ліній электраперадачы, у тым ліку аб’ектаў напружаннем 220 і 330 кВ.

Міністр энергетыкі падкрэсліў, што ў галіны ёсць усе неабходныя рэсурсы для вырашэння пастаўленых дзяржавай задач: фінансавыя, тэхналагічныя і кадравыя. Пры гэтым за кожным кіраўніцкім і вытворчым рашэннем стаіць адказнасць за жыццё і камфорт мільёнаў грамадзян краіны.

У тэму

На Савеце ДВА «Белпалівагаз» разгледзелі вынікі 2025-га і вызначылі прыярытэты работы ў 2026 годзе. 

У ліку ключавых дасягненняў мінулага года — бесперабойнае забеспячэнне спажыўцоў прыродным і звадкаваным газам: газіфікавана 42 населеныя пункты і больш за 15 тысяч кватэр; уведзена ў эксплуатацыю каля 862 км газаправодаў. Што датычыцца тарфяной прамысловасці, здабыта 1,8 мільёна тон торфу; выпушчана каля 800 тысяч тон паліўнай прадукцыі і 190 тысяч тон непаліўнай; 28 % прадукцыі непаліўнага прызначэння экспартавана. 

У частцы энергазберажэння і мадэрнізацыі сэканомлена 3,6 тысячы ўмоўных тон паліва (+1,1 тысячы да плана); заменена 151 тысяча адзінак састарэлага бытавога газавага абсталявання; праведзена абследаванне 7757 км падземных газаправодаў. 

Што датычыцца прыярытэтаў на 2026-ы, то выдзелена надзейнае забеспячэнне эканомікі і насельніцтва газам і тарфяной прадукцыяй; развіццё сістэм газазабеспячэння, газіфікацыі і мадэрнізацыя вытворчасці; укараненне энергазберагальных тэхналогій і павышэнне эфектыўнасці, засваенне новых відаў прадукцыі і развіццё экспартнага патэнцыялу і іншыя. 

Міністр энергетыкі Дзяніс Мароз адзначыў, што ДВА «Белпалівагаз» — гэта выбудаваная і самадастатковая сістэма, якая валодае ўласным прамысловым, будаўнічым, праектным і адукацыйным патэнцыялам, што забяспечвае ўстойлівасць аб’яднання нават у няпростых знешніх умовах. 

Ён падкрэсліў, што ўстойлівасць не павінна прыводзіць да самазаспакоенасці: 

— Галіна працуе ва ўмовах, якія патрабуюць высокай кіраўніцкай сабранасці і аператыўнасці. Ад эфектыўнасці нашай работы напрамую залежаць устойлівасць эканомікі і энергетычная бяспека дзяржавы.
Асобны акцэнт быў зроблены на пераемнасці пакаленняў — развіцці ўзаемадзеяння Савета старэйшын і маладзёжнага савета як асновы ўстойлівай 
кадравай будучыні галіны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю